На Віцебскім VІ Міжнародным эканамічным форуме «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» дзелавыя людзі, навукоўцы, эколагі з больш чым 10 краін абмяркоўвалі планы і падпісвалі дагаворы. А галоўнае — дэманстравалі канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва.
Падтрымка гарантуецца
Перад пачаткам бізнес-мерапрыемства адбылася прэзентацыя завода групы кампаній Modern-Expo па вырабе гандлёвага абсталявання. Сярод яе кліентаў Nestle, MacDonalds, PepsіCo, Brіtіsh Amerіcan Tobacco, Mars, Henkel і іншыя транснацыянальныя кампаніі. А пачыналася ўсё ў 1993 годзе са стартапу ў польскім гарадку Люблін. Працягнулася ва Украіне...
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы Конрад Паўлік, падкрэсліў, што праект у Віцебску рэалізуецца на высокім узроўні, а магчымасці супрацоўніцтва дзвюх краін вялікія. Пасольства актыўна спрыяе пашырэнню эканамічных сувязяў і наладжванню дзелавых кантактаў.
Паводле слоў кіраўніка згаданага вышэй холдынга Пятра Піліпюка, у Беларусі самыя прывабныя ва Усходняй Еўропе ўмовы для інвестыцый. Камерцыйны поспех гарантуе і тое, што наша краіна — член ЕАЭС. На вялікай тэрыторыі Мытнага саюза можна без праблем пастаўляць заказчыкам неабходнае ім абсталяванне. Прадукцыю з Беларусі чакаюць і ў ЕС. Больш як 200 гараджан ужо атрымалі прэстыжную працу з добрай аплатай. А пасля запуску другой чаргі вытворчасці будуць створаныя новыя працоўныя месцы.
Завод — рэзідэнт Свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Ён размясціўся ў памяшканнях буйнога прадпрыемства, плошчы якога доўгі час не выкарыстоўваліся. Такім чынам, маёмасць цяпер задзейнічана і прыносіць карысць.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, вітаючы ўдзельнікаў бізнес-форуму, падкрэсліў, што інвестары не пашкадуюць, што ўклалі грошы ў гэты рэгіён. Мясцовыя ўлады гатовы забяспечыць узаемадзеянне з рэспубліканскімі органамі ўлады. Падтрымка гарантуецца не толькі на этапе будаўніцтва, але і пры далейшай эксплуатацыі прадпрыемстваў, аздараўленчых комплексаў, аб'ектаў сэрвісу і паслуг. У аснове трываласці ўкладанняў — працавітасць, добрасумленнасць беларусаў. Мы — надзейныя партнёры.
Арыентацыя на інавацыю
Толькі Modern-Expo інвеставала ў Віцебшчыну парадку 8 мільёнаў долараў. А ўсяго на сёння ў Прыдзвінскім краі рэалізуецца больш за 180 інвестыцыйных дагавораў на суму каля 1,2 мільярда ўмоўных адзінак. У прыватнасці, чэхі зацікавіліся перапрацоўкай торфу. Літоўцы, славакі і індыйцы арганізавалі вытворчасць лекавых сродкаў.
Мясцовая ўлада прапануе інвестарам для будаўніцтва велізарную колькасць зямельных участкаў. Ёсць магчымасць па сімвалічнай цане набыць будынкі. Многае робіцца, каб паэтапна суправаджаць кожны праект. Аблвыканкам абяцае ўзаемадзеянне з усімі службамі для мінімізацыі камерцыйнай рызыкі і садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў, звязаных з будаўніцтвам. Рэгіянальныя ўлады арыентуюць прадпрыемствы на інавацыйны шлях развіцця, пошук сучасных тэхналагічных рашэнняў.
Вытворцам Віцебшчыны таксама ёсць што прапанаваць інвестарам. На прадпрыемстве «Віцязь» засвоілі выраб зарадных станцый для электрааўтамабіляў. Намеснік галоўнага канструктара Дзмітрый Харын запэўніў, што аналагаў у Беларусі пакуль не вырабляе ніхто. Каля «Віцязя» ўжо можна запраўляць кілаватамі «колы». Кошт устаноўкі значна ніжэйшы, чым у замежных канкурэнтаў. Цяпер неабходна знайсці аператара — па аналогіі з кампаніямі мабільнай сувязі. Такі партнёр павінен спланаваць, дзе неабходна ўсталяваць станцыі, зрабіць гэта і эксплуатаваць іх. І хоць у Беларусі экалагічных аўто пакуль мала, за імі — будучыня. У планах «Віцязя» — экспарт станцый у Расію і іншыя краіны.
Сёлета на форуме ўпершыню былі прэзентаваныя сельскагаспадарчыя холдынгі Віцебшчыны. Гэтыя інтэграваныя структуры працуюць па схеме «ад поля да прылаўка». Яны прыцягнулі інвестараў з Кітая, якія гатовы прафінансаваць будаўніцтва малочнатаварных фермаў. Бізнесмены са Славакіі зацікавіліся стварэннем фермаў па вырошчванні кароў мясных парод і комплексаў авечкагадоўлі.
Ваду зямля падагравае
Таксама падчас эканамічнага форуму першы раз адначасова праводзіўся XІV Рэспубліканскі экалагічны форум. На ім былі прадстаўленыя айчынныя дасягненні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, тэхналогія па выкарыстанні падземных геатэрмальных крыніц для ацяплення будынкаў. Такія ўстаноўкі ўжо функцыянуюць на памежных пераходах, у Брэсце — на прадпрыемстве па перапрацоўцы агародніны. Набыўшы абсталяванне за 20 тысяч долараў, можна дзясяткі гадоў не плаціць за электраэнергію, падагрэў вады. А ў спякоту сістэма працуе як кандыцыянер.
Зацікаўленым расказалі і пра ўчасткі для здабычы мінеральнай вады і разліву яе на продаж. Там можна пабудаваць спа-цэнтры і санаторыі.
Удзельнікам форуму паказалі, як будуецца Віцебская гідраэлектрастанцыя, самая магутная сярод аналагаў. Вялікі інтарэс выклікалі праекты па выкарыстанні адходаў абутковай і іншай вытворчасці. Далёка за межамі краіны высока цэняць беларускае адзенне, бялізну з натуральных тканін, асабліва з лёну. Таму іх вытворчасць і экспарт вельмі выгадныя. Інвестараў таксама цікавіць магчымасць перапрацоўваць беларускія карысныя травы, ягады, грыбы...
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/inavacyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/investycyi