У звыкла кансерватыўным «Полымі» [2] так нязвыкла глядзяцца апавяданні Маргарыты Латышкевіч, што на іх немагчыма не звярнуць увагу хаця б праз гэты кантраст. Змешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей («Два літры мора», «Доктар Ціханава», «Пачатак восені») і пра дарослых («Званіў», «Раман з наёмнікам»).
Іронія, досціп на мяжы з сур’ёзным унутраным перажываннем — адметнасць стылю М. Латышкевіч. Менавіта на такой хвалі — ад іроніі да трагедыі — «дзіцячыя» апавяданні пераходзяць у «дарослыя». Сюжэт закручваецца вакол адной трапна заўважанай псіхалагічнай дэталі: часам гэта тое, што ляжыць на паверхні, але што не кожны здольны ўбачыць; часам — будучыня, якая толькі ледзь улоўнымі рухамі, ледзь чутнымі словамі дае аўтару магчымасць яе прадбачыць. Такое апавяданне «Пачатак восені», у якім гераіня, назіраючы за «свежанькімі» першакласнікамі, «праектуе» іх дарослыя жыцці.
Апавяданне «Раман з наёмнікам» вылучаецца сярод астатніх: тут М. Латышкевіч не стварае псіхалагічны партрэт праз адметныя дэталі, але толькі перадае размову рэдактара з чалавекам, які лічыць сябе таленавітым пісьменнікам. Змест дыялогаў не патрабуе дадатковых каментарыяў, а тэма твора як мага лепей ілюструе стан сучаснай беларускай літаратуры. Не ў тым сэнсе, што да рэдактараў звяртаюцца толькі графаманы, якія праз сваю наіўнасць сапраўды ўважаюць сябе за мастакоў слова. Сюжэт «Рамана з наёмнікам» будзе цікавы і зразумелы толькі тым, хто мае дачыненне да літаратурнага асяроддзя, а сітуацыя, калі чытаюць творы сучаснай літаратуры па большай частцы менавіта тыя, хто і сам іх стварае, — паказальная для характарыстыкі цяперашняга стану культуры. У апавяданні таксама багата гумару, досціпаў, іроніі, але чым даўжэй працягваецца гутарка гераіні з Лёнькам, які напісаў раман пра іншапланетнага змагара з усясветным злом Анхелья («Тут жа ў мяне іншая планета, не Зямля! Тут жа прынцэса! І ў іх меч! І наёмнік, карацей, яе ратуе, а пасля яна пачынае ў яго… гэта самае… ), тым часцей іронія саступае месца сарказму. Зрэшты, праблема ў творы агучваецца сур’ёзная: Лёнька, вядома, не пісьменнік, але паколькі не знайшлося смелага чалавека, які б яму гэта растлумачыў, ён піша раманы і носіць іх па рэдакцыях часопісаў і выдавецтвах, бо шчыра перакананы, што «тэма не збітая, героі арыгінальныя» і «такога раману ў нас тут яшчэ не было», а паколькі працаваў ён над творам «па дзве гадзіны на дзень», то ні рэдактар, ні карэктар не патрэбныя. Дык хто больш вінаваты перад айчынным прыгожым пісьменствам: Лёнька, наіўны ў сваёй бездапаможнай бяздарнасці, ці рэдактар, які ўсё бачыць, усё разумее, ды баіцца пакрыўдзіць знаёмага чалавека?
Маргарыта Латышкевіч у кожным апавяданні найперш псіхолаг. Прапанаваныя ў майскім «Полымі» творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псіхалогіі. І гэтага пакуль больш, чым уласна мастацкага. У добрым псіхалагічным грунце ёсць трывалае мастацкае зерне, і хочацца спадзявацца, што справа чытача — толькі дачакацца ўраджаю.
Жана КАПУСТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zhanna-kapusta
[2] http://zviazda.by/be/edition/polymya
[3] https://zviazda.by/be/tags/krytyka