Гэта першая ўзнагарода беларусаў на сусветным першынстве па плаванні ў Венгрыі. У фінальным заплыве на дыстанцыі 50 м на спіне Герасіменя, паўтарыўшы рэкорд Еўропы, фінішавала трэцяй з вынікам 27,23 секунды. «Золата» ў гэтай дысцыпліне ў бразільянкі Эцьен Медэйрас (27,14 сек.), «серабро» ўзяла кітайская спартсменка Юань Хуэй Фу (27,15 сек.).
— Шмат хто казаў: што ж табе не жывецца спакойна пасля Алімпіяды! Але я адчувала, што порах яшчэ застаўся, тым больш на гэтай дыстанцыі сябе не да канца рэалізавала. Хацела паспрабаваць гэта зрабіць, тым больш, што на Алімпійскіх гульнях дыстанцыі 50 м на спіне няма. Хацела завяршыць усё прыгожа, медаль чэмпіянату свету — гэта нядрэнна, але заўсёды складана сказаць, ці з'яўляецца гэты турнір для цябе апошнім, — адзначыла Аляксандра. — З аднаго боку, я хацела б заняцца сям'ёй і асабістым жыццём, як і казала раней, з другога — можна сумясціць гэта з кар'ерай. Калі буду адчуваць, што сілы ёсць, змагу працягнуць. Калі адчую, што неканкурэнтаздольная, то не буду мучыць сябе.
Цяперашні бронзавы медаль — трэцяя ўзнагарода чэмпіянатаў свету для Аляксандры Герасімені. Раней у 2007 годзе ў Мельбурне яна заваявала «серабро» на 50 м на спіне, у 2011 годзе ў Шанхаі выйграла «золата» на 100 м вольным стылем. На Алімпіядах спартсменка тройчы ўздымалася на п'едэстал — у яе актыве два сярэбраныя медалі Лондана-2012 (100 м і 50 м вольным стылем), а таксама «бронза» Рыа-дэ-Жанейра-2016 (50 м вольным стылем).
Спаборніцтвы ў Будапешце будуць доўжыцца да 30 ліпеня.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/plavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-gerasimenya