Міністэрства замежных спраў са шкадаваннем успрыняло паведамленне аб тым, што пасольства ЗША ў Расіі спыніла прыём дакументаў на афармленне віз для грамадзян Беларусі. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня».
«Спадзяёмся, што, прыняўшы сённяшняе рашэнне, амерыканскі бок знойдзе магчымасць пашырыць работу консульскага аддзела свайго пасольства ў Мінску, — адзначыў Дзмітрый Мірончык. — Упэўненыя, што атрыманне грамадзянамі Беларусі магчымасці афармляць візы ў ЗША без выезду ў сумежныя краіны садзейнічала б пашырэнню міжасобасных кантактаў, а таксама развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Міністэрства замежных спраў таксама заклапочана тым, што «адносіны паміж Расійскай Федэрацыяй і Злучанымі Штатамі працягваюць ускладняцца і гэта ўжо негатыўна адбіваецца непасрэдна на простых беларусах». «Кіруючыся ў першую чаргу інтарэсамі Беларусі і яе грамадзян, выказваем надзею на хуткую нармалізацыю расійска-амерыканскіх адносін, якая, мы ўпэўненыя, пазітыўна адбілася б на сітуацыі ў свеце ў цэлым», — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mironchyk-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/mzs