Кіраўнік нашай дзяржавы двойчы наведваў гэту краіну: у чэрвені 1998-га і ў студзені бягучага года. Асабліва плённым атрымаўся апошні візіт — двухбаковыя стасункі істотна актывізаваліся. Так, сёлета Егіпет наведалі беларускія міністры прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нашай краіны. Беларусь наведалі міністр гандлю і прамысловасці, міністр транспарту, дзяржаўны міністр ваеннай прамысловасці Егіпта. Учора ў Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Егіпта Самеха Хасана Шукры.
— Я вельмі добра памятаю апошнія перагаворы ў Каіры з маім калегам, з найвышэйшымі службовымі асобамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта быў вельмі добры і, як я спадзяюся, вельмі паспяховы візіт. Мы тады пра многае дамовіліся з Прэзідэнтам Егіпта. Ваш візіт вельмі важны і значны, таму што ён дазваляе не забываць пра нашы дамоўленасці. Візіты высокага ўзроўню членаў урада — ці беларускіх у Егіпет, ці егіпецкіх у Беларусь — многа значаць у плане рэалізацыі дамоўленасцяў, якіх мы дасягнулі тады ў студзені падчас перагавораў.
Беларусь і Егіпет могуць быць карысныя адно для аднаго. Так, нашы прадпрыемствы могуць рэалізаваць у гэтай паўночнаафрыканскай краіне праекты, скіраваныя на развіццё яе эканомікі.
— Мне падалося, што Беларусь будзе дастаткова запатрабавана ў эканамічным росце, у развіцці Егіпта, — заўважыў беларускі лідар. — Яшчэ раз хачу пацвердзіць: мы зробім усё, пра што дамаўляліся. Усё будзе залежаць ад вас, егіпцян: наколькі хутка мы можам развярнуцца.
Самех Хасан Шукры — першы міністр замежных спраў Егіпта, які наведвае Беларусь. Ён прызнаўся, што для яго гэта вялікі гонар і прывілея. Трэба сказаць, што візіт егіпецкага дыпламата разглядаецца ў тым ліку і ў якасці падрыхтоўчага этапу для правядзення афіцыйнага візіту Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха Ас-Сісі ў нашу дзяржаву.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:yushkevich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/egipet-0