У грамадскае аб'яднанне абароны жывёл «Эгіда» патэлефанавалі прадстаўнікі сталічнага прадпрыемства і папрасілі аб дапамозе: на іх тэрыторыі за кароткі час распладзілася 50 сабак, а пачыналася ўсё з дзвюх аўчарак-вартаўнікоў. На шчасце, усе сабакі засталіся жывыя, для некаторых зоаабаронцы знайшлі новых гаспадароў нават у Швецыі. Але лёс «лішніх» жывёл не заўсёды ласкавы да іх.
Няма бадзяжных сабак у пятым пакаленні
У трэцюю суботу жніўня адзначаўся Сусветны дзень бяздомных жывёл. Гэта зусім не святочная дата стала нагодай для правядзення ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sрutnіk Беларусь тэлемоста паміж Мінскам, Бішкекам, Астаной і Кіевам, на які запрасілі людзей, неабыякавых да лёсу братоў нашых меншых.
Зоаабаронцы расказалі, што робіцца ў іх краінах для таго, каб на вуліцах станавілася як мага менш кінутых жывёл. Ва ўсіх краінах, як аказалася, папуляцыя бяздомных жывёл папаўняецца за кошт свойскіх. Людзям не хапае культуры ўтрымання сваіх гадаванцаў, таму ўладальніцкая жывёла не стэрылізаваная па розных прычынах і нярэдка выгульваецца без ланцужка, а часцей і без гаспадара.
«Няма бадзяжных сабак, якія ў пятым пакаленні здзічэлыя. У нас бадзяюцца тыя, за якімі не глядзяць уладальнікі», — адзначыла кіраўнік грамадскага аб'яднання па абароне жывёл «Инукобо» Лілія Сарсенава (Казахстан).
Па назіраннях абаронцаў жывёл, сярэдні тэрмін жыцця бяздомнага сабакі — адзін год. Ва ўсялякім выпадку ў сеткі службы адлову вельмі рэдка трапляліся сабакі ад 3 гадоў і старэйшыя.
Каб ад свойскіх не пладзіліся бяздомныя
У Бішкеку, па звестках зоаабаронцаў, налічваецца да 30 тысяч бяздомных жывёл. Першарадна гэтую праблему цяпер вырашаюць у сталіцы, затым пераключацца на рэгіёны. Па словах сузаснавальніка Агульнага фонду «Права на жыццё бяздомным жывёлам» Алы Кабцовай, нядаўна ў сталіцы Кыргызстана прайшла эксперыментальная акцыя па стэрылізацыі жывёл, якія маюць гаспадароў, з мэтай скараціць пагалоўе бяздомных. У Бішкеку ў год адстрэльваюць 10—15 тысяч галоў бадзяжных жывёл, але пасля гэтага на вуліцах не становіцца менш катоў і сабак: аднаго забітага замяняе пяць нованароджаных.
Галоўны ўрач Бішкекскай ветэрынарнай клінікі Палад Сулейманаў адзначыў: «Адстрэл — найбольш жорсткая частка барацьбы з бяздомнымі жывёламі. Да нас у клініку нярэдка прыносяць цяжка параненых жывёл, якіх ужо немагчыма выратаваць. Што датычыцца стэрылізацыі, то ў сілу менталітэту людзі не гатовыя плаціць грошы за гэтую працэдуру».
Падоўжыць ім жыццё
У Астане праграмы грамадскага аб'яднання па абароне жывёл «Инукобо» закранаюць прававыя пытанні, работу з насельніцтвам і акцыі па стэрылізацыі. У сталіцы Казахстана выдзелены сродкі на стэрылізацыю 6 тысяч галоў бяздомных жывёл. Праз акімат (аналаг гарвыканкама) прайшла акцыя па стэрылізацыі жывёл малазабяспечаных уладальнікаў. У 2018 годзе пачнецца будаўніцтва дзяржаўнага прытулку на 1500 сабак і 700 катоў. Па словах кіраўніка «Инукобо» Ліліі Сарсенавай, усе гэтыя ініцыятывы працуюць не так даўно. А пачалося ўсё з літары закону. У прыватнасці, у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам да бяздомнай жывёлы прымяняюцца агульныя нормы як да нічыйнай маёмасці. І гэта падоўжыла жыццё такіх жывёл на два месяцы! На працягу гэтага часу ажыццяўляецца пошук уладальніка, а потым можна перадаць жывёлу новаму гаспадару. Між тым раней у Астане час ад адлову да эўтаназіі складаў трое сутак.
У перспектыве ў Астане плануюць бадзяжных жывёл стэрылізаваць, пры неабходнасці пажыццёва ўтрымліваць у прытулку і толькі безнадзейна хворых усыпляць. Вядома, што такія крокі робяцца са згоды і пры падтрымцы акімата.
Лілія Сарсенава расказала пра цікавы вопыт: валанцёры прымалі званкі ад гараджан у службе адлову жывёл. «Людзі з задавальненнем «здаюць» і сваіх, і чужых жывёл», — рэзюмавалі валанцёры. Гэты эксперымент дазволіў валанцёрам убачыць праблему бяздомных жывёл з іншага боку і зрабіць выснову, што трэба шмат працаваць у кірунку змены светапогляду людзей.
Абарона патрэбна не толькі кошкам і сабакам
У Кіеве праблемамі бяздомных сабак зоаабаронцы займаюцца больш за 20 гадоў. За гэты час яны прайшлі шлях ад наіўнага ўспрымання праблемы да разумення, што вырашыць яе можна толькі комплекснымі мерамі. У Кіеве ёсць дзяржаўныя і прыватныя прытулкі для бяздомных жывёл. Па інфармацыі прэзідэнта Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Украіны Асі Сярпінскай, у Кіеве налічваецца дзве тысячы бяздомных жывёл.
У 2013 годзе Украіна ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па абароне свойскіх жывёл. Цяпер у Вярхоўнай радзе на разглядзе знаходзіцца закон па абароне свойскіх жывёл, у адпаведнасці з якім узмоцніцца пакаранне за іх выкідванне на вуліцу. Рашэнне праблемы бадзяжных жывёл у Кіеве бачаць у наступнай формуле: рэгістрацыя гадаванца, чыпаванне, стэрылізацыя. «Я змагаюся не за тое, каб жывёлы мелі права жыць на вуліцы, а за права жыць у людзей», — рэзюмавала Ася Сярпінская.
На думку ўдзельнікаў тэлемоста, Украіна далёка наперадзе ўсіх па ўладкаванні бяздомных жывёл. Між тым Ася Сярпінская з болем гаварыла пра тое, што ў Кіеве ёсць рух догхантараў, і, на жаль, толькі адзінак з іх атрымліваецца прыцягнуць да адказнасці.
Дырэктар Кіеўскага эколага-культурнага цэнтра Уладзімір Барэйка нагадаў, што ў Англіі закон пра жывёл быў прыняты ў 1822 годзе. У СССР падобнага закона не было. У 2006 годзе Украіна стала другой пасля Латвіі постсавецкай краінай, у якой прыняты закон пра жывёл.
Гаворачы аб абароне жывёл, мы часцей за ўсё маем на ўвазе бяздомных катоў і сабак. Аднак, на думку Уладзіміра Барэйкі, у абароне маюць патрэбу і сельскагаспадарчыя, і дзікія жывёлы. Украінскія зоаабаронцы лічаць неабходным забараніць выкарыстанне жывёл у цырку і іншых забаўляльных установах. Ва Украіне з 2004 года забаронена веснавое паляванне, а ў 2010 годзе па ініцыятыве Кіеўскага эколага-культурнага цэнтра быў прыняты закон, які забараняе паляванне ў біясферных запаведніках, нацыянальных парках, рэгіянальных ландшафтных парках, а таксама ў ахоўных зонах прыродных запаведнікаў.
Дзяцей улюбёнцаў выкідваюць на вуліцу
Адзіным метадам рэгулявання колькасці бадзяжных жывёл у Беларусі з'яўляецца адлоў і адстрэл. Па звестках Міністэрства ЖКГ, штогод падвяргаюцца адстрэлу і эўтаназіі каля 70 тысяч жывёл, у гэтую страшную статыстыку не ўваходзяць жывёлы, адстраляныя іншымі службамі.
За 10 гадоў існавання грамадскага аб'яднання абароны жывёл «Эгіда» валанцёры і чыноўнікі не змаглі прыйсці да згоды па пытаннях законапраекта аб абароне жывёл. Першыя разглядаюць дакумент як рэгламент абароны жывёл, другія — як рычаг па абмежаванні іх утрымання. Тым не менш цяпер законапраект аб абыходжанні з жывёламі знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Старшыня грамадскага аб'яднання абароны жывёл «Эгіда» Вераніка Ханцэвіч адзначыла, што насельніцтва недастаткова ведае аб стэрылізацыі і кастрацыі жывёл. Часам уладальнікі жывёл кажуць, што «для здароўя» кошцы або сабачку неабходна адчуць сябе маці. Таксама сустракаюцца і ветэрынары, якія актыўна падтрымліваюць гэтую ідэю. Аднак чамусьці такім «чулым» людзям нішто не перашкаджае выкінуць дзяцей улюбёнкі на вуліцу.
Шмат хто адмаўляецца ад стэрылізацыі жывёл па рэлігійных меркаваннях. На гарадскім узроўні ў Мінску не праводзіліся акцыі па стэрылізацыі жывёл, аднак валанцёраў падтрымліваюць як прыватныя, так і дзяржаўныя ветклінікі і робяць скідкі пры правядзенні стэрылізацыі падапечных абаронцаў жывёл.
Як адзначыла Вераніка Ханцэвіч, у нашай краіне не рэгламентавана дзейнасць заводчыкаў. Таму часам пад выглядам пародзістага шчанюка прадаецца паўкроўка. У выніку падросшая жывёла не апраўдвае надзей гаспадара, і ён яе проста выкідвае на вуліцу.
Прадпрыемства «Фаўна горада» функцыянуе з 2004 года. Яно ажыццяўляе адлоў безнаглядных жывёл па папярэдніх заяўках ЖЭСаў і іншых арганізацый. Для работнікаў гэтага прадпрыемства кожны безнаглядны сабака або кошка з'яўляецца бяздомным і падлягае адлову. Калі хто-небудзь думае, што ашыйнік — гэта маркер уладальніцкай жывёлы, то памыляецца. У гаспадароў ёсць пяць дзён, каб забраць свайго гадаванца з «Фаўны горада». У вальерах гэтага прадпрыемства больш за пяць дзён жывёлы не ўтрымліваюцца, затым іх усыпляюць. Па словах Веранікі Ханцэвіч, беларускія зоаабаронцы дамагаюцца, каб бяздомныя сабакі прайшлі працэдуру стэрылізацыі і чыпавання. Яна адзначыла, што ў неафіцыйных прытулках сабакі і каты жывуць да смерці. Вядома, ім імкнуцца знайсці адказных гаспадароў. І такія людзі знаходзяцца, шанц здабыць свой дом ёсць нават у жывёл-інвалідаў, калі калецтва не прычыняе ім пакут.
Адкуль «прыйшло» шаленства?
На мінулым тыдні ў Віцебску кошка памерла ад шаленства. Па словах уладальніцы жывёлы, кошка ніколі не была на вуліцы, таму не магла заразіцца шаленствам. Але таксама вядома, што ў жывёлы не было ветпашпарта, што звычайна азначае: ёй не рабілі прышчэпкі супраць розных хвароб. Незвычайны выпадак мы папрасілі пракаментаваць вядучага ветэрынарнага ўрача аддзела вірусалогіі Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Валянціну Шамрай.
— Такое немагчыма, каб кошка ніколі не была на вуліцы. У рэшце рэшт, аднекуль жа яна з'явілася ў кватэры. Каб высветліць, пры якіх абставінах жывёла захварэла, трэба ведаць, адкуль яе ўзялі і ў якім узросце, — тлумачыць Валянціна Мікалаеўна. — Мяркую, што кошка, па-першае, была на вуліцы, па-другое, яна магла кантактаваць з хворымі жывёламі. Магчыма, уладальніца забылася, што, напрыклад, прыходзіла да яе ў госці сяброўка з сабакам. Тэарэтычна кошка магла заразіцца ад мышэй, але яны рэдка хварэюць. Таксама, як у нас кажуць, хваробу можна было прынесці на нагах, то-бок гаспадыня была ў лесе і прайшлася па слядах хворай жывёлы. Кошцы дастаткова пацерціся каля таго абутку.
Магу даць параду: абавязкова кожны год рабіце гадаванцу прышчэпку ад шаленства, і ўсё з ім будзе добра.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:уаnоvskауа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony
[6] https://zviazda.by/be/tags/shalenstva