Зусім нядаўна ўнікальны экалагічны канструктар з'явіўся на паліцах беларускіх крамаў. Зроблена цацка з трывалага кардону. Сабраць яе можна з дапамогай інструкцыі прыблізна за дзве гадзіны. Без клею і нажніц. У камплекце, акрамя дэталяў замка, яшчэ і чатыры фігуркі гістарычных асоб таго часу.
— Я выбірала ўсіх чалавечкаў, — кажа пры сустрэчы васьмігадовая Адэля Бахун. — Вось гэта Бронны баярын, побач Камандыр, Панна ды Крылаты гусар. З імі дзеткі могуць гуляць у двары кардоннага замка (паказвае).
— Адэлька вельмі любіць персанажаў розных гістарычных эпох, — удакладняе Сяргей Бахун, тата Адэлі, — таму мы ёй пастаянна купляем разнастайныя фігуркі з іх выявамі. У дачушкі гэтых чалавечкаў ажно тры скрыні. Яна ўсіх іх ведае.
— А яшчэ я люблю збіраць розныя канструктары, пазлы.
— Прынамсі, з гэтага яе захаплення ўсё і пачалося. Аднойчы Адэлька папрасіла пазл з якім-небудзь беларускім замкам. Абышлі ўсе дзіцячыя крамы. Там бачылі ўсё што можна — Эйфелеву вежу, Крэмль, Статую Свабоды. Але так і не знайшлі ніводнага канструктара, прысвечанага нашай гісторыі. На выхадныя паехалі з Адэлькай у Брэст праведаць бабулю. Расказалі ёй за гарбаткай пра сваё гора. А яна і кажа: «Не знайшлі, дык давайце зробім самі». Тым больш досвед у нас ужо быў: некалькі гадоў таму мы распачалі невялічкую сямейную справу [4] (Тамара Бахун пасля выхаду на пенсію пры дапамозе сына пачала выпускаць крэатыўныя паштоўкі на беларускай мове. — Аўт.) Рабілі канструктар у першую чаргу для дзетак, таму ва ўсім раіліся з Адэлькай.
— У Беларусі столькі выдатных гістарычных будынкаў. Чаму спынілі выбар менавіта на Мірскім замку?
— Мы апыталі знаёмых. Аказалася, што гэта самая пазнавальная беларуская архітэктурная каштоўнасць. Перад тым як рабіць канструктар, паехалі ў Мір і папрасілі дазволу на выкарыстанне копіі замка. Там нашай ідэі вельмі ўзрадаваліся. І нават прапанавалі заключыць дагавор, каб мець магчымасць прадаваць нашы пазлы ў сваёй сувенірнай лаўцы. Разам з тым, на жаль, далёка не кожны беларус быў у Міры. А вось складуць дома мадэль замка і, спадзяюся, захочуць убачыць яго ў рэальнасці. Збяруцца ў выхадны дзень і паедуць у Мір усёй сям'ёй. Праблема ж у тым, што дзеці цяпер сядзяць у сваіх камп'ютарах, бацькі — у сваіх. Гэта шкодзіць сямейным стасункам... Сёлета я ўпершыню завёз Адэльку ў Мірскі замак. Першае, што яна сказала: «Ух ты! Ён такі вялікі!»
— Я нават відэа зняла там для Ютубу.
— У Адэлькі ёсць ідэя: яна хоча падарожнічаць па Беларусі і здымаць стрымы (прамыя трансляцыі на Ютубе).
— Каб іншыя дзеткі паглядзелі мае ролікі і таксама папрасілі сваіх бацькоў завезці іх у які-небудзь замак.
Над 3D-канструктарам Мірскага замка сям'я працавала каля двух гадоў.
— Стараліся зрабіць усё вельмі якасна. Каб захацелася і сабе набыць, і сябрам у іншую краіну ў якасці сувеніра даслаць. Хочацца верыць, што пасля таго, як замежнікі збяруць сваімі рукамі Мірскі замак з кардону, абавязкова натхняцца і прыедуць да нас у Беларусь, каб падзівіцца на гэты цуд архітэктуры.
Першы наклад з 1500 канструктараў сям'я Бахун выпусціла за ўласныя грошы. Калі цацкі будуць запатрабаваныя, плануюць «пабудаваць» з кардону і іншыя помнікі гісторыі.
— У нас ідэя стварыць макеты розных гістарычных будынкаў. Каб кожны змог дома сабраць сваю Беларусь у мініяцюры. Можа, нават адновім страчаныя архітэктурныя каштоўнасці — цэрквы, касцёлы, палацы.
— А якая архітэктурная славутасць з'явіцца наступнай, калі не сакрэт?
— У нас дыскусіі з гэтай нагоды. Ідэй вельмі шмат. Пакуль сышліся толькі на Нясвіжскім палацы. Адэлька ўжо спіць і бачыць, як яны з братам будуць падарожнічаць з Міра ў Нясвіж, рабіць рэканструкцыі...
— Тата мне расказаў легенду, што паміж Нясвіжскім палацам і Мірскім замкам быў падземны ход. Дык вось я падумала, што можна паставіць два кардонныя будынкі ў розных канцах пакоя і пад дываном пракласці тунэль.
— Малыя любяць фантазіраваць. Перакананы, што яны прыдумалі б і свае нейкія легенды. Хочацца, каб нашы дзеці ганарыліся тым, што яны беларусы. І ведалі сваю гісторыю. А для гэтага трэба, каб гульняў з беларускімі «каранямі» для іх было больш. Бо, не сакрэт, ад цацак, у якія гуляюць дзеці, у многім залежыць, якімі яны вырастуць.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] http://zviazda.by/be/news/20140306/1394139576-charounae-u-zvychaynym
[5] mailto:nadzіeja@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[7] https://zviazda.by/be/tags/mirski-zamak