...Некалькі дзяўчат распяваюцца пад вокнамі, а крыху старэйшая за іх «калега» ў яркім сцэнічным уборы робіць сэлфі на ганку, пакуль унутры гамоняць, выконваюць артыкуляцыйныя практыкаванні, чакаюць сваёй чаргі і неверагодна хвалююцца дзясяткі іншых прэтэндэнтаў. На чатыры дні ў пачатку верасня Беларуская акадэмія музыкі ператварылася ў экзаменацыйны цэнтр для адораных дзяцей і падлеткаў з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама іх бацькоў і педагогаў. Тут прадстаўнікі канала АНТ і запрошаныя эксперты праводзілі кастынгі юных вакалістаў, інструменталістаў, танцораў і артыстаў арыгінальнага жанру — будучых удзельнікаў тэлепраекта «Талент краіны—2». Журналісты «Звязды» пабывалі ў закуліссі адбору сёлетняга шоу.
І ў гіпсе, і цераз чорны ход
Сёлета свае таленты на суд адборачнага журы вынеслі каля 500 прэтэндэнтаў. Геаграфія ўражвае: Бабруйск, Мазыр, Гродна, Мінск, Магілёў, Старыя Дарогі, Жодзіна, Гомель...
Традыцыйна самая вялікая канкурэнцыя — сярод вакалістаў, якіх на кастынг сабралася некалькі соцень, прычым абсалютная большасць — дзяўчаты. Але духу барацьбы мы не адчулі, як ні стараліся — можа, гэта самі сцены Акадэміі музыкі настройвалі ўдзельнікаў на мірны і творчы, а не агрэсіўна-спаборніцкі лад? Вось у закутку хола дзяўчаты-падлеткі дапамагаюць адна адной прымацаваць да касцюма парадкавыя нумары, а вось пад самымі дзвярыма аўдыторыі, дзе засядае строгае журы, малеча наладзіла гульню ў «чы-чы-по» (адна з разнавіднасцяў «камень-нажніцы-папера»). Зрэшты, і журы аказалася не такім ужо строгім, у чым мы таксама пераканаліся, зазірнуўшы ў «судовыя залы». Практычна кожнага ўдзельніка суддзі — вядомыя артысты, кампазітары, выкладчыкі музыкі, тэлевізійныя прадзюсары — стараліся не толькі праслухаць, але і падбадзёрыць, разняволіць, разгаварыць.
— Што ў цябе з рукой? — здзівілася журы, убачыўшы 9-гадовую мінчанку Машу Мойсак з гіпсам.
— Каталася на веліку, і там камень раптам выскачыў, а я затармазіць не паспела, і вось так упала, цяпер у школу не хаджу, урач забараніў, каб не штурхнулі выпадкова і косці не зрушыліся! — на адным дыханні выпаліла дзяўчо.
— У школу не пайшла, а да нас змагла? — падкалолі дарослыя.
— Так! — не разгубілася малая. — Я яшчэ летась была на кастынгу разам з адным фокуснікам, ён мой сябар, і вельмі захацела сама паспрабаваць, так што сёння, можна сказаць, мой дэбют, — і гэтак жа, не збаўляючы абаротаў, Маша выдала жвавую песеньку, пад якую некаторыя суддзі нават пачалі прытанцоўваць.
Іншая мінская школьніца ўразіла прабіўной сілай: нягледзячы на тое, што дзяўчыне ўжо споўнілася 16 гадоў — і значыць, па ўмовах конкурсу яна не можа трапіць у праект, — прайшла на кастынг літаральна цераз чорны ход, каб выдаць рок. «Вельмі ўжо хацела да вас трапіць», — прызналася дзяўчына. — «Падрабляйце пашпарт», — напаўжартам параіў у адказ кампазітар Леанід Шырын. Сваю порцыю добрых слоў за імпэт, харызму і байцоўскі характар дзяўчына атрымала, а пуцёўку ў эфір — не: правілы ёсць правілы.
Вакалісты спрабавалі ўзяць хто чым: адны выбіралі эфектны сцэнічны вобраз, другія — цікавы рэпертуар, замахваючыся на кампазіцыі Адэль і Вольгі Кармухінай, урыўкі з аперэт і старыя савецкія хіты. Некалькі ўдзельнікаў, выпадкова ці наўмысна, выконвалі песні членаў журы — у прыватнасці, сёлетні «еўравізійны» хіт гурта Navіband. «Гэта вельмі нязвыкла — чуць сваю песню збоку, у іншым выкананні», — крыху збянтэжана прызналіся Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка, яшчэ не ведаючы, што за дзвярыма гарланяць звонкае «Хэй, хэй!» і іншыя кандыдаты...
«Сярод удзельнікаў-вакалістаў вельмі многа «народнікаў» і мала акадэмічнага вакалу, — адзначае кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжэліна Мікульская. — Вельмі цікава, што многія самыя маленькія артысты даюць фору старэйшым удзельнікам сваёй адкрытасцю, шчырасцю, упэўненасцю і разняволенасцю. А ў падлеткаў ужо ёсць паняцце фармату, яны прыпадабняюцца да папулярных артыстаў і не даюць разгледзець саміх сябе... Што яшчэ хочацца адзначыць — выбар рэпертуару. Часта на дзіцячых конкурсах ён адзін і той жа, нават праз дзесяць гадоў гучаць тыя самыя песні, многія з якіх сучасныя дзеці ўжо не разумеюць. І на гэтым фоне выразна бачна тых, хто свядома абраў музыку, хто плануе звязаць з гэтым жыццё, — у іх зусім іншы падыход, разуменне таго, якая вялікая праца наперадзе».
«Мне прыемна бачыць на кастынгу дзяцей з эмацыянальнай падачай і глыбокім разуменнем таго, што яны робяць, — дадае загадчык кафедры спеваў Акадэміі музыкі Таццяна Цыбульская. — Канешне, часцей за ўсё кандыдаты спяваюць «эстраду» — гэта больш папулярны, дэмакратычны, даступны кожнаму шлях, але і тут важна развіваць у сабе асобу, а не капіраваць іншых выканаўцаў. Нікому не патрэбны другія Селін Дзіон, Віктар Цой або Паліна Гагарына. Таму варта імкнуцца быць першым, самім сабой. І нават калі не пашчасціць прайсці цяперашні адбор, трэба не апускаць рукі, а ісці далей, шукаць сябе і верыць у сваю ўдачу — паверце, пры наяўнасці таленту любой велічыні гэта вельмі важны фактар».
Не музыкай адзінай
Няшмат было сярод сёлетніх кандыдатаў сольных танцораў. «У харэаграфічных гуртках і студыях дзеці ўсё больш займаюцца калектыўна, дабіваюцца зладжанасці рухаў, а гэта майстэрства педагога-харэографа. Нас жа больш цікавіць, як раскрываецца ў мастацтве танца асоба, індывідуальнасць саміх артыстаў, а з гэтым, як высвятляецца, існуе пэўная праблема», — падзяліліся назіраннямі арганізатары.
Ацэньваць творчасць, не маючы адпаведнай мастацкай адукацыі, вельмі цяжка — таму для нас, журналістаў, кандыдаты былі цудоўнымі ўсе без выключэння. Але некаторыя — яшчэ і асабліва кранальнымі, як «хрустальная дзяўчынка» Кіра Ламейка. У Кіры складаны дыягназ — недасканалы остэагенэз, або, прасцей кажучы, павышаная крохкасць касцей, з-за чаго неасцярожныя рухі могуць прывесці да пераломаў, таму яе выступленне стала ўзорам не столькі мастацтва, колькі жыццялюбства і сілы духу...
У трэці дзень адбору Акадэмію музыкі зноў запоўнілі ўсхваляваныя школьнікі — музыканты-інструменталісты з педагогамі і канцэртмайстрамі. У адных за плячыма — футаралы з акардэонамі, другія карыстаюцца «тутэйшымі» цымбаламі і фартэпіяна. «У маім дзяцінстве большасць чаргі складалася б з гітарыстаў, а сёння, здаецца, наогул ніводнага няма», — крыху сумна заўважае калега-тэлевізійнік. Мы таксама хлопчыкаў і дзяўчат з гітарамі не заўважылі — затое паслухалі разам з суддзямі шэраг класічных і джазавых, старадаўніх і сучасных твораў у выкананні гарманістаў, піяністаў, флейтыстаў, майстроў цымбалаў і мандаліны. Дарэчы, у гэтай намінацыі амаль не было выпадковых удзельнікаў — дзяцей, якія займаюцца музыкай па волі бацькоў. Музычны стаж большасці юных кандыдатаў прыемна ўразіў: у 10—15-гадовым узросце практычна ўсе яны вучацца ў музычных школах і асвойваюць любімыя інструменты па 6, 8, 9 гадоў. Зрэшты, як пацвердзіла ўласным прыкладам вучаніца гродзенскай спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Насця Гуранкова, нават калі конкурсны «паслужны спіс» і вопыт у цябе яшчэ маленькі, а любоў да музыкі — вялікая, добрыя вынікі не прымусяць сябе чакаць...
Безумоўна, адным з самых уражлівых і эмацыянальных стаў заключны дзень кастынгу, на які запрашаліся юныя дэкламатары, акцёры, комікі, фокуснікі, цыркавыя гімнасты ды іншыя прадстаўнікі арыгінальнага жанру. Тут нас таксама чакаў шэраг дзіўных адкрыццяў: напрыклад, адна школьніца нечакана выбрала для мастацкага чытання верш «Камсамольскі білет» Аркадзя Куляшова, а другі, маленькі хлопчык, чытаў вершы пра каханне — і так расчуліўся, што сам заплакаў...
Наогул, як адзначае рэктар Акадэміі музыкі, старшыня рады Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава, якая ўжо другі год уваходзіць у журы праекта, стаўленне юных артыстаў да конкурсу стала больш адказным: «Конкурс набірае абароты, значыць, ён будзе больш моцны і цікавы для гледачоў і больш сур'ёзны для саміх удзельнікаў — у кожнага з іх мусіць быць пэўны конкурсны вопыт, упэўненасць у сваіх сілах, а таксама павінна прысутнічаць харызма, адчувальная літаральна з першых імгненняў на сцэне. Асабіста мяне, прызнаюся, на фоне мноства «копій» з папулярнага мастацтва некаторыя ўдзельнікі парадавалі — гэта не толькі таленавітыя дзеці, але і неверагодна аптымістычныя, жывыя, яркія, якія, я ўпэўнена, добра сябе пакажуць».
Літаральна праз тыдзень 48 з амаль 500 прэтэндэнтаў атрымаюць «шчаслівыя білецікі» ў тэлепраект і прыступяць да рэпетыцый, а ўжо напачатку лістапада «Талент краіны—2» выйдзе ў эфір. Каму з яго ўдзельнікаў сёлета дастанецца тытул пераможцы і галоўны прыз — грант Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі? Сачыце за эфірам — і ўбачыце!
Даведка «Звязды»
Першы агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс «Талент краіны», зладжаны сумесна тэлеканалам АНТ, Спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, Міністэрствам культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, стартаваў летась. З некалькіх соцень кандыдатаў было адабрана 48 удзельнікаў у дзвюх узроставых групах: 5—10 і 11—15 гадоў, якія выступалі ў чатырох творчых намінацыях: вакальнае мастацтва, харэаграфія, інструментальнае мастацтва і арыгінальны жанр (уключаючы дэкламацыю, акцёрскае майстэрства, цыркавое мастацтва). Пераможцамі першага сезона сталі два юныя піяністы:
Сафія Курловіч з Салігорска і мінчанін Мікіта Шастакоў.Другі сезон праекта ладзіцца па падобнай схеме: 48 удзельнікаў і ўсяго 7 канцэртаў, каб найбольш ярка раскрыць свае здольнасці перад суддзямі і гледачамі. Абавязкова захаваецца ў «Таленце краіны—2» традыцыя выступлення ў кожным канцэрце спецыяльных гасцей — адораных дзяцей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/ant