Чэмпіянат краіны па міні-футболе ўжо стартаваў. А ў пачатку кастрычніка ў Мінску ўпершыню ў гісторыі пройдзе асноўны этап Кубка УЕФА, дзе разам з маскоўскім «Дынама», італьянскім «Пескара» і казахстанскім «Кайратам» згуляе беларуская «Сталіца». Незадоўга да гэтых сустрэч мы пагаварылі з Аляксандрам Чэрнікам. Капітан зборнай і «сталічнікаў» ацаніў старт свайго клуба ў гэтым сезоне, успомніў сваю легіянерскую кар'еру і расказаў пра першую акадэмію міні-футбола ў Беларусі, якая была створана па яго ініцыятыве.
— Аляксандр, раскажыце, як прайшла падрыхтоўка да цяперашняга сезона і непасрэдна пра яго старт?
— Задача трэнераў і гульцоў — набраць добрую форму да старту сезона, лічу, што мы з ёй справіліся, бо ў першых чатырох турах атрымалі перамогі ва ўсіх матчах, а гулялі, у тым ліку і з моцнымі сапернікамі. Кантрольныя матчы ў Маскве прайгралі, але там і сапернік быў прыстойны — КПРФ, моцная каманда расійскай Суперлігі. Вядома, як у чэмпіёна краіны, у нас вялікія амбіцыі і прайграваць нават і такому клубу было вельмі крыўдна.
— Але ж пазней прайгралі яшчэ і Суперкубак «Дарожніку».
— У Оршы прайгравалі саперніку 0:2, але праявілі характар і зраўнялі лік, саступілі толькі па пенальці. Не буду хаваць, непрыемна было аддаваць кубак, бо ў «Сталіцы» ў кожным турніры і матчы стаяць самыя высокія задачы.
— У клубе з'явіліся новыя гульцы, ці ўсе яны ўжо ўліліся ў калектыў?
— Я чатыры гады ў «Сталіцы», склад змяняецца кожны новы сезон. Заўсёды цяжка губляць тых хлопцаў, з якімі сыграліся за год, але такі лёс у кожнага спартсмена. Усе новыя хлопцы ўжо добра ўліліся ў каманду. З'явіўся новы бразілец — Марэна, браты-ўкраінцы. Марэна некалькі гадоў гуляў у Расіі, таму някепска размаўляе па-руску, ніякіх цяжкасцяў у яго не ўзнікла. Бразільцы, якія гулялі ў «Сталіцы» ў мінулым годзе, былі маладыя, першы раз прыехалі ў Еўропу і мелі вялікае жаданне праявіць сябе, што ў выніку і атрымалася. Марэна ўжо больш дасведчаны гулец, з пэўным узроўнем, думаю, кіраўніцтва клуба брала яго адмыслова пад Лігу чэмпіёнаў.
— Што скажаце пра сваіх сапернікаў па групе Лігі чэмпіёнаў?
— Пры ўсёй павазе і да сябе і да сапернікаў, улічваючы тую няпростую сітуацыю, якая склалася ў маскоўскім «Дынама» (клуб адчувае вялікія фінансавыя цяжкасці), з імі змагацца за перамогу будзе прасцей, чым з «Пескара» і «Кайратам». Гэта топавыя клубы, якія маюць у сваім складзе чэмпіёнаў свету і былых гульцоў «Барселоны», напрыклад. Супрацьстаяць ім будзе вельмі цяжка. Але гэта Ліга чэмпіёнаў, і праявіць сябе будзе старацца кожны. Думаю, пры поўных трыбунах вочы ў футбалістаў будуць гарэць, а з пляцоўкі ляцець іскры. З нашай групы далей выходзіць тры каманды, таму адна гульня можа стаць вырашальнай.
— У тым, што Мінск і «Сталіца» справяцца з арганізацыяй сумневаў няма?
— У гэтым я ўпэўнены. Матчы высокага ўзроўню нацыянальнай зборнай ужо праходзілі ў Мінску і водгукі мы атрымалі самыя станоўчыя. Прыязджалі партугальцы, чэхі, жылі ў цэнтры горада і былі вельмі ўражаныя. Так, мы яшчэ ніколі не прымалі Лігу чэмпіёнаў, але ведаючы колькі «Сталіца» робіць для папулярызацыі міні-футбола, як рыхтуецца да гэтага турніру, няма сумневаў у поспеху. Рэклама, розныя акцыі, прапановы па куплі квіткоў запушчаны ўжо даўно.
Хачу адзначыць, што наш клуб, ды і міні-футбол у цэлым, у краіне робяць вялікія крокі наперад.
У нас з'явілася першая акадэмія міні-футбола ў краіне, добры клубны сайт, новы палац, у якім мы гуляем, прымаем удзел у прэстыжных турнірах, у нас з'явіліся першыя бразільцы ў чэмпіянаце Беларусі — усё гэта прыцягвае цікавасць. Я вярнуўся з Расіі гадоў пяць назад і застаў яшчэ тыя жудасныя халодныя залы, а цяпер паглядзіце на пляцоўкі ў Магілёве, Оршы, Гомелі. Трэба аддаць належнае і нацыянальнай зборнай, заўсёды ўдзельнічае ў плэй-оф чэмпіянатаў свету і Еўропы, вядома, бываюць няўдачы, але яны не глабальныя.
— Тройчы вы прызнаваліся лепшым міні-футбалістам краіны, што значыць для вас гэтае званне?
— У футзале я 20 гадоў і свае лепшыя сезоны правёў у расійскім чэмпіянаце, калі дамагаўся з клубамі максімальных вынікаў, браў медалі. Тады не быў прызнаны лепшым, хоць быў на галаву мацнейшы за сябе сённяшняга.
— Якая перамога застанецца ў памяці назаўсёды?
— У маладосці яны ўсе былі ярчэйшыя, чым цяпер. Першая «бронза» чэмпіянату Расіі з камандай «Газпрам-Югра» стала вельмі важнай для мяне, а ў наступным сезоне мы ўзялі сярэбраныя медалі, і гэта таксама было вельмі каштоўна. Зараз разумею, што кожнае чэмпіёнства, медаль для мяне могуць быць апошнімі, таму імкнуся шанаваць гэтыя прыемныя моманты.
— У перыяд легіянерскай кар'еры можна вылучыць самыя паспяховыя гады?
— Калі меркаваць па спартыўных дасягненнях, гэта безумоўна пяць сезонаў у «Газпрам-Югра». Пік кар'еры, як мне здаецца, прыпаў на сезон у «Дзіне». Тады ўсё неяк лёгка атрымлівалася, з натхненнем. Невялікі, але яркі перыяд надарыўся ў Італіі, у тыя гады быў яшчэ маладым, на ўсё глядзеў адкрыўшы рот. Чаго вартае адно толькі запрашэнне ў італьянскі клуб... Гатовы быў гуляць бясплатна. Ну і сама Італія, Неапаль, бераг мора. З гэтай краінай лёс звязаў мяне, як ні з якой іншай. Цяпер езджу туды адпачываць з сям'ёй і на аматарскія турніры па пляжным футболе. У Італіі ў мяне з'явіліся сябры, у тым ліку трэнер іх зборнай Раберта Менікелі, нядаўна ён быў у Мінску, якраз сустракаліся.
— Якое месца ў вашай кар'еры заняла зборная Беларусі, за якую вы правялі больш за 100 матчаў?
— Усё жыццё адыграў у зборнай, ніколі не рваў на сабе футболку, але да нацыянальнай каманды заўсёды стаўлюся з вялікай павагай. У складаныя часы прылятаў нават за свае грошы. Ніколі не адмаўляўся, хоць у Расіі ў адным клубе нават прапаноўвалі прыдумаць якую-небудзь траўму, заахвоціць фінансава, каб я не ехаў у зборную. А для мяне гэта не толькі гонар гуляць за сваю краіну, але яшчэ і магчымасць убачыцца з сябрамі, пабыць з сям'ёй. Падчас легіянерскіх гадоў зборная была для мяне аддушынай.
— На працягу многіх гадоў і ў зборнай і ў «Сталіцы» вы капітан...
— Дзякуй хлопцам, што выбіраюць мяне. Я добра знаходжу агульную мову з моладдзю, магу і пажартаваць, нешта абмеркаваць, яны смяюцца, называюць мяне дзядзька Саша, але я не нясу функцыю «дзядзькі». Не хаджу ў вобразе па раздзявальні, чапляючыся каронай за дзвярныя праёмы. Наадварот, заўсёды выступаю за больш дэмакратычныя адносіны ўнутры калектыву, каб усім было камфортна.
Я не абламаюся, калі пайду і збяру мячы, але ў той жа час у камандзе павінна быць павага.
— За 20 гадоў ніколі не пашкадавалі, што перайшлі з вялікага ў міні-футбол?
— Не, таму што лёс у міні-футболе ў мяне склаўся добра. Атрымалася згуляць за мяжой у добрых клубах, па міні-футбольных мерках нядрэнна зарабіць, здзейсніцца ў нацыянальнай зборнай. Кар'ера склалася.
— Як лёс звязаў вас з акадэміяй міні-футбола?
— Пераходзячы з «Вітэна» ў «Сталіцу» я выступіў з такой ініцыятывай — стварыць першую ў краіне акадэмію міні-футбола. Ніхто не мог падказаць мне што і як рабіць, таму што да гэтага нічога падобнага ў Беларусі не было, але я бачыў, як рабілі падобныя праекты ў Расіі. Таму першыя гада сам быў і дырэктарам, і галоўным трэнерам, і арганізатарам, і маркетолагам. Аб'яўляў на футболе аб наборы хлапчукоў, прасіў, каб гаварылі пра гэта на тэлебачанні.
Цяпер у нас ёсць «Сталіца-Юні», каля 200 дзяцей, у акадэміі «Аякса» іх, напрыклад, 220. Штосьці ў нас сёння атрымліваецца, штосьці не. Зараз я трэнірую і маленькіх і больш дарослых хлопцаў, нядаўна дадалася U-16. Набіраем юніёрскую зборную з прыцэлам на падрыхтоўку да Алімпіяды. Запрашаем хлопцаў з вялікага футбола, таму што ў нас пакуль няма выпускнікоў футзальных акадэмій ці секцый такога ўзросту. Трэніроўкі абсалютна бясплатныя, праходзяць у добрай зале, у адным з лепшых спартыўных палацаў Мінска. Чакаем ахвотных!
— Вы заўсёды хацелі стаць дзіцячым трэнерам?
— Ніколі не хацеў і цяпер не хачу, проста імкнуся развіваць міні-футбол. А працаваць з дзецьмі ў мяне атрымліваецца, таму не магу сысці. Магчыма, мне хацелася б правесці вечар у іншай кампаніі, але ведаю, што мяне чакаюць дзеці і іду да іх на трэніроўку. Перш за ўсё ахвярую часам, які мог бы правесці з сям'ёй. Пасля завяршэння кар'еры мне хацелася б застацца ў спорце, але займацца селекцыяй або арганізацыяй збораў, больш менеджментскай работай, чым трэнерскай. Бо, пагуляўшы ў Расіі, ведаю, як правільна будаваць структуру клуба, ёсць вопыт і замежных спецыялістаў.
— Ведаю, што акрамя трэнерскай дзейнасці вы часта дапамагаеце дзецям...
— Кожны раз перад Новым годам разам са «Сталіцай-Юні» праводзім калядны спарынг. Запрашаем дзяцей з дзіцячага дома і гуляем у футбол. Разам з бацькамі рыхтуем падарункі для іх, стараемся купіць менавіта тое, што яны хочуць. У нас вельмі шмат людзей з добрым сэрцам.
У расійскай Суперлізе Аляксандр Чэрнік правёў 11 сезонаў, на працягу якіх згуляў больш за
400 матчаў. З 2012 года нападаючы выступае ў чэмпіянаце Беларусі: гуляў у «Вітэне», пасля перайшоў у «Сталіцу». На цяперашні момант Аляксандр не толькі капітан зборнай Беларусі і мінскай «Сталіцы», але і трэнер у дзіцяча-юнацкай акадэміі «Сталіца-Юні».У складзе зборнай Беларусі дэбютаваў у 1996 годзе, правёў за нацыянальную каманду больш за 100 матчаў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-chernik
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/mini-futbol
[7] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec