Яна можа зніжаць імунітэт? Наадварот, вакцына трэніруе, умацоўвае імунную сістэму!
95 працэнтаў інфекцыйных захворванняў складаюць грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Перадаюцца яны пры размове, кашлі, чханні. Прычым дастаткова некалькіх гадзін пасля зносін з хворым. Вірусы грыпу пастаянна цыркулююць сярод нас, аднак найбольшага пад'ёму захваральнасць на яго дасягае ў зімовы час.
Грып пачынаецца рэзка — са слабасці, дрыжыкаў, моцнага галаўнога і мышачнага болю, а на другі-трэці дзень закладвае нос, з'яўляецца насмарк і сухі кашаль. Да віруснай інфекцыі, калі арганізм знясілены, лёгка можа далучыцца і бактэрыяльная — гнойны атыт, сінусіт, бранхіт, развіваюцца і больш цяжкія станы — пнеўманія, міякардыт, менінгіт, энцэфаліт, што нясе прамую пагрозу жыццю.
— Заразіцца грыпам можна незлічоную колькасць разоў, бо вірусы грыпу пастаянна мяняюцца, а ў нашым арганізме няма антыцел для кожнага новага віруса, — тлумачыць урач-інфекцыяніст 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Галіна СІЗОВА. — Для абароны лепш за ўсё зрабіць прышчэпку — яе робяць у плячо або пад лапатку. У нашай краіне для гэтага прымяняецца некалькі відаў вакцын, жывых або інактываваных. Апошнія змяшчаюць забіты цэлы вірус або яго асобныя часцінкі.
Шырокае прымяненне знайшлі надзейныя і бяспечныя спліт-вакцыны з асобнымі часцінкамі віруса — Ваксігрып (Францыя), Флюваксін (Кітай), Флюарыкс (Бельгія).
Імунітэт пасля прышчэпкі фарміруецца да 14—21 дня і абараняе нас 6—12 месяцаў з эфектыўнасцю 70—98 працэнтаў.
На любую прышчэпку могуць быць пабочныя рэакцыі. Наяўнасць тэмпературы да 38 градусаў або пачырванення ў месцы ўвядзення прэпарата — нармальная рэакцыя арганізма. Знікае яна цягам аднаго-двух дзён.
Дзецям рабіць прышчэпку можна пачынаючы з 6-месячнага ўзросту. Малыя дзеці вельмі ўразлівыя да інфекцыі, бо заразіць іх могуць як дарослыя сваякі, так і іншыя дзеці ў арганізаваных калектывах. Многія бацькі кажуць, што іх дзяцей хоць і прышчапілі ў садку, але тыя ўсё адно захварэлі. Так адбылося таму, што ў любым калектыве павінны быць прышчэплены не менш за 40 працэнтаў.
Захворванне на грып у цяжарнай можа выклікаць развіццё парокаў у плода або выкідыш. Таму жанчынам, якія плануюць цяжарнасць, лепей прышчапіцца яшчэ да цяжарнасці, а цяжарныя могуць рабіць прышчэпку падчас другога-трэцяга трыместра.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya-suprac-grypu
[6] https://zviazda.by/be/tags/gryp
[7] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya