Лёс паядынку вырашыў адзіны гол гаспадароў — праз 10 хвілін пасля пачатку другога тайма лік адкрыў Аляксей Рыас. Пагроза каля варот гасцей стваралася неаднаразова, Гардзяйчук і Валадзько не змаглі рэалізаваць небяспечныя моманты, таму перамога атрымалася з мінімальным лікам. Гэтая вікторыя пакінула барысаўскаму клубу рэальныя шанцы працягнуць барацьбу за выхад у плэй-оф Лігі Еўропы.
— Самае галоўнае — гэта перамога. Каб захоўваць шанцы на выхад з групы, трэба было браць тры ачкі, — адзначыў галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч. — Першы тайм у нас зусім не атрымаўся, гульцы проста не паспявалі за сапернікамі з «Кёльна». Там іншы футбол, іншыя хуткасці. Ведалі, што ў другім тайме нам будзе лягчэй. Сапраўды, «Кёльн» пачаў стамляцца, аслабла канцэнтрацыя. А як мы забілі, сапернік і зусім раскрыўся. У нас з'явілася прастора, з'явіліся контратакі. Шкада, што не забілі другі гол, які загадзя зняў бы ўсе пытанні. Але на апошніх хвілінах маглі прапусціць і самі...
У іншым паядынку трэцяга тура групы Н сербская «Црвена Звезда» прымала англійскі «Арсенал» з Лондана і саступіла з тым жа мінімальным лікам 0:1.
Турнірнае становішча пасля першага круга: «Арсенал» — 9 ачкоў (розніца мячоў — 8—3), «Црвена Звезда» — 4 (2—2), БАТЭ — 4 (4—5), «Кёльн» — 0 (1—5).
У наступным туры 2 лістапада футбалісты БАТЭ згуляюць у гасцях у «Кёльна», у Лондане «Арсенал» прыме «Црвену Звезду».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/bate
[5] https://zviazda.by/be/tags/kyoln
[6] https://zviazda.by/be/tags/peramoga