Сапраўды восеньскае надвор'е чакаецца ў нас на гэтым тыдні. Дажджы будуць чаргавацца з туманамі, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Невялікія дажджы прагназуюцца ў асобных раёнах Беларусі ў сераду. Сёння ўдзень будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі чакаецца туман. Вецер прагназуецца слабы. Тэмпература паветра ў другой палове дня будзе 3—8 цяпла.
У чацвер дажджлівае надвор'е будзе паступаць у Беларусь з заходняй палавіны краіны. Тут працяглыя дажджы і плюс 6 — плюс 8 градусаў. А ў цэнтральным рэгіёне ў чацвер без дажджоў і толькі плюс 1 — плюс 3 градусы. Уначы на чацвер будзе ўвогуле холадна, тэмпература паветра амаль паўсюдна складзе ад нуля да двух градусаў цяпла. У пятніцу ізноў невялікі дождж. Пацяплее. Тэмпература паветра ўначы ад плюс 2 да плюс 4 градусаў, а ўдзень — 4—7 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore