Апошнім часам толькі і гаворкі, што пра «Лістапад». Галоўная кінападзея года, тыдзень паглыблення ў кіно, свята, якое заўсёды з табою, — Мінскі кінафестываль і ўсё, што стаіць за прыгожымі эпітэтамі, якімі мы яго характарызуем, завяршыўся. Асноўныя мерапрыемствы фэсту пачаліся ў мінулую суботу, а ўжо ўчора на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква» былі абвешчаны пераможцы. Такім чынам, Гран-пры прысуджана эстонскай карціне Райнэра Сарнэта «Лістапад», фестывальныя дні аказаліся справай мінуўшчыны, а для нас ад гэтай кінанасычанасці засталіся толькі водгаласы ў выглядзе фільмаў, што і пасля лістападаўскіх дзён будуць ісці ў пракаце, і, вядома, рэфлексій.
Не важна, маеце вы непасрэднае дачыненне да фестывалю ці не, набываеце білеты на тое, што ён прапануе, альбо не — вы так ці інакш прычыняецеся да прыгожага знака беларускай кінаіндустрыі і прымаеце ў валоданне ўнікальны спіс фільмаў, на якія ў перспектыве варта звярнуць увагу. Цяпер, калі галоўная інтрыга абярнулася спісам пераможцаў (глядзіце справа), а ўсё паступова вяртаецца ў звычайнае русла, можна асэнсаваць убачанае альбо скарыстацца жывымі ўражаннямі, каб больш узважана выбраць наступныя для прагляду карціны.
«Лістапад» можа дагадзіць любым густам:
яго можна не проста ахарактарызаваць разнастайнасцю фільмаў, а назваць увасабленнем кантрастаў. Па-першае, згодна з сёлетнім слоганам «Лістапада» мы шукалі «ісціну, любоў і прыгажосць» у шыкоўнай падборцы разнажанравых і рознастылявых карцін. Па-другое, на афіцыйных цырымоніях назіралі людзей у вячэрніх уборах, джынсах і нават у форме спецпадраздзяленняў. Праўда, найбуйнейшы арганізацыйны кантраст крыецца ў адчуванні, што цырымоніі і кінапраграмы на фестывалі робяць людзі з розных планет (імі сапраўды займаюцца розныя каманды). З году ў год заводзіцца адна і тая ж пласцінка пра тое, што цырымонія адкрыцця «Лістапада» выглядае як безгустоўны дадатак да вытанчана складзеных конкурсаў, за што асабліва сорамна перад замежнымі гасцямі.
Але трэба заўважыць, што сёлета ў кінатэатры «Масква», дзе адбылася цырымонія адкрыцця ўжо XXІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», уціскацца ад сораму ў крэсла не хацелася. Цырымонія прайшла амаль бязбольна і зрабіла стаўку на акадэмічную музыку і оперны вакал Аксаны Волкавай, хоць і з застаўкай у караоке-стылі.
Да таго ж прысутнасць рэжысёра карціны «Масква слязам не верыць» Уладзіміра Мяньшова, які сёлета атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» і разбіў талерку аб штатыў кінакамеры, чым абвясціў адкрыццё кінафестывалю, надала цырымоніі нейкую пяшчотную ноту. Хоць для прыза Прэзідэнта за духоўнасць, які ўручаецца на беларускім кінафестывалі «Лістапад», можна было б разглядаць больш шырокую кінематаграфічную прастору.
Так ці інакш, галоўнымі вартасцямі «Лістапада» застаюцца фільмы і поўныя ці амаль поўныя залы. Нагадаю, сёлета фестываль паказаў 165 фільмаў з 55 краін. З гэтага кола вылучаюцца шэсць конкурсаў; фільмы Міхаэля Ханеке, Акі Каўрысмякі, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Бруно Дзюмона, Сяргея Лазніцы, пераможцаў Канскага і Берлінскага кінафестываляў; праграмы, што факусуюцца на постсавецкай прасторы і прасторы былога савецкага ўплыву. Шыкоўны выбар, які дазваляе крыху ўвайсці ў кантэкст сусветнага фестывальнага руху і імёнаў жывых класікаў, але больш — прычыніцца да дзіўнай кінападборкі, з якой можна асэнсаваць агульныя постсавецкія праблемы.
Свайго гледача знайшоў нацыянальны конкурс, які сабраў у сабе каля трыццаці беларускіх фільмаў. У рамках індустрыяльнай платформы прайшоў дзень віртуальнага кіно «VІR: CІNEMA», дзе гледачы мелі магчымасць спазнаць найноўшыя тэхналогіі ў кіно і ў спецыяльнай «экіпіроўцы» зацаніць сферычныя фільмы.
Я бачу, наколькі розныя ў гледача падыходы да «Лістапада» — нехта бярэ адпачынак, каб ахапіць як мага больш фільмаў, нехта робіць стаўку на вячэрнія паказы (на шчасце, фестываль паказваецца ў многіх кінатэатрах, з праграм якіх утвараецца добры выбар), нехта набывае білеты на лічаную колькасць карцін, каб мець час асэнсаваць кіно і, магчыма, зрабіць нейкія высновы.
Мы ж у гэтае кіно па-сапраўднаму паглыбіліся і знаходзіліся ў ім з раніцы да вечара і ў снах. Кінафестываль завяршыўся, а ў нас усё яшчэ толькі і гаворкі, што пра «Лістапад», і мы ўсё яшчэ не спыняемся ў пошуках ісціны, любові і прыгажосці.
Асноўны конкурс ігравога кіно
Асноўны конкурс дакументальнага кіно
Прыз міжнароднага журы кінапрэсы ФІПРЭСІ
«Маладосць на маршы»
Конкурс маладога дакументальнага кіно — конкурс нацыянальных кінашкол
Нацыянальны конкурс
Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік»
Прыз глядацкіх сімпатый
Ірэна Кацяловіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] mailto:katsyalovich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/listapad-2017