Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць маламутаў.
Ён — былы спартсмен, чэмпіён па бодзібілдынгу. Яна — гаспадыня чайнай школы. Шэсць гадоў таму Кірыл і Таццяна ДУБКОВЫ вырашылі, што кар'ера ў сталіцы — гэта не тое, на што хочацца траціць жыццё, і перабраліся ў вёску Горная Рута, за восем кіламетраў ад Карэлічаў. Цяпер іх ажно да лістапада радуюць ружы за акном, а кампанію ў хатніх справах складаюць ездавыя сабакі.
Веласіпед з «маторчыкам»
На прыпынку нас сустракае Кірыл. У чырвона-зялёным спартыўным касцюме з надпісам «Belarus» і на веласіпедзе, «запрэжаным» сабакамі.
— Пакатацца не хочаце?
Мы з фатографам вагаемся. А маламутам карціць сарвацца з месца. Умка завывае: маўляў, рашайцеся хутчэй. І сапраўды, калі яшчэ такі шанц выпадзе?
...Дамы ў вёсцы Горная Рута стаяць паасобку, як хутары. На палях яшчэ не рассеяўся ранішні туман. Збочыўшы з дарогі, заўважаем Таццяну ў кампаніі шчанюкоў. Тым усяго толькі чатыры месяцы, а ўжо вымахалі гаспадыні да калена. Здалёк можна падумаць, што з лесу выбегла зграя ваўкоў.
— Быў у нас адзін выпадак. Сусед на кані ехаў, а той заўважыў у пачатку вёскі Умку. Стаў на дыбы і ледзь назад не паскакаў, — расказвае сям'я.
Пасля прабежкі ў шчанюкоў сняданак. Усе чацвёра забягаюць у вальер, садзяцца ў радочак, быццам першакласнікі, і цярпліва чакаюць, пакуль Кірыл па чарзе разложыць порцыі. Але есці ніхто не пачынае. І толькі пасля каманды «можна» дружна зарываюцца насамі ў корм і грукочуць міскамі.
— Ну што, пойдзем у дом?
Мары аб садзе і ежы са свайго агарода
У каміне патрэскваюць дровы. На стале — свойскія хлеб, тварожны сыр, варэнне. І самаробная духмяная гарбата — яблычная, з ноткамі чабору і сасны. Таццяна і Кірыл расказваюць, як сустрэліся дзякуючы вёсцы. А да гэтага ў кожнага было сваё сталічнае жыццё.
Кірыл займаўся спортам — моднай на той час атлетычнай гімнастыкай. У 1991 годзе стаў апошнім чэмпіёнам Савецкага Саюза па культурызме. Вёў бізнес у гэтай сферы — прадаваў спартыўнае харчаванне, аснашчаў фітнес-цэнтры трэнажорамі — і кіраваў Беларускай федэрацыяй бодзібілдынга і фітнесу. А ў 2011-м сабраўся і пераехаў у вёску.
— Што змянілася? — задумваецца. — Жыццёвыя каштоўнасці. Дзеці — тры дачкі — ужо выраслі, і я падумаў: што я яшчэ павінен зрабіць, каб не было крыўдна за пражытыя гады? Хацелася нечага большага, чым проста траціць і запасіць. Хоць я далёка не аграрый, даўно марыў пра ежу са свайго агарода і прыгожы сад з пладовымі дрэвамі.
Таццяна ўсё сваё дзяцінства праводзіла летнія канікулы ў вёсцы. Нават калі выбірала прафесію — па першай адукацыі яна настаўнік пачатковых класаў, — думала: як здорава — лета не ў горадзе. А пасля з галавой паглыбілася ў работу. Больш за чатыры гады жыла ў Маскве: працавала там чайным майстрам, рэдактарам кніг, вяла псіхалагічныя трэнінгі.
— Калі вярнулася ў Беларусь, было ўжо адчуванне перасыці сацыяльнымі дасягненнямі, — дзеліцца Таццяна. — Я купіла домік у глыбінцы на мяжы з Літвой. Сапраўдная глуш. Мясцовыя глядзелі на мяне як на вар'ятку: маўляў, так не можа быць, каб дарослы забяспечаны чалавек выбраў лес замест гіпермаркета і печку замест саўны. Пражыўшы там практычна год, я зноў прыехала ў Мінск і адкрыла сваю справу — у мяне была чайная школа: я вяла цырымоніі, запусціла інтэрнэт-краму. Але вывучаючы культуру Усходу, усё больш імкнулася да прыроды, размеранага ладу жыцця. Каб весці бізнес, наняла памочнікаў, а сама большую частку часу праводзіла ў тым доміку на паўночным захадзе Беларусі.
Пазнаёмілася пара шэсць гадоў таму ў гасцях у агульнай сяброўкі, якая жыве ў вёсцы непадалёк. Кірылу тады запала ў душу і Таццяна, і гэтая мясцовасць.
— Я ўбачыў дубы, ручай. Сеў на лаўку, прыслухаўся, удыхнуў паветра. Усё вакол загаласіла: «Так, так!» — успамінае ён. — Прыехаў у Мінск — не магу. Тыдзень вытрымаў і вярнуўся сюды. Купіў дом і застаўся.
А праз год Таццяна прадала бізнес і пераехала да яго. «У вёсцы мы шмат гісторый пра сябе чулі. Напрыклад, што Кірыл — палкоўнік КДБ у адстаўцы, а дарожкі да нашага дома выкладзены чырвонай цэглай», — смяюцца.
«Мы як лунацікі тут»
Сям'я прызнаецца: калі пераехалі, не ведалі за што хапацца. Увагі патрабаваў і дом, і ўчастак. Хату Кірыл абшыў і ўцяпліў. Заняўся ўнутраным аздабленнем. Падлога, печ, ложкі, крэслы — усё зроблена сваімі рукамі. Калі быў патрэбны посуд, Таццяна наляпіла талерак і кубкаў з гліны, неабходны фіранкі — асвоіла пэчварк (шыццё з абрэзкаў тканіны).
Дубковы заняліся прыродазгодным земляробствам — яго сутнасць у тым, каб не пераадольваць прыроду, а вывучаць яе заканамернасці і падстройвацца пад іх. Зямлю яны не аруць, толькі зверху ўзрыхляюць, замест пестыцыдаў выкарыстоўваюць арганічныя ўгнаенні — гной, гумус.
— Ёсць расліны, якія ўзаемадапаўняюць адна адну, напрыклад цыбуля і морква, — іх трэба садзіць на адну градку: так яны будуць лепш змагацца з паразітамі, — тлумачыць Таццяна. — Гэта дазваляе менш фізічна ўкладвацца. Але першыя гады ідуць на тое, каб аднавіць урадлівы слой глебы, загублены хіміяй.
Яшчэ адзін прынцып прыродазгоднага земляробства — вырошчваць тое, што характэрна для дадзенай кліматычнай зоны. Кабачкі, гарбузы, пятрушку, бульбу... «Самае радаснае, што ў нас ранняй вясной шмат зеляніны на стале. Паснедаеш хлебам з маслам і з зелянінай — і гатовы шчыраваць увесь дзень», — кажа Кірыл.
Ад былых гаспадароў на ўчастку засталіся чатыры велізарныя чарэшні, пасаджаныя гадоў 50 таму. Ураджаю хапае ўсім: сябры сям'і ў сезон прыязджаюць — набіраюць па два вядры ягад.
— Летам штогод пашыраецца пералік дзікаросаў, якія мы ўжываем у ежу. Крапіва, дзьмухаўцы, снітка, лебяда, макрыца, карані лопуху, — пералічае гаспадыня. — Інакш глядзіш на ўчастак. Калі першыя гады перажывала, як гэта ўсе прапалоць, скасіць, то цяпер:
«О, і гэта можна з'есці».
Таццяна адзначае: у горадзе ніколі не заўважала, як светлавы дзень карацее, для яе гэта не мела ніякага значэння — уключыў святло і ўсё. А жывучы на зямлі, становішся больш залежным ад прыродных цыклаў.
— Трэба гарманічна ўзаемадзейнічаць з наваколлем, каб радасна жыць. А мы гэта страцілі ў свой час, — дадае Кірыл. — Таму мы як лунацікі тут.
Забароны на магазінныя прадукты ў пары няма. Іншая рэч, што з цягам часу ўсё менш хочацца нешта купляць у краме. «Я як пачытаю склад печыва, думаю: не, трэба ісці сваё аўсянае гатаваць», — смяецца Таццяна.
Як зарабляць у вёсцы? Кірыл асвоіў дрэваапрацоўку (нарыхтоўвае на заказ дошкі, брускі), ставіў цяпліцы. Таццяна вярстае і рэдагуе тэксты, лепіць посуд, ферментуе чаі — са скрыпеню, грушы, малін, ажын. «Даверыцца жыццю складана, — разважае яна. — Калі сцежкі пратаптаны, ты ведаеш, што ў панядзелак ідзеш на работу, у аўторак таксама і г. д. — так лягчэй. Але ў нейкі момант душа пачынае разрывацца. У вёсцы складаней у плане самадысцыпліны, арганізацыі свайго часу, але я не адчуваю, што ў нечым здраджваю сабе».
Трэніроўкі ў мароз і суседскія куры
Маламуты з'явіліся адразу пасля пераезду. Кірылу быў патрэбны кампаньён, каб займацца фізкультурай, таму выбар прыпаў менавіта на гэту пароду. Спачатку завялі Умку, пасля — Асканню. А летам размераны лад жыцця парушылі шчанюкі. Таццяна з усмешкай успамінае: пару апошніх месяцаў, калі гадавалі ўсіх дзевяцярых, нагадвалі нейкі марафон.
Сям'я часта прагульваецца са шчанюкамі па вёсцы. У першыя месяцы жыцця сабакам трэба пазнаёміцца з як мага большай колькасцю людзей, гукаў, пахаў: гэта важна для іх адаптацыі. А ў дарослых маламутаў рэгулярныя трэніроўкі — прабягаюць з Кірылам ад трох да дзесяці кіламетраў. Узімку на шпацыр адпраўляюцца штодня: гэта парода абажае марознае надвор'е.
Бегаць у вупражы сабак прывучаюць з маленства. На шчаня надзяваецца шлейка, каб ён да яе прывыкаў. Потым прывязваецца лёгкі груз — напрыклад, бярвенца. Важна, каб сабака рухаўся рыссю. Праходзіць час — і ён сам пачынае выбягаць наперад. «А вы яго хваліце, — дадае Кірыл. — У нашых сабак галоўны матыватар бегчы — пахі звяроў і магчымасць сустрэць новых людзей. У маламутаў розныя характары: Умка «ірве» са двара, а Аскання — дадому».
— Чаму ў спаборніцтвах не ўдзельнічаеце?
— Сабакам гэта не патрэбна. А я свае спартыўныя амбіцыі ўжо рэалізаваў.
Па словах гаспадароў, карміць маламутаў не так складана, як здаецца. Дзённая порцыя для дарослага сабакі — паўкіло мяса (ці субпрадуктаў), крупы і агародніна. У месяц на харчаванне аднаго гадаванца ідзе каля ста рублёў.
— А суседскіх курэй не крадуць?
— Было аднойчы. Але нават добра выхаваны сабака, калі ён гуляе без нагляду чалавека, можа не ўтрымацца ад гэтага — інстынкты возьмуць верх.
Дарослыя маламуты дапамагаюць і па гаспадарцы: прыцягваюць бярвёны, камяні ў покрыўках. Неяк трэба было завезці дадому крынічную ваду, а джып зламаўся. Кірыл пагрузіў бочкі ў велізарныя сані, спрабаваў зрушыць сам — не змог. Запрэглі Умку — ён лёгка пацягнуў.
Маламуты, дарэчы, не адзіныя жывёлы ў гэтай сям'і. У доме разам з намі грэюцца малая Ніколь (сумесь таксы з карлікавым пінчарам), кошка Марфа і кот Ліс. Апошні нават не злез з печы, каб павітацца: праспаў увесь дзень.
— Як думаеце, чаму людзей, якія пераязджаюць з горада ў вёску, становіцца ўсё больш?
— Мне здаецца, гэта натуральная з'ява, — лічыць Таццяна. — Грамадства спажыўцоў дайшло да піку, тэхналагічны свет ужо вычарпаў сваю прыцягальнасць, і людзі шукаюць штосьці сапраўднае. Я крыху зайздрошчу той моладзі, якая прыходзіць да гэтых высноў рана. У іх ёсць магчымасць і дом на прыродзе пабудаваць, і сям'ю тут стварыць.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Карэліцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[5] https://zviazda.by/be/tags/karelicki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/razvyadzenne-sabak
[8] https://zviazda.by/be/tags/malamuty