У апошнія дні восені на тэрыторыі краіны будуць гаспадарыць атмасферныя франты, таму чакаецца няўстойлівае надвор'е з ападкамі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Нягледзячы на тое што тэмпературны фон у найбліжэйшыя дні ў параўнанні з мінулымі выхаднымі панізіцца, ён па-ранейшаму будзе вышэйшы за кліматычную норму, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У сераду атмасферныя франты з Заходняй Еўропы прынясуць на большую частку тэрыторыі краіны ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах чакаецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, уначы па ўсходзе пры праясненнях да 4—6 марозу.
Захаваецца няўстойлівае надвор'е і ў чацвер. Мокры снег будзе чаргавацца з дажджом. У асобных раёнах чакаецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў. Удзень будзе ад мінус 2 да плюс 4 градусаў, па Гомельскай вобласці месцамі тэмпература павысіцца да 6 цяпла.
Паводле доўгатэрміновых прагнозаў айчынных спецыялістаў, у першы дзень зімы — 1 снежня — чарговая хваля актыўных атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы, выкліча на большай частцы тэрыторыі краіны ападкі (мокры снег, дождж). Уначы і раніцай месцамі чакаюцца моцныя ападкі, якія будуць суправаджацца парывістым ветрам. Месцамі ўтворацца туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 4, удзень — ад нуля да 6 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore