Адзіны дзень спагнання запазычанасцяў з кіроўцаў-даўжнікоў цяпер штомесяц праходзіць у Беларусі. Гэта сумесныя рэйды супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і судовых выканаўцаў Міністэрства юстыцыі. Пакуль першыя правяраюць правы і зімовую гуму, другія высвятляюць па базе даўжнікоў, ці не мае шафёр запазычанасцяў і неаплачаных штрафаў.
Карэспандэнты «Звязды» вырашылі на ўласныя вочы ўбачыць, як выглядаюць рэйды на сталічных вуліцах, і накіраваліся ў Партызанскі раён сталіцы.
Калі б ведаў — заплаціў бы
Інспектар ДАІ спыняе выбраны аўтамабіль, правярае дакументы і стан аўтамабіля. Пасля судовыя выканаўцы запрашаюць чалавека да сябе ў машыну. Тут праз базу праграмы «АІС ПРВ» (аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма органаў прымусовага выканання) высвятляюць, ці няма ў кіроўцы даўгоў.
— Падобныя мерапрыемствы разлічаны перш за ўсё на тое, каб павысіць колькасць аплачаных грамадзянамі запазычанасцяў, — заўважыў Міхаіл ГАСТЭЛА, загадчык сектара аддзела прымусовага выканання (АПВ) Партызанскага раёна г. Мінска. — Людзі пабачаць, што інспектары і судовыя выканаўцы працуюць разам на вуліцы. Магчыма, гэта падштурхне некаторых пазбавіцца ад сваёй запазычанасці.
За першыя паўгадзіны спынілі чалавек восем. Усё чыста — адказныя кіроўцы трапіліся. Рэагуюць часцей за ўсё са здзіўленнем. Мала што іх спынілі, дык яшчэ і сустракаюць дружным «натоўпам» з шасці чалавек.
Вось дзяўчына ў чырвонай куртцы пытаецца, што адбываецца, пакуль чакае сваёй чаргі трапіць у машыну да судовых выканаўцаў. Тлумачым пра рэйд. Яна робіць вялікія вочы і кажа: «Нават цікава. Добра, што ў мяне ўсё ў парадку».
У гэты час з машыны супрацоўнікаў Мінюста выходзіць з непаразуменнем у вачах і ўсмешкай на твары мінчанін Дзяніс:
— Я і не ведаў, што ў мяне чатыры штрафы за перавышэнне хуткасці. Магчыма, лісты і прыходзілі, але з мяне такі хадок на пошту... Я рана ўстаю і позна прыходжу, ды і скрыню не правяраў паштовую. Мяне амаль не бывае ў Мінску, і я проста мог прапусціць гэта. Я адразу аплаціў бы, калі б ведаў, што ёсць штрафы.
Дарэчы, кожны чалавек можа сам праверыць сябе на існаванне запазычанасцяў, калі ўвядзе ўласнае імя ў праграму «АІС ПРВ». «Думаю, цяпер я раз на месяц буду таксама «рэйды» па гэтай базе рабіць і правяраць», — усміхаецца Дзяніс і ідзе ў банк плаціць штраф.
І легкавік, і КАМАЗ
Добрасумленныя парушальнікі самі правяраюць на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, ці выпісаны ім штраф. Нават калі яны не заўважылі бляск фотакамеры і не маюць падставы лічыць сябе вінаватымі, расказвае Вікторыя ТУПКО, загадчык сектара АПВ Партызанскага раёна г. Мінска.
— Здараецца, калі да нас прыходзіць дакумент аб перавышэнні чалавекам хуткасці, штраф ужо аплачаны парушальнікам, — дадае Алеся КУРЛОВІЧ, судовы выканаўца АПВ Партызанскага раёна г. Мінска.
Супрацоўнікі ДАІ спыняюць не толькі легкавыя, але і грузавыя аўто і фуры. Правяраюць усіх, акрамя кіроўцаў гарадскога пасажырскага транспарту.
— У кожны перыяд свае задачы і планы праверкі. Розныя сустракаюцца парушэнні, — адзначае Аляксандр ДЗЯКОВІЧ, дзяржаўтаінспектар Партызанскага РУУС г. Мінска. — І без тэхагляду ездзяць, і без дакументаў. Калі правы ў чалавека адабраныя, аўто адразу на штрафстаянку адпраўляецца. Калі правы проста не пры сабе, кіроўца атрымлівае папярэджанне ці штраф да пяці базавых велічынь і едзе далей.
У шафёра спыненага КАМАЗа, напрыклад, не аказалася тэхпашпарта на машыну і выявіўся неаплачаны штраф. Пакуль кіроўца расплачваўся, прыехаў яго дырэктар і прывёз патрэбныя дакументы.
— Пакаранне за праезд без дакументаў — ад папярэджання да 0,5 базавай велічыні штрафу, — каментуе інспектар Аляксандр Дзяковіч. — Гэтаму кіроўцу мы выпісалі штраф.
Следам спынілі маршрутку. Яе кіроўца Дзмітрый з Сенніцы Мінскага раёна паставіўся да гэтага з разуменнем:
— Гэта правільна, трэба шукаць парушальнікаў і такім чынам. Страх будзе ў тых, хто мае даўгі, напэўна.
А хто чысты перад законам, — чаго яму баяцца?
Наступны спынены намі шафёр, правераны па базе даўжнікоў, нічога не вінен дзяржаве. Аднак па яго прозвішчы праграма выдала запазычанасці яго брата: пяць розных выканаўчых вядзенняў. Толькі адзін доўг — 1056 рублёў, другі — 202 — агульны памер досыць буйны.
— Такія рэйды карысныя яшчэ і тым, што спыненыя кіроўцы адзін аднаму будуць перадаваць, маўляў, судовыя выканаўцы і на дарозе сустракаюцца. Тады яны задумаюцца аб аплаце штрафаў, інфармацыя пойдзе, што называецца, у народ. І вынік будзе, але не адразу. Паездзім раз, другі, трэці, і свядомасць людзей узрасце, — упэўнена Людміла КАБЫЧКІНА, начальнік аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна г. Мінска.
А вось элітная з выгляду машына без тэхагляду, зарэгістраваная на камерцыйную кампанію. Сам кіроўца, акрамя адсутнасці тэхагляду, мае крымінальнае спагнанне, па якім штомесяц палова яго заробку ідзе на выплату дзяржаве сарака тысяч рублёў, якія ён вінен, згодна з рашэннем суда, за ўхіленне ад падаткаў. Мужчына з такім рашэннем не згодны, але мусіць плаціць.
Арышт накладзены і на аўто, кошт якога вырашана абярнуць у залік спагнання доўгу. Аднак шафёр сцвярджае, што гэта судовая памылка, бо маёмасць належыць не яму, а фірме. Ужо пададзены іск аб аспрэчванні прыналежнасці маёмасці.
За адсутнасць тэхагляду кіроўцу выпісалі штраф, што ў яго выпадку можа дрэнна
паўплываць на яго становішча, паколькі праз крымінальную запазычанасць ён знаходзіцца на «хатняй хіміі», са шкадаваннем кажа інспектар ДАІ. Дырэктар фірмы, якой належыць аўтамабіль, таксама будзе аштрафаваны за допуск да кіравання машынай, якая не прайшла тэхагляд.
Вінен — нікуды не едзеш
Асабліва ўпартыя «ўхілісты» рызыкуюць пасля праверкі працягнуць шлях пешшу, бо аўто адбуксіруюць у залік спагнання запазычанасці. Пастанаўленне аб затрыманні і адбуксіроўцы аўтамабіля дзейнічае на тэрыторыі ўсёй краіны. Нават калі даўжнік жыве ў Мінску, а судовыя выканаўцы затрымалі яго ў Брэсце, машыну могуць адабраць, калі ў ДАІ будзе ў наяўнасці выканаўчы ліст.
За 10 месяцаў 2017-га ў органы прымусовага выканання паступіла каля 260 тысяч пастанаўленняў органаў ДАІ аб перавышэнні хуткаснага рэжыму, зафіксаваных камерамі фотафіксацыі. Летась за ўвесь год іх было 252 тысячы. Амаль палова «гоншчыкаў» — жыхары Мінска. Разам з тым выконваецца 85—90% спраў дадзенай катэгорыі.
Каб не пазбавіцца аўто проста на дарозе, Юліян МІСЮКЕВІЧ, кансультант галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі, раіць даўжнікам такое выйсце. Непасрэдна на месцы затрымання супрацоўнікамі ДАІ і судовымі выканаўцамі аплаціць штраф праз мабільнае тэрмінальнае абсталяванне, з якім работнікі ўпраўлення прымусовага выканання выязджаюць на спагнанне.
— Падчас такіх мерапрыемстваў сапраўды выяўляюцца асобы, якія вінаваты па выканаўчых вядзеннях, — адзначыў Уладзіслаў ТРЫКОЗА, начальнік упраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. — Калі даўжнікі не плацяць непасрэдна на месцы, ім нагадваюць пра абавязак прыйсці ў органы прымусовага выканання для аплаты штрафу. У выпадку нез'яўлення без паважлівай прычыны ім могуць налічыць адміністрацыйнае спагнанне аж да 30 базавых велічынь.
Мер уздзеяння на даўжнікоў цяпер шмат. Абмежаванне ў карыстанні сотавай сувяззю, інтэрнэтам, кіраваннем аўто, управе на паляванне. Калі чалавек мае запазычанасць, яго нават могуць не выпусціць за мяжу. Канкрэтная мера залежыць не толькі ад судовага выканаўцы, а і ад гатоўнасці самога даўжніка пагашаць запазычанасць.
Адна з самых дзейсных мер — абмежаванне чалавека ў спецыяльных правах: пазбаўленне магчымасці выехаць за мяжу і кіраваць аўтамабілем. Такія рашэнні прымаюцца толькі судом па прадстаўленні судовым выканаўцам адпаведных дакументаў.
— Калі відаць, што даўжнік працягвае ўхіляцца ад выплат, нягледзячы на прынятыя судовым выканаўцам меры, абмежаваць яго ў праве выезду за мяжу могуць незалежна ад сумы доўгу, нават калі яна зусім невялікая, літаральна штраф за безбілетны праезд, — дадаў Юліян Місюкевіч.
Як бачым, падыход у рэйдах сур'ёзны, а жарты з даўгамі — справа небяспечная.
Ірына СІДАРОК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:sidarok@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhautainspekcyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/sudovyya-vykanaucy
[6] https://zviazda.by/be/tags/reyd