Сцерці белую пляму ў нашай гісторыі сёння спрабуюць адзінкавыя энтузіясты. Сярод іх — і пастаўскі фатограф, заснавальнік валанцёрскага руху «Заходні Рубеж» Андрэй Мацур, які да 100-годдзя з заканчэння Першай сусветнай вайны рыхтуе адмысловы фотапраект.
— Ён не пра супрацьстаянне Расіі і Германіі, Антанты і Траістага саюза, — адзначае аўтар. — Гэта не гістарычная даведка і не аналіз стратэгій. І праект дакладна не аб тым, хто перамог, а хто прайграў у той вайне. Праект «Стагоддзе забыцця» — пра вечныя каштоўнасці,
чалавечыя жыцці, павагу да тых, хто загінуў, пра памяць і наша стаўленне да сваёй гісторыі. Гэта мост цераз стагоддзе забыцця і абыякавасці, аднаўленне гістарычнай справядлівасці, даніна павагі простым рускім і нямецкім салдатам, якія доблесна выконвалі свой воінскі абавязак.
Жахі Першай сусветнай, будзённасць смерці, абыякавасць жывых, мярзота ў дачыненні да загінулых — усё гэта ёсць у фотаздымках. Але праект заключаецца не толькі ў сучасным адлюстраванні гісторыі вайны. Гэта свайго роду светапогляд пэўнага кола людзей, якія знаходзяць новыя факты аб тых падзеях, узнаўляюць канкрэтныя эпізоды падчас гістарычных рэканструкцый і абсалютна бясплатна добраўпарадкоўваюць пахаванні салдат Першай сусветнай: прычым як рускіх, так і нямецкіх.
За даволі кароткі перыяд у тым жа Пастаўскім раёне сіламі ўсяго некалькіх добраахвотнікаў было адноўлена паўтара дзясятка могілак. Многія з іх ужо ўзяты пад ахову дзяржавы. Дзякуючы валанцёрам «Заходняга Рубяжа» колькасць невядомых салдат змяншаецца, а іх апошні прытулак набывае прыстойны выгляд.
Жонка Андрэя Мацура нават жартуе, што яе муж пайшоў на вайну. А як сказаць інакш, калі тэме Першай сусветнай мужчына прысвячае ўвесь свой вольны час і не толькі? А пачыналася ўсё з серыі фотаздымкаў з месцаў баёў.
— Гісторыя ляжыць пад нагамі ў прамым сэнсе гэтага слова, — перакананы фатограф. — Магілы, акопы, косці, гільзы... Мёртвымі вачніцамі выглядаюць з-пад зямлі глыбы бетону, абрыўкі калючага дроту і снарады.
Фатограф працягвае крочыць па слядах Вялікай вайны. За яго плячыма — тысячы кіламетраў уздоўж былой лініі фронту ў пошуках страчаных аб'ектаў, дзясяткі яркіх і незабыўных сустрэч з цікавымі людзьмі, якія неўзабаве змесцяцца пад адной вокладкай. Але каб альбом фотаздымкаў «Стагоддзе забыцця. Запіскі на негатывах» убачыў свет, патрэбна дапамога неабыякавых да сваёй гісторыі людзей. Хоць бы для таго, каб гэты ўнікальны погляд на падзеі стагадовай даўніны, развагі аб сучасных каштоўнасцях і пасыл у будучыню дайшоў да свядомасці як мага большай колькасці людзей. Тады, магчыма, белыя плямы нашай гісторыі заззяюць новымі фарбамі.
Вераніка КАНЮТА
Фота Андрэя МАЦУРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kanyuta@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pershaya-susvetnaya-vayna