Па добрай традыцыі ў пачатку новага года рэдакцыйнае журы падводзіць вынікі конкурсаў. «Фотаздымак з гісторыяй» не выключэнне. Гэтым разам прыз ад «Звязды» дастанецца Наталлі ТОЛКАЧ з горада Ліды Гродзенскай вобласці. Яна даслала на конкурс незвычайны фотаздымак («Свойскі мядзведзь» [2]). На ім — на разгалістай бярозе сядзяць два мужчыны (дзядуля аўтаркі Міхась Шатроў ды яго брат) і... жывы мядзведзь.
«Фота зроблена ў Томскай вобласці, у Сібіры, дзе і вырас дзядуля. Умовы ў тых краях былі суровыя: вёсачка, якой сёння ўжо няма на карце, размяшчалася пасярод тайгі. Аднойчы дзядуля з сям'ёй падабралі ў лесе медзведзяня. Паляўнічыя забілі мядзведзіцу, а яе дзіця засталося адно. Вырашылі ўзяць яго дадому. Адмысловая дыета, выхаванне — і мядзведзь быў практычна ручны. Ён быў ахоўнікам хаты — абараняў сям'ю ад дзікіх жывёл, якія маглі выйсці з лесу. У мядзведзя быў свой домік у двары — яго, вядома, цяжка параўнаць з сабачай будкай, але па сутнасці ідэя была падобная. Сям'я дзядулі — не адзіная, хто падбіраў медзведзянят, тады гэта была справа калі не звыклая, то не настолькі незвычайная, як сёння».
Пераможцу, каб атрымаць прыз, просім звязацца з рэдакцыяй па нумары 8 (017) 287 17 57. А тым, хто зараз чытае гэты матэрыял, прапануем дастаць з трэльяжа свой сямейны альбом і здзейсніць вандроўку ў мінулае. Бо конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» [3], які так палюбіўся чытачам, працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас лістоў. Цікавыя карткі (не больш за тры) з невялічкай (!) гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу [4]. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.
Р.S. Калі ж вы даслалі свае фотаздымкі з гісторыяй летась, але не ўбачылі іх на старонках «Сямейнай газеты», не засмучайцеся. Падпісвайцеся на «Звязду» і шукайце іх у наступных нумарах. Тут мы не маем на ўвазе пашпартныя здымкі альбо вельмі «афіцыйныя» гісторыі да фота, якія нагадваюць больш выпіску з энцыклапедычнага даведніка, — на шчасце, такіх адзінкі. Збольшага пажоўклыя ад часу фотаздымкі вельмі цікавыя, а гісторыі — надзвычай кранальныя. Шчыра дзякуем вам за іх.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/news/20170628/1498660883-svoyski-myadzvedz
[3] http://zviazda.by/be/tags/fotazdymak-z-gistoryyay
[4] mailto:іnfо@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/fotazdymak-z-gistoryyay
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta