Учора споўнілася пяць гадоў тэлеканалу «Беларусь 3». Адным з яго твараў стаў акцёр Уладзімір Варанкоў, які агучвае мядзведзіка Топу ў «Калыханцы». У гэтай праграме, дарэчы, як жартуе сам Уладзімір Міхайлавіч, ён «30 гадоў пад сталом». За яе і атрымаў «Тэлевяршыню». Зрэшты, гэты год стане юбілейным і для самога акцёра. Пра тэлебачанне, працу з вядомымі кінарэжысёрамі Валерыем Тадароўскім і Васілём Пічулам, здымкі ў кліпе гурта «Ленінград» мы распыталі Уладзіміра Варанкова.
— Уладзімір Міхайлавіч, сёлета вам споўніцца 60. Час падводзіць вынікі?
— Канчатковы вынік, на мой погляд, падводзіць рана, бо, на шчасце, я застаюся запатрабаваным артыстам. Свае 60 я раздзяліў бы на тры этапы па 20. Першыя 20 гадоў — гэта станаўленне. Я рос у шматдзетнай сям'і, у мяне чацвёра братоў. Мой бацька прайшоў вайну, пасля працаваў на заводзе, быў, дарэчы, дастаткова жорсткім чалавекам. Выхоўваў нас такім чынам, каб мы імкнуліся ўсяго дасягаць самастойна. Мама шмат гадоў працавала ў першай клінічнай бальніцы. Усе браты, як і бацька, пайшлі на завод. А ў мяне спрацавалі бабуліны гены. Яна ў вёсцы была замест тамады, з лёгкасцю арганізоўвала вяселлі, праводзіла пахаванні. Тата тады казаў: «Гэта цешча вінаватая». Таму, калі заканчваў школу, не стаяла пытанне, куды паступаць. Сказаў — насуперак волі бацькоў, — што пайду ў артысты.
У мяне, дарэчы, не адбылася мутацыя голасу, ад прыроды ён высокі. У лялечным тэатры на фальцэце дзве гадзіны іграў Бураціна. На міжнародных фестывалях паглядзець на мяне прыходзілі замежнікі — не верылі, што артыст можа вадзіць марыянетачную ляльку і размаўляць такім голасам. У пачатку 1980-х кіраўнік французскага тэатра лялек запрасіла мяне цішком у рэстаран і ўгаворвала, каб я застаўся за мяжой папрацаваць хоць бы на год. Але ў той час пра гэта не магло быць і размовы. Я — сакратар камсамольскай арганізацыі, і гэтым усё было сказана. Я тады, дарэчы, атрымаў прыз за найлепшую ролю, а Бураціна стаў сімвалам міжнароднага фестывалю тэатраў лялек.
— Чаму выбралі тэатр лялек?
— Калі я паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, гэта быў 1975 год, ішоў першы набор акцёраў тэатра лялек. Курс набіраў народны артыст Беларусі Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі, і ён паклікаў мяне. А на «драму», з якой мы вучыліся разам, курс набіраў Барыс Іванавіч Луцэнка. Ён, дарэчы, дагэтуль часта ў мяне пытае, чаму я не прыйшоў да яго ў тэатр імя Горкага. Адказваю: таму што не паклікаў тады мяне на свой курс (усміхаецца). Так пасля заканчэння я трапіў у тэатр лялек. І другі перыяд майго жыцця — калі я 20 гадоў адпрацаваў там. За гэты час з'явілася сям'я, нарадзіўся сын. І ў нейкі час я зразумеў, што ўпіраюся ў столь. У тэатр прыйшоў сын Анатоля Ляляўскага Аляксей, які і дагэтуль працуе там галоўным рэжысёрам. Яму хацелася ўсё зрабіць па-новаму. Можна было змірыцца, але акцёрскія амбіцыі мне не дазволілі, я вырашыў сыходзіць. У той перыяд у маім жыцці пачало з'яўляцца кіно. Хаця тады не тое каб было забаронена здымацца. Проста ў тэатральных акцёраў была вялікая занятасць — ранішнія і вячэрнія спектаклі, гастролі — калі паехалі, то на месяц. Надыходзілі няпростыя часы перабудовы, трэба было неяк зарабляць. Я пайшоў у «Хрыстафор», тады яму было 10 гадоў, ён быў на піку сваёй папулярнасці.
— Чым вас так прывабіў «Хрыстафор»?
— У той час можна было пайсці ў любы драматычны тэатр, але там ты залежны ад роляў, ад рэжысёра. У мяне было захапленне капуснікамі. Тады раптам усё стала дазволена, хацелася чагосьці новага. І мы строілі дурня, я тады першы раз пераапрануўся ў жаночую сукенку. Мы грунтоўна заселі ў Маскве з «Хрыстафорам». Але калі пайшла размова пра канчатковы пераезд тэатра ў расійскую сталіцу, Яўген Крыжаноўскі не рызыкнуў. У яго быў чарговы раман, чарговы шлюб, нарадзілася дзіця... Праўда, і мне аднаму Рэгіна Дубавіцкая прапаноўвала пераехаць, я тады рабіў праграму з Кларай Новікавай. Не пагадзіўся, але гэта быў добры час: з «Аншлагам» паездзілі па Расіі, Казахстане. Я з гонарам кажу, што быў на Байкануры, на свае вочы бачыў запуск ракеты, пабываў у музеі гісторыі касмадрома...
— А ўрэшце трапілі на тэлебачанне...
— Ужо ў той перыяд, калі працаваў у лялечным тэатры, Ніна Шоба арганізоўвала «Калыханку», яны запрасілі туды вядучых акцёраў тэатра лялек — Валянціну Пражэеву і Уладзіміра Грамовіча. А нас, моладзь, падцягвалі ў якасці дублёраў. Некалькі першых гадоў я быў дублёрам. І вось ужо 30 гадоў агучваю мядзведзіка Топу. Было чатыры лялькі Топы — і ўсе рабіліся пад мяне. Прыходзілі ў «Калыханку» і новыя персанажы. Але Топа і Буслік, якога зноў вярнулі, — старажылы, на перадачы ледзь не з дня яе арганізацыі. Вось так і атрымалася: спачатку было як хобі — для душы, а з часам ператварылася ў сапраўдную прафесію. Нават калі я сышоў з лялечнага тэатра, гэта маё захапленне засталося.
— З чаго для вас пачыналася кіно?
— Мяне ўбачыў маскоўскі рэжысёр, і мяне ўдала прадалі. Знакавая роля, калі мне сказалі, што для кіно я падыходжу, у карціне Валерыя Тадароўскага «Палюбоўнік». Мяне выклікала памочніца рэжысёра Таццяна Талькова. Тадароўскі доўга на мяне глядзеў і сказаў: «Я шукаю персанаж, і я яго знайшоў. Такога твару бухгалтара, які пракраўся, я ніколі не бачыў». На здымачнай пляцоўцы мне сказалі, што нічога асаблівага рабіць не трэба. «Сцэна будзе адбывацца на вашым фоне, вы толькі ў думках шукайце, як выкруціцца». Потым мне Алег Янкоўскі, які выконваў у фільме галоўную ролю, сказаў: «Вось ты думаеш усялякую лухту, а ўсе ходзяць і захапляюцца, як ён сыграў!» Так я зразумеў, што можна падмануць кіно.
Потым быў Васіль Пічул, вядомы па фільме «Маленькая Вера». Ён прыехаў да нас здымаць «Заставу Жыліна». Паклікаў мяне і сказаў: хачу, каб ты сыграў капітана НКУС. Капітан там не зусім звычайны. Гэта тып чалавека, які безліч разоў паступае ў тэатральны інстытут, а яго не бяруць. І ён прыйшоў сюды, і тут у яго тэатр. «Рабі што хочаш. Дазваляю нават рукапрыкладства ў сцэне допыту», — сказаў мне Пічул. Мы адыгралі, ён ледзь не ўпаў з крэсла. Я думаў, што зараз вылаецца... А ён сказаў, што не будзе нават рабіць другі дубль, бо больш я так не сыграю. І было пасля шмат карцін. Я сутыкнуўся з тым, што ў нашым кіно могуць павесіць шаблон камедыйнага артыста і глыбей ніхто не капае. А расійскія рэжысёры прыязджаюць — яны не ведаюць, хто ты, і можаш атрымаць нечаканую прапанову.
— У вас увогуле разнастайнае акцёрскае амплуа — ад мядзведзіка Топы да разбітнога ваеннага ў кліпе гурта «Ленінград» «Бомба»...
— Гэта працяг «дыягназу», вынесенага Валерыем Тадароўскім. Як мне расказалі, калі фотаздымкі акцёраў глядзеў Сяргей Шнураў, у мяне не было канкурэнтаў. Мой ён паглядзеў і адразу выбраў. Потым пабачыў мяне ўжывую, моўчкі кіўнуў — і я пайшоў пераапранацца, нават не ведаючы, якую ролю трэба сыграць. Кліп здымалі ў Палацы прафсаюзаў у Мінску, спатрэбіліся ўсяго суткі. Сяргей Шнураў паўдня быў з намі, адпісалі песню. Ён, дарэчы, вельмі адукаваны чалавек пры ўсёй сваёй знешняй неадпаведнасці. І побач з ім або сядзі ціхенька і слухай, або думай, што адказаць. Сустрэліся пасля выпадкова ў студыі «Панарама» ў Піцеры, я здымаўся ў крымінальным серыяле «Гончая». Ён павітаўся са мной, добра паразмаўлялі.
Прадзюсарская кампанія, якая робіць кліпы для «Ленінграда», шмат у Мінску здымае. Гэта больш танна. Расійскія акцёры, калі браць добрых, патрабуюць вялікія ганарары. А мы танненькія, харошанькія і таленавітыя.
— Пасля 60 вы пачняце чацвёрты этап. Якім ён будзе?
— Ведаеце, зараз не тое што «Хрыстафор» састарэў, час іншы. Не тое што гумар не той, прыйшло новае пакаленне, і яно ўсё бачыць па-свойму. За што я сябе люблю, дык гэта за тое, што дагэтуль магу заставацца дзіцем (усміхаецца). Гэта ў пашпарце мне 60, а на справе можна нуль прыбраць. Калі, дарэчы, выкрадаю на выхадныя ўнучку, сын кажа, за мяне баіцца больш, чым за яе. Спадзяюся, што ўдаецца захоўваць у душы падораныя прыродай і бацькамі наіўнасць і шчырасць. Таму і маё творчае жыццё працягваецца. Я цяпер разумею, што магу трапіць у любую афёру ў добрым сэнсе. Вось зараз удзельнічаю ў рэпетыцыях Сучаснага мастацкага тэатра. У 60 я іграю Рамэа! Рэжысёр Уладзімір Ушакоў кажа: я разумею, што нас за гэта не пахваляць, але ўявім, што героі Шэкспіра засталіся жыць. Там чатыры пакаленні: чатыры Рамэа, чатыры Джульеты. Прэм'ера прызначана на 13 лютага. Рэпетыцыі ідуць не ў тэатры, а ў асобнай арт-прасторы, дзе сустракаюцца такія ж апантаныя, якія хочуць чагосьці новага, зборная акцёраў з розных тэатраў. Я зразумеў, што такіх, як я, вар'ятаў у кожным тэатры хапае.
Працягваецца і мая праца на тэлебачанні. Вось зараз — пяцігоддзе тэлеканала «Беларусь 3». Вяртаюся на зямлю, бяру мядзведзіка Топу і прадстаўляю канал. Я з'яўляюся яго тварам, паколькі ў 2016 годзе ўзнагароджаны «Тэлевяршыняй» па выніках галасавання гледачоў. Здавалася б, 30 гадоў пад сталом, цябе не бачаць і не ведаюць. Гэта не так, мяне ведаюць усе. Напэўна, калі б заставаўся ў адным тэатры, атрымаў бы званні, працаваў бы сабе спакойна. Але гэта не для мяне, мне было б сумна. Галоўнае ж — не ўзнагароды. Сын аднойчы ў мой камп'ютар залез і здзівіўся: у цябе столькі фільмаў! Так, я здымаўся з многімі расійскімі зоркамі. Напрыклад, у Дзмітрыя Баршчэўскага ў «Цяжкім пяску», там цалкам «зорны» склад. У мяне там вельмі добрая роля, я сыграў фатографа. Запрашалі тады, чарговы раз, дарэчы, застацца ў Маскве, я быў вельмі запатрабаваны.
— А што не атрымалася ў жыцці?
— Так, у гэтага вясёлкавага малюнка ёсць і цёмны бок. Я страціў сям'ю. Мы засталіся з жонкай Юляй сябрамі, але яна ў 1999 годзе паехала ў Амерыку. І для яе ўдарам было не столькі тое, што я не паехаў, а што сын вырашыў застацца са мной. Я зразумеў, што новай сям'і не будзе, бо ёсць сын і ўнучка Мар'яна, ёй ужо 10. Юля часта прыязджае ў Беларусь. Дарэчы, калі сын ажаніўся, яго цешча падарыла яму машыну. Я сказаў Юлі: вось так трэба жыццё пачынаць, тады ніхто нікуды не з'едзе (усміхаецца).
Некалькі разоў можна было перайначыць жыццё. Барыс Іванавіч Луцэнка запрашаў у рускі тэатр на канкрэтную ролю. Тады ішоў знакаміты спектакль «Кабала святош» паводле Булгакава. Філатаў іграў Мальера і трагічна загінуў. Луцэнка мне казаў, што гэта мая роля, можна было рэзка змяніць лёс. А я адмовіўся. Былі магчымасці застацца ў Маскве некалькі разоў, калі клікалі... Але я ні аб чым не шкадую.
— Як звычайна адпачываеце?
— Я вельмі лёгкі на пад'ём. Прыходжу, стаміўшыся пасля навагодніх ёлак, а сын кажа: а паехалі куды-небудзь. І 16 студзеня мы паляцелі ў Егіпет. Я, праўда, хацеў паехаць з унучкай. А Каця, мая нявестка, кажа: толькі з намі. Ну, кажу Мар'яне, што рабіць, трэба іх браць. Мы тыдзень правялі ў Егіпце. Што зарабілі на Новы год, на тое і адпачылі. Ці вось на выхадных з сябрам сабраліся і паехалі ў Вільнюс да нашага таварыша ў госці. Змена абстаноўкі для мяне вельмі важная.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-varankou
[6] https://zviazda.by/be/tags/televyarshynya-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/akcyor
[8] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-telebachanne