Аб'ёмная і шматгранная фігура Пятра Міронавіча Машэрава выклікае вялікі інтарэс да яго дзейнасці ў палітыкаў, гаспадарчых і партыйных дзеячаў, пісьменнікаў. Не з'яўляецца выключэннем і кніга Славаміра Антановіча, якая выйшла ў пачатку гэтага года, — гістарычна-публіцыстычны раман «Пётр Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць».
Розныя праходзяць перад чытачом рамана людзі. Тут і бацька героя, які ў 1937 годзе па лжывых даносах аднавяскоўца быў арыштаваны і дамоў ужо не вярнуўся, і маці Дар'я Пятроўна (выхавала трох дачок і двух сыноў, загінула ад рук фашыстаў у верасні 1942 года). На старонках твора апавядаецца пра студэнцкія гады Пятра ў сценах Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. Кірава, ягоных сустрэчах з братам Паўлам, сёстрамі Вольгай, Надзеяй, Матронай, яго заляцаннях да будучай жонкі Паліны, аб узаемаадносінах Паліны Андрэеўны з ягонай сяброўкай Таццянай Прытыцкай, дзелавых перамовах Пятра Міронавіча з паплечнікамі па партыі і вядомымі партыйнымі, дзяржаўнымі дзеячамі, як Леанід Брэжнеў, Андрэй Грамыка, Тодар Жыўкаў, Фідэль Кастра ды іншымі.
Славамір Антановіч з уласцівай яму як юрысту ўседлівасцю і скрупулёзнасцю, усё глыбей пагружаецца ў метафізічныя рэаліі беларускай рэчаіснасці і гісторыі, даследуе методыку працоўнай дзейнасці знакамітага кіраўніка рэспублікі Пятра Міронавіча Машэрава.
Аўтар імкнецца перадаць нашчадкам матывы той эпохі, у якой жыў сапраўдны герой яго твора. Тут і вера ў прыгажосць свету і разнастайнасць, бязмежжа людскіх характараў хлебаробаў, шахцёраў, навукоўцаў, студэнтаў, землякоў, з якімі часта сустракаўся кіраўнік дзяржавы, працу якіх вельмі шанаваў, і жахі вогненнага ліхалецця, і свежае дыханне Вялікай Перамогі, і прамяністасць кожнага стваральнага дня. Змяняліся сацыяльна-культурныя, грамадска-палітычныя абставіны ў краіне, якія добрасумленна адлюстраваны аўтарам у ягоным творы.
Пісьменнік змог пераарыентавацца і літаральна ўбачыць, сканцэнтраваць увагу чытача на тых эпізодах жыцця і дзейнасці Пятра Міронавіча Машэрава, ягоных чалавечых якасцях, якія ўласцівы вялікаму палітычнаму лідару, стратэгу і інтэлігенту высокага рангу. Партыйны лідар рэспублікі, як сведчыць кніга Славаміра Антановіча, далікатна ўзважваючы тыя ці іншыя падзеі ў Беларусі і свеце на шалях эпохі, уважліва ставіўся да пісьменнікаў і іх творчасці, праяўляў клопат пра дзеячаў культуры, паляпшаў сацыяльна-бытавыя ўмовы.
Думаецца, гістарычна-публіцыстычны раман «Пётр Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць», які вызначаецца багаццем зместу і разнастайнасцю сродкаў мастацкага адлюстравання падзей, стане яркай зоркай на небасхіле беларускай дакументальнай прозы.
Валянцін БАРЫСЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-masherau
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavamir-antanovich