Як правільна настаўніку кантактаваць з вучнямі ў інтэрнэце і выкарыстоўваць глабальную сетку для адукацыйных мэт? Якую інфармацыю карэктна публікаваць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках і ці можна лічыць асабістую старонку настаўніка «асабістай»? Гэтыя пытанні абмеркавалі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова, дзе прайшла адкрытая лекцыя для педагогаў рэгіёна.
Спікерам мерапрыемства, арганізаванага Міністэрствам адукацыі Беларусі і кампаніяй МТС, стала дацэнт, кандыдат псіхалагічных навук, пазаштатны супрацоўнік Фонду развіцця інтэрнэта Вікторыя Ізмагурава. Як адзначыла эксперт, сёння існуюць дзве асноўныя мадэлі паводзін педагога ў інтэрнэце. Адна з іх — адмова ад зносін з вучнямі, захаванне асабістай прасторы і свайго жыцця ад старонніх. З пункту гледжання выхавання і даверу такі шлях менш эфектыўны. Другая мадэль паводзін — далучэнне вучняў у «сябры» і актыўныя стасункі з імі. «Безумоўна, гэта патрабуе ад педагога высокага ўзроўню інфармацыйнай культуры, каб «быць у тэме» і ўплываць на працэс асобаснага станаўлення сваіх вучняў», — лічыць Вікторыя Ізмагурава.
«Інтэрнэт-прастора — натуральнае «асяроддзе пражывання» сучасных школьнікаў. Віртуальныя стасункі часам пераважаюць над рэальнымі. Неабходна ўлічваць, што школьнікі маюць доступ не толькі да акаўнтаў аднагодкаў, але і да старонак сваіх педагогаў у сацыяльных сетках. Падлеткі, праглядаючы інтэрнэт-профіль, вольна ці міжволі супастаўляюць вобраз настаўніка ў сеціве і ў рэальным жыцці. Таму вельмі важна, каб гэтыя вобразы супадалі. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць педагогам знайсці адказы на свае пытанні, выбудаваць правільны вектар паводзін у сацыяльных сетках і спрыяюць падтрыманню іх станоўчага іміджу ў інтэрнэт-прасторы», — пракаментаваў падзею дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел ЛІС.
Паводле даных даследаванняў Лабараторыі Касперскага, каля 90 % дзяцей штодня заходзяць у інтэрнэт, пры гэтым кожны трэці праводзіць у сеціве ад 3 да 5 гадзін, кожны шосты — ад 5 да 8 гадзін. Таксама ўстаноўлена, што 90 % педагогаў выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі ў асабістых мэтах і 73 % працэнты дадаюць сваіх вучняў у «сябры».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya