У рэдакцыю нярэдка звяртаюцца чытачы з пытаннямі, што датычацца прызначэння пенсій. Вось і ў Алы Міхальчук з Мінска аказалася даволі тыповае пытанне пра стаж, якое, на нашу думку, будзе актуальнае і для многіх іншых чытачоў: «Я працавала ў 90-х гадах у фірме, якая на цяперашні момант ужо не існуе, пры гэтым дакументы ў архіў не здадзены. Запіс у працоўнай кніжцы маецца. Як гэта паўплывае на пенсію? Ці трэба даказваць свой працоўны стаж? І калі трэба, то як?»
Па адказ мы звярнуліся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і атрымалі яго ад начальніка ўпраўлення арганізацыі пенсійнага забеспячэння Галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Алены ДРОНАВАЙ:
— Усё залежыць ад таго, у які перыяд мела месца гэтая работа, — паведаміла нам спецыяліст міністэрства. — Калі ваша чытачка працавала ў гэтай фірме да 1 ліпеня 1998 года і калі ў працоўнай кніжцы маецца належным чынам аформлены запіс аб рабоце, значыць, пры вылічэнні пенсіі гэтая работа будзе ўключана ў стаж без якіх-небудзь дадатковых умоў.
Але калі чалавек хоча, каб зарплата за гэты перыяд улічвалася пры вылічэнні памеру пенсіі, але пры гэтым у яго няма магчымасці запатрабаваць даведку аб заробку, то ўстанавіць памер зарплаты магчыма ў судовым парадку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў суд. Але трэба быць гатовым прад'явіць нейкія доказы. Можа быць, у чалавека захаваліся разліковыя лісткі або карашкі, якія сведчаць аб налічанай зарплаце. Часам атрымліваецца знайсці штатны расклад у архіве... Магчыма, нехта з калег, хто працаваў побач у той час, паспеў узяць даведкі пра свой заробак, альбо гэта могуць быць звесткі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва аб памеры фонду аплаты працы і штатнай колькасці работнікаў прадпрыемства... Толькі ўлічыце, што статыстычныя даныя аб сярэдняй заработнай плаце работнікаў у краіне не з'яўляюцца велічынёй, якая пацвярджае персанальны заробак работніка.
Калі даказаць памер свайго заробку не атрымаецца, значыць, за гэтыя гады заробак будзе ўключаны з нулявым значэннем.
Калі ж чалавек працаваў у гэтай фірме ў перыяд пасля 1 ліпеня 1998 года, стаж працы будзе залічаны толькі пры ўмове, калі будзе прадстаўлены дакумент аб выплаце абавязковых страхавых унёскаў і аб заробку. Аднаго толькі запісу ў працоўнай кніжцы ў гэтым выпадку будзе недастаткова, абавязкова павінны быць прааналізаваныя і даходы за гэты перыяд. І тут зноў можна звяртацца ў суд. Наогул, у гэтым выпадку звесткі аб даходах патрэбныя не толькі для падліку памеру пенсіі, але і для вылічэння працоўнага стажу.
Дата 1 ліпеня 1998 года фігуруе нездарма. З гэтага дня былі ўнесены змяненні ў арт. 51 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні», у адпаведнасці з якім вылічаецца стаж для прызначэння пенсій, якія прадугледжваюць, што ў стаж уключаюцца перыяды работы, на працягу якіх ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых унёскаў. Да гэтай даты, і ў тым ліку ў перыяд СССР, у стаж уключаліся перыяды работы, калі чалавек проста падлягаў дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню.
Што датычыцца пацвярджэння стажу працы і заробку на тэрыторыі нашай краіны з 1 студзеня 2003 года, то яны пацвярджаюцца на падставе звестак індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/praca
[4] https://zviazda.by/be/tags/pracouny-stazh