Нацыянальны банк па выніках штоквартальнага пасяджэння праўлення 14 сакавіка пакінуў без змены стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці, заявілі ў прэс-службе рэгулятара.
«Інфляцыя знаходзіцца ў межах прагнознай траекторыі», — адзначаюць у Нацбанку. У лютым 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні склаў 4,9 %. У наступныя месяцы чакаецца захаванне інфляцыі ў гадавым вымярэнні каля 5 %. «Эканамічная актыўнасць працягвае аднаўляцца. Дэзынфляцыйны ўплыў з боку фактараў попыту памяншаецца перш за ўсё за кошт апераджальнага росту заробкаў над ростам прадукцыйнасці працы», — падкрэсліваюць у галоўным банку краіны, адзначаючы таксама захаванне высокіх інфляцыйных чаканняў эканамічных суб'ектаў. «Іх узровень перавышае мэтавы параметр па інфляцыі», — прызнаюць эксперты банка.
Спецыялісты таксама адзначаюць, што ў пачатку гэтага года назіраецца прагназаванае паскарэнне тэмпаў росту сярэдняй шырокай грашовай масы — да 18,4 % у гадавым вымярэнні ў лютым. «Такім чынам, рашэнне аб захаванні працэнтных ставак адлюстроўвае мэтазгоднасць падтрымання нейтральнасці грашова-крэдытных умоў», — гаворыцца ў паведамленні.
Наступнае штоквартальнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка па грашова-крэдытнай палітыцы адбудзецца 20 чэрвеня.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacbank
[5] https://zviazda.by/be/tags/stauka-refinansavannya