Туберкулёз ва ўсім свеце застаецца адной з галоўных інфекцыйных хвароб, якую не ўдалося цалкам перамагчы і ад якой па-ранейшаму гінуць людзі. Нягледзячы на тое, што мы прызвычаіліся лічыць яго прыкметай нізкіх сацыяльных слаёў, заразіцца ёй можа кожны. Як у Беларусі мяняюцца падыходы да лячэння, навошта сёння хворым, якія жадаюць лячыцца, выдаюць смартфон, і як Беларусь стала лідарам у прымяненні найноўшых прэпаратаў, расказаў каардынатар праграм па інфекцыйных хваробах краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў.
— Вячаслаў Іванавіч, чаму туберкулёз застаецца актуальным у нашым грамадстве? Для большасці з нас ён здаецца праблемай турмаў і маргінальных слаёў насельніцтва...
— На жаль, туберкулёз нельга назваць праблемай, пакінутай у мінулым стагоддзі. Сёння ён дастаткова сур'ёзна прагрэсуе і застаецца галоўнай інфекцыйнай хваробай у свеце, ад якой паміраюць. Нягледзячы на нашы поспехі ў лячэнні, і тое, што захваральнасць зніжаецца, павялічваецца колькасць выпадкаў рэзістэнтнага туберкулёзу. Гэта форма не паддаецца лячэнню звычайнымі супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі з'явіліся спецыяльныя антыбіётыкі, мы думалі, што перамога над туберкулёзам не за гарамі. Але не ўсё так проста. Туберкулёзная мікабактэрыя навучылася да іх прыстасоўвацца. І на жаль, шматлікія штамы становяцца рэзістэнтнымі да тых прэпаратаў, якія традыцыйна прымяняюцца. Яшчэ адзін важны момант: пасля 70-х гадоў мінулага стагоддзя на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў у свеце не з'явілася ні аднаго новага супрацьтуберкулёзнага прэпарату. І мы ў канцы 90-х — пачатку 2000-х прышлі да таго, што не было чым лячыць туберкулёз: старымі прэпаратамі бактэрыя не знішчалася, а новых не існавала. Тады туберкулёз з шырокай лекавай устойлівасцю стаў фактычна невылечны.
Пачынаючы з 2015 года, у Беларусі з'явіліся два новыя прэпараты: бедаквілін і дэламанід. Яны пакуль эфектыўныя для ўсіх формаў туберкулёзу. Але вельмі дарагія. І тут нам вялікую дапамогу аказвае Глабальны фонд па барацьбе з ВІЧ, туберкулёзам і малярыяй, які аплачвае іх набыццё. І Беларусь з'яўляецца лідарам па наборы пацыентаў на лячэнне новымі прэпаратамі. Яны пакуль у стадыі клінічнага вывучэння, але для многіх хворых гэта адзіны шанц вылечыцца ад туберкулёзу.
— Сітуацыя з туберкулёзам у Беларусі паляпшаецца апошнім часам...
— Так, у нас дастаткова станоўчая дынаміка: за апошнія 10 гадоў захваральнасць знізілася амаль на 50 %, а смяротнасць — на 65 %. Гэтыя лічбы сведчаць, што больш паспяховым стала лячэнне. Адчувальны туберкулёз паспяхова вылечваецца ў 90 % выпадкаў. Мультырэзістэнтны якраз і небяспечны тым, што эфект яго лячэння ніжэйшы, дзесьці 60 %. Праўда, у той групе пацыентаў, якія атрымлівалі новыя прэпараты, паспяховасць лячэння вельмі высокая, і яна перавышае 90 %.
— Для паспяховай Еўропы таксама актуальны туберкулёз?
— Трэба адзначыць, што захваральнасць у Беларусі вышэйшая, чым у Еўрапейскім рэгіёне і Еўрапейскім саюзе, аднак ніжэйшая, чым на постсавецкай прасторы. Але і для Еўропы гэта праблема: напрыклад, у 2016 годзе ў Еўрапейскім рэгіёне захварэла на туберкулёз 290 тысяч чалавек, 26 тысяч чалавек памерла. Але Еўропа ўсё ж такі адзін з самых развітых рэгіёнаў свету па аснашчанасці медыцынскіх устаноў, наяўнасці высокакваліфікаваных спецыялістаў. Калі вяртацца да сітуацыі ў Беларусі, трэба сказаць, што нягледзячы на поспехі, мы адны з сусветных лідараў па ўзроўні мультырэзістэнтнага туберкулёзу. Каля 36 % сярод усіх новых выяўленых выпадкаў туберкулёзу першапачаткова рэзістэнтныя. А калі гэта паўторныя выпадкі, то там рэзістэнтны туберкулёз складае каля 70 %. Каля 65 % выпадкаў — гэта вельмі цяжкі туберкулёз. А ён, па-першае, патрабуе вялікіх фінансавых рэсурсаў, бо прэпараты вельмі дарагія. Па-другое, гэта цяжкае лячэнне. Калі туберкулёз адчувальны, то ён лечыцца на працягу шасці месяцаў. Многія з нас з жахам успрымаюць, калі ўрач выпісвае антыбіётык на сем дзён. А тут камбінацыя з некалькіх, спачатку чатырох антыбіётыкаў, якія трэба прымаць штодзень на працягу шасці месяцаў. Калі туберкулёз устойлівы, то там лячэнне можа цягнуцца да 24 месяцаў і камбінацыя з пяці-шасці прэпаратаў, якія цяжка пераносяцца. Але іншага выйсця няма.
— Хто можа заразіцца туберкулёзам?
— Абсалютна кожны. Гэта аэрагенная інфекцыя, якая перадаецца праз паветра. Яе крыніцай з'яўляецца хворы чалавек, які выдзяляе мікабактэрыі падчас размовы, чхання, кашлю... Рызыка інфіцыравання залежыць ад некалькіх фактараў: колькасці макабактэрый туберкулёзу, якія выдзяляе пацыент, працягласці кантакту з хворым. Аднаразовы кашаль па колькасці кропельных ядзер роўны пяці хвілінам гучнай размовы, таму кашаль найбольш небяспечны, бо мікабактэрыі выдзяляюцца тады асабліва моцна. У паветры яны могуць знаходзіцца каля 30 хвілін пасля кашлю. Пры гэтым трэба разумець, што калі мікабактэрыя трапляе на нейкую паверхню, змешваецца з пылавымі часціцамі, то, як правіла, туберкулёзам заразіцца ўжо немагчыма.
— Нядаўна ў СМІ агучваўся выпадак, калі ў Бабруйску туберкулёз выявілі ў работніцы школьнай сталовай. І бацькі зацкавалі жанчыну за тое, што магла заразіць дзяцей...
— Так, тады, на жаль, шмат было каментарыяў, пабудаваных на няведанні механізмаў перадачы. Работніца сталовай не магла заразіць дзетак, калі не кантактавала, не размаўляла з імі. Таксама трэба памятаць, што ніхто з нас не абаронены ад заражэння: ад работніка сталоўкі да кіраўніка банка.
— Але існуе меркаванне, што гэта хвароба нізкіх сацыяльных слаёў...
— Заразіцца туберкулёзам можа кожны, але не ў кожнага ён пачне развівацца. Шмат залежыць ад стану імуннай сістэмы. У людзей, якія жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, імунная сістэма аслабленая, яны больш падвержаныя захворванню. Гэтаксама і людзі, якія маюць алкагольную, наркатычную залежнасці. Ёсць сацыяльныя фактары, якія павышаюць рызыку захворвання: беднасць, дрэннае харчаванне, недастатковая вага, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, праца ў шкодных умовах і забруджанае паветра... Рызыка ёсць у бежанцаў з краін з высокім узроўнем захваральнасці, а таксама ў працоўных мігрантаў, якія, напрыклад, вяртаюцца з работ у Расійскай Федэрацыі. Там узровень захваральнасці вышэйшы, чым у Беларусі. І Расія ў адрозненне ад Беларусі, уваходзіць у трыццатку краін свету з высокім узроўнем распаўсюджання туберкулёзу.
Вяртаючыся да згаданага выпадку заражэння ў Бабруйску: там шмат гаварылася пра флюараграфічнае абследаванне. Але яно не абараняе ад заражэння туберкулёзам. Тым больш што з нашым узроўнем захваральнасці яно не паказана абсалютна ўсім.
У флюараграфіі маюць патрэбу толькі групы рызыкі. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, абследавацца на туберкулёз мусяць тыя, хто меў цесныя кантакты з захварэлым — блізкія, калегі па рабоце. А таксама людзі, у якіх зніжаны імунітэт — хто жыве з ВІЧ, супрацоўнікі пэўных прадпрыемстваў, якія працуюць з дыяксідам крэмнію, зняволеныя, мігранты, бежанцы. Гэтыя групы абавязкова павінны праходзіць скрынінг. Астатнія — толькі з наяўнасцю пэўных сімптомаў.
— Якія сімптомы павінны насцярожыць?
— Кашаль, які не праходзіць больш за два тыдні, павышаная тэмпература, якая доўгі час захоўваецца, моцнае потааддзяленне ўначы, калі чалавек прачынаецца мокры, беспрычынная страта вагі. Гэта павінна насцярожыць не толькі хворага, але і блізкіх ці калег, якія павінны парэкамендаваць звярнуцца па дыягностыку. Гэта больш важна, чым рабіць раз на год флюараграфію.
— У чым заключаецца дыягностыка?
— Калі ёсць адпаведныя сімптомы, пацыента накіроўваюць на аглядную рэнтгенаграфію. Яшчэ больш важна і даследаванне макроты. Беларусь вельмі сур'ёзна прасунулася па хуткай дыягностыцы бактэрый туберкулёзу. Дзякуючы падтрымцы глабальнага фонду, ва ўсіх рэгіёнах краіны маюцца самыя сучасныя малекулярна-генетычныя метады дыягностыкі, якія дазваляюць паставіць дыягназ на працягу дзвюх гадзін. За гэты час вызначаецца не толькі наяўнасць мікабактэрыі туберкулёзу, але і ці адчувальная яна да прэпаратаў першага шэрагу. Калі гэта адчувальная бактэрыя, прызначаецца больш беражлівае і кароткае лячэння, якое пацыент лягчэй пераносіць. Калі бактэрыя рэзістэнтная, праводзіцца дадатковае даследаванне, якое дазваляе прасачыць адчувальнасць да прэпаратаў другога шэрагу.
— Акрамя таго, што лячэнне ад туберкулёзу цяжкае, пацыенты на працягу доўгага часу знаходзяцца ў стацыянары, што таксама няпроста...
— Мы сумесна працуем з Міністэрствам аховы здароўя і нацыянальнай супрацьтуберкулёзнай службай, каб змяніць мадэль аказання дапамогі. У нас, як і большасці краін постсавецкай прасторы, яна пакуль сапраўды будуецца вакол стацыянарнага лячэння. Усе пацыенты шпіталізуюцца і доўга знаходзяцца ў стацыянары. Каб развеяць міф, трэба сказаць, што пацыент, якому прызначана эфектыўнае лячэнне, перастае быць заразным і небяспечным для навакольных на працягу першых двух тыдняў. Мікабактэрыя, якую ён выдзяляе, ужо не здольная выклікаць захворванне ў іншага чалавека. Таму ў многіх краінах свету перыяд шпіталізацыі вельмі непрацяглы. У Швецыі, напрыклад, у сярэднім 10 дзён. Далей пацыент знаходзіцца на амбулаторным лячэнні. Гэта важна найперш для прафілактыкі заражэння рэзістэнтнымі формамі туберкулёзу. Калі інфекцыйны кантроль не ідэальны, а ён, як правіла, не ідэальны, у пацыентаў адбываецца перакрыжаванае заражэнне. І з гэтага года ў Брэсцкай вобласці выконваецца пілотны праект, які накіраваны ў тым ліку і на скарачэнне стацыянарнага знаходжання хворых на туберкулёз. І калі ён акажацца эфектыўным, будзе распаўсюджаны на ўсе рэгіёны.
Яшчэ адзін ключавы момант у паспяховасці барацьбы з туберкулёзам — важна, каб чалавек быў схільны да лячэння. Для гэтага ў нас арганізаваны розныя падыходы, каб хворы не кінуў прыём прэпаратаў. Найперш гэта сацыяльная падтрымка. Калі пацыент рэгулярна прыходзіць па прэпараты, ён атрымлівае прадуктовыя пайкі. Лячэнне ў нас, як і ва ўсім свеце, кантралюемае — пацыент прымае прэпараты пад наглядам медыцынскага работніка.
Па ўсёй краіне зараз распаўсюджваецца відэакантралюемае лячэнне туберкулёзу. Пацыентам, якія пажадаюць выкарыстоўваць такі метад, выдаюць смартфон, яны закупляюцца таксама дзякуючы дапамозе глабальнага фонду. Хворы здымае на смартфон прыём прэпаратаў, медсястра кантралюе. Гэта пазбаўляе чалавека ад неабходнасці штодзень наведваць медыцынскую ўстанову. У нас дастатковая колькасць пацыентаў, якія лечацца такім чынам.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/tuberkulyoz
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-grankou