Вялікае і светлае свята Вялікадня немагчыма ўявіць без велікодных яек. Іх фарбуюць, распісваюць... Але сёння мы раскажам вам аб адным спосабе дэкарыравання яек, які адрозніваецца ад усіх астатніх, — гэта тэхніка дэкупаж. Упрыгожыць такім чынам яйкі зусім проста, справяцца нават дзеці!
Спатрэбіцца: вараныя яйкі (белыя), 2 ч. л. крухмалу, вада, пэндзлік, сурвэткі для дэкупажу, харчовыя фарбавальнікі (залаты, сярэбраны).
Для дэкупажу пажадана выбіраць яйкі белага колеру, каб было лягчэй зафарбоўваць іх паверхню.
Лепш за ўсё падыходзяць папяровыя сурвэткі з дробным малюнкам. Выдаліце з сурвэткі два ніжнія слаі, яны не спатрэбяцца. З каляровага слоя трэба выразаць невялікія малюнкі — нарыхтоўкі кветак. А затым размеркаваць іх па ўсёй паверхні яек, выкарыстоўваючы пэндзлік і ваду. Неабходна разгладзіць усе складачкі.
Прыгатуйце клейстар з крухмалу. У невялікім посудзе змяшайце крухмал і 50 мл вады, награвайце на слабым агні каля адной хвіліны перыядычна памешваючы.
Калі ўсе малюнкі размеркаваны, старанна прамажце клейстарам яйкі і пакіньце іх сушыцца. Крухмал можна замяніць узбітым бялком.
Пасля таго як яйкі высахнуць (прыкладна праз 10—15 хвілін), пакрыйце іх дэкаратыўным слоем. Для гэтага дадайце харчовы фарбавальнік у невялікую колькасць клейстару. Яйкі лепш за ўсё сушыць на рашотцы.
Спатрэбіцца: свежыя дрожджы — 25 г; соль — дробка; цукар — 1 шклянка; мука пшанічная — 4 шклянкі; малако — 1 шклянка; смятана — 50 г; масла — 70 г; ванільны цукар — 5 г; яйкі — 2 шт.; разынкі — 100 г; куркума — 1 ст. л.; для глазуры: бялок яечны — 1 шт., цукровая пудра — 3 ст. л.; кандытарская абсыпка для ўпрыгожвання — 15 г.
Спачатку трэба зрабіць рошчыну. Для гэтага ў цёплым малаку (38—39 градусаў) растварыце дрожджы, соль і цукар. Дадайце дзве-тры сталовыя лыжкі мукі, размяшайце яе і пакіньце ў цяпле на 10—15 хвілін.
Калі рошчына пакрыецца дробнымі бурбалкамі, значыць, яна гатовая. Дадайце растопленае масла, смятану, яйкі, змяшайце. Усыпце частку мукі, куркуму і пачніце замешваць цеста, спачатку лыжкай, потым рукамі на стале. Муку дадавайце па меры неабходнасці. Цеста павінна быць досыць тугім і пластычным. Пакіньце яго ў цяпле пад ручніком на 1,5 гадзіны падыходзіць.
Разынкі заліце кіпенем, пакіньце на 5 хвілін, потым зліце ўсю ваду. Дадайце разынкі, папярэдне абкачаўшы іх у муцэ, у цеста, якое падышло. Падзяліце цеста на 4 часткі. Формачкі прамажце маслам або алеем. Выкладзіце ў іх цеста, яно павінна займаць не больш за траціну формачкі, паколькі расце вельмі добра. Прыбярыце ў цёплую духоўку кулічы на 30—40 хвілін для пад'ёму. Калі цеста будзе амаль нараўне з краем формы, уключыце духоўку на 180 градусаў і выпякайце кулічы 30—40 хвілін да залацістай скарыначкі. Гатовыя кулічы астудзіце ў форме, потым асцярожна выміце.
Для глазуры ўзбіце бялок да ўстойлівых пікаў. Потым увядзіце цукровую пудру, змяшайце глазуру. Можна дадаць пару кропель лімоннага соку. На верх куліча нанясіце глазуру і ўпрыгожце абсыпкай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta