З 2 па 13 красавіка ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце разгорнецца Дэкада студэнцкай навукі "Моладзь у навуцы і бізнесе—2018".
Праграма ўключае правядзенне міжнародных канферэнцый, майстар-класаў з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання і прыватных кампаній, экскурсіі, прэзентацыі, круглыя сталы і многае іншае.
2 красавіка адкрыецца выстаўка "Моладзь у навуцы". 3 красавіка адбудзецца фінал конкурсу "Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДЭУ", студэнты прымуць удзел у круглым стале "Кар'ера з замежнымі мовамі".
4 красавіка пачне работу трохдзённая 11-я міжнародная навукова-практычная канферэнцыя студэнтаў "Нацыянальная эканоміка Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця".
5 красавіка студэнцкай моладзі раскажуць пра магчымасці атрымання "двайнога дыплома" ва ўніверсітэце Браганса (Партугалія), які з’яўляецца партнёрам БДЭУ, таксама адбудзецца серыя семінараў і майстар-класаў.
На 9 красавіка запланаваны фінал праекта "Маркет ідэй" — конкурсу студэнцкіх стартап-праектаў.
10 красавіка пройдуць алімпіяды па нямецкай, французскай, іспанскай мовах і лагістыцы. Цікавай абяцае стаць дэбат-пляцоўка "Узаемаадносіны ў падатковым кантролі: партнёрства або канфрантацыя".
11 красавіка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё 11-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Нацыянальная эканоміка Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця", на якой выступяць прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага інавацыйнага фонду, Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Таксама будуць арганізаваныя круглыя сталы "Супрацоўніцтва Беларусі і краін Лацінскай Амерыкі: праблемы і перспектывы" і "Актуальныя пытанні эканомікі АПК" (на базе Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі).
12 красавіка пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў мерапрыемстваў дэкады.
13 красавіка, у апошні дзень дэкады, адбудуцца 5-я Міжвузаўвская студэнцкая навуковая канферэнцыя "ЭКОН—2018: сусветная эканоміка і міжнародны бізнес", а таксама ўніверсітэцкі этап конкурсу навуковага слэму "Falling walls".
Летась удзельнікамі Дэкады студэнцкай навукі сталі больш як 1800 студэнтаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Туркменістана. У гэтым годзе плануецца ўдзел каля 2000 студэнтаў з Расіі, Чэхіі, Латвіі і Азербайджана.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dekada-studenckay-navuki
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdeu