Трагічная гісторыя адбылася ў адной з мясцовых маласямеек у канцы студзеня. Работнікі інтэрната занепакоіліся, што іх жыхарка нейкі час адсутнічае, і пачалі біць трывогу. Пры ўдзеле міліцыі адчынілі дзверы ў яе пакой, але дапамагчы жанчыне было ўжо немагчыма — яна памерла. Як высветлілася, незадоўга да смерці пенсіянерка сур'ёзна пашкодзіла нагу, але да ўрачоў не звярталася. І зараз ужо не ўстановіш, чаму. У родных засталося яшчэ і шмат іншых пытанняў.
Следства вядзе журналіст
У лісце, які нядаўна атрымала рэдакцыя ад сястры памерлай, адчайны крык душы. Сваячка хоць і пенсіянерка, але ж была не такая старая, усяго 68 гадоў. На здароўе не скардзілася, і тут раптоўна такое. Амаль на пяці старонках — падрабязнасці трагедыі і абвінавачванні ў непрыняцці своечасовых мер. Маўляў, 27 студзеня жанчына была яшчэ здаровая і ні на што не скардзілася. А 1 лютага перазваніла камендант і паведаміла пра яе смерць. Пенсіянерка жыла праз сценку з каменданцкім пакоем, гаворыцца ў лісце, кожны шоргат яе быў чутны, а тут, маўляў, зламала нагу і ніхто нават стогнаў не пачуў. Да таго ж з пакоя зніклі пашпарт, грошы, мабільнік. Дзе яны? Высвятляць віну — не журналісцкая справа, але мы паспрабавалі пры дапамозе работнікаў праваахоўных органаў паглядзець на гэтую гісторыю вачыма людзей, якія шчыра спачуваюць чужому гору.
Праверку па фактах гэтай справы праводзіў Круглянскі раённы аддзел Следчага камітэта. З яго і пачынаю сваё журналісцкае расследаванне.
— Нам патэлефанавалі з дзяжурнай часткі 31 студзеня ў другой палове дня. Камендант і вахцёры інтэрната на вуліцы Савецкай забілі трывогу, што адна з жыхарак не падае прыкмет жыцця. Выклікалі ўчастковага, узламалі дзверы, а яна мёртвая, — успамінае следчы Юрый Гарусаў, які ў той вечар працаваў на месцы здарэння. — Як наступіла смерць, высвятляюць судмедэксперты. Нас жа цікавіць, ці быў крымінал. Мы аглядалі дзверы, замкі і ўсё астатняе, што магло б сведчыць пра спробу пранікнуць у памяшканне кагосьці з чужых. Апытвалі работнікаў інтэрната, суседзяў. Жанчына паламала нагу, але па дапамогу не звярталася. Мы рабілі запыт у паліклініку, там наогул на яе не было медыцынскай карткі. Уяўляеце, за апошнія 10 гадоў яна ні разу не звярталася да ўрачоў.
Разам са следчым разглядаем фота, зробленыя на месцы падзей. На іх пажылая жанчына бокам ляжыць на падлозе ў невялічкім калідорчыку. Перад дзвярыма на агульны калідор — шафа, якая нахілілася і лягла на супрацьлеглую сценку. Упасці цалкам ёй перашкодзіла вузкая прастора. Шафа ад жанчыны на адлегласці выцягнутай рукі, але, як кажа следчы, гэта не значыць, што траўма звязана менавіта з ёй. У спальні, напрыклад, каля акна стаяла крэсла,
а побач валяўся зэдлік. Тэарэтычна пенсіянерка магла траўмавацца і там. А потым яшчэ некалькі дзён поўзаць па хаце. Устаць на ногі з такой траўмай, немагчыма — вельмі сур'ёзная.
— А чаму атрымалася так, што жанчына была яшчэ жывая, а ёй не аказвалі дапамогу? — цікаўлюся ў следчага.
— Магчыма, спачатку яна страціла прытомнасць, а потым не стала звяртацца па дапамогу. Спадзявалася, што перацерпіць. Не думаю, што камендант або суседзі, калі б яна крычала ды грукатала, пакінулі б гэта без увагі. А ламаць дзверы, калі нешта здалося, — парушэнне правоў чалавека. А калі ён проста кудысьці паехаў?
— Сястра памерлай сцвярджае, што з пакоя зніклі мабільны тэлефон, пашпарт і грошы.
— Крадзеж выключаем, бо дзверы былі зачыненыя знутры, а сам шпінгалет заматаны і знаходзіўся на вышыні каля 170 сантыметраў. З пераломам, які атрымала жанчына, да яго нельга было дацягнуцца. Цераз вокны таксама ніхто пранікнуць не мог, яны былі заклеены поліэтыленам. Усе рэчы заставаліся на месцы да прыезду родных. Мы ж адразу пасля здарэння апячаталі пакой. Ужо потым у шафе былі знойдзены грошы, але роўна столькі, колькі трэба было заплаціць за кватэру. Іх перадалі каменданту, квітанцыя прыкладзена да матэрыялаў праверкі. Болей грошай не было. Пашпарт знайшоўся ў іншым пакоі — ляжаў у шафе. А вось тэлефон мы так і не знайшлі. Але мне здаецца, што тут родныя павінны паміж сабой разабрацца. Магчыма, нехта ўзяў, а іншыя не ведаюць.
Крыкаў чутно не было
Інтэрнат Аграпрамтэхзабеспячэння, дзе жыла памерлая, у 90-я гады стаў маласямейкай. У выніку рамонту былі зроблены блокі з выгодамі, і былыя пакоі сталі называцца кватэрамі. Хоць знешні выгляд застаўся інтэрнатаўскі — доўгі калідор і дзверы па баках. Іна Ісакаўна, з якой здарылася няшчасце, жыла на першым паверсе побач з каменданцкай. У яе карыстанні былі два сумежныя пакоі, плюс невялічкая цёмная «кладоўка» прыстасаваная пад куханьку. А вось выгод у яе блоку не было, яна карысталася суседскімі, што ў кватэры № 1 — як раз насупраць праз калідор. Для гэтага тут ёсць нават асобныя дзверы, каб не трывожыць гаспадароў. Разам з Юрыем Гарусавым грукаемся ў дзверы з нумарам 1. Вольга Пагуляева, якая тут жыве, прызнаецца, што нават і не заўважылі, калі Ісакаўна перастала карыстацца санвузлом.
— Магчыма няшчасце з ёй адбылося, калі я працавала ў ноч, — мяркуе жанчына.
Марына Пятроўна Марозава, кватэра якой знаходзіцца далей па калідоры, таксама расказвае, што пра смерць знаёмай даведалася толькі пасля таго, як умяшалася міліцыя.
— Мы былі калегамі, яна працавала настаўніцай у глыбоцкай школе, я — у цяцерынскай. Да пенсіі ў нас яшчэ нейкія зносіны былі, а потым перапыніліся. Апошні раз бачыла яе летам. Я — інвалід, зімой на вуліцы не бываю. Ужо пасля яе смерці расказвалі, што яна нагу зламала. Чаму не крычала, не клікала на дапамогу? Мы б пачулі.
— Яе называлі адзінотніца, пустэльніца. Хавалася, калі бачыла людзей, — кажа эксперт-крыміналіст Дзмітрый Мінчукоў, які жыве некалькімі паверхамі вышэй. — Я, калі пад'язджаў да дома на машыне, бачыў, як яна размаўляла са сваімі знаёмымі цераз фортку ў акне.
— Тое, што ў кватэрах добрая чутнасць, яшчэ не сведчыць пра тое, што ўсе сядзелі і слухалі, — разважае следчы Юрый Гарусаў. — Вахцёр мог і не пачуць, калі ўсё здарылася. Яны ж на месцы не сядзяць. Жанчына наогул магла ад болю страціць прытомнасць і ляжаць пэўны час. А потым наўмысна не падымаць шуму. Магчыма, баялася пускаць у свой пакой чужых людзей. Мы падчас следства размаўлялі з супрацоўнікамі сацыяльнай службы, яны казалі, што прапаноўвалі ёй паслугі, але яна катэгарычна адмовілася.
— Бабуля замкнутая, за пяць гадоў, што тут працую, толькі адзін раз быў у яе пакоі, — адзначае ўчастковы Веньямін Пабядзінскі. — Тады праходзілі мерапрыемствы па праверцы стану жылля састарэлых, і я павінен быў паглядзець, як яна жыве. У кватэры было чыста, сама выглядала ахайна, дзіўна падалося толькі тое, што яна ўсе дзверы, нават у сваю ж кухню закрывала на замкі.
Кватэра без выгод
Дзверы кватэры № 5, дзе жыла Ісакаўна, самыя багатыя на паверсе, абабіты дэрмацінам. На іх яшчэ захаваліся сляды ад паперы, якой яны былі апячатаныя. Гэтыя кантрольныя палоскі знялі толькі, калі родныя вывезлі маёмасць былой жыхаркі. «Паколькі статус інтэрната — маласямейка, запасных ключоў ад кватэр, дзе жывуць людзі, у нас няма. Вось толькі ад пустуючых. Нядаўна ў кватэру, дзе жыла Ісакаўна, быў ахвотны засяліцца, але калі даведаўся, што там няма выгод, адмовіўся. Так што, калі жадаеце, можам паказаць, дзе ўсё адбылося, — прапаноўвае камендант інтэрната Любоў Бурмак.
Унутры пуста, на сцяне ад былога жыцця засталіся толькі царкоўны каляндар ды папяровая ікона Мікалая Цудатворца. Юрый Гарусаў паказвае, дзе знайшлі жанчыну, як нахілілася шафа. У пакоі, дзе была спальня, звяртае ўвагу на тую самую фортачку, цераз якую жанчына быццам бы размаўляла са знаёмымі. Яна тут адзіная не заклееная. «Вось тут, на падлозе, валяўся зэдлік, а каля акна стаяла крэсла», — удакладняе следчы.
— Наша жыхарка была своеасаблівым чалавекам, нікому не давярала, — расказвае камендант. — Калі паставілі ёй пажарную сігналізацыю, наогул падумала, што мы за ёй назіраем. Аднойчы гэта сігналізацыя выратавала ёй жыццё. Яна спрацавала, і я стала шукаць, дзе гарыць. Высветлілася, што дым ідзе з пятай кватэры. Калаціла ў дзверы, пакуль жанчына не адкрыла. Яна паставіла нешта гатаваць на плітку і заснула. І была вельмі незадаволена, што мы вакол яе такі шум паднялі. Гэтым разам нічога падазронага не адбылося. У выхадныя я не працую, а вахцёры дзяжураць толькі да 20.00. У аўторак, калі вахцёр сказала, што Ісакаўны ў панядзелак не было чутно, я стала прыслухоўвацца. Грукала ў дзверы — безвынікова. Пайшла да яе знаёмай, тая ёй патэлефанавала. Але абанент быў недаступны. Знаёмая ўспомніла, што ў Ісакаўны ёсць пляменнік, вырашылі, што яна да яго паехала. Але чамусьці на душы было неспакойна. Перыядычна грукала ў дзверы. Адзін раз, калі я назвала яе па імені, здалося, што прагучаў стогн. Тады я і падняла ўсіх на ногі. Выклікала міліцыю, нашага юрыста. Калі дзверы ўзламалі і сказалі — труп, мяне калаціла.
Без крыміналу
— Нядаўна мы атрымалі заключэнне судмедэкспертызы, — кажа Юрый Гарусаў. — Прычына смерці — тлушчавая эмбалія, якую мог справакаваць пералом нагі. Пабочныя часціцы трапляюць у крывяносныя сасуды і наступае смерць. Судмедэксперты адначасова высветлілі, што ў памерлай былі яшчэ праблемы з сэрцам і печанню. Пра пералом дакладна вядома, што ён атрыманы ў бытавых умовах. Прычым па родзе траўмы бачна, што падала жанчына назад і ўправа. Але смерць наступіла яўна не ў момант падзення. Праверылі і той факт, у якім стане была пенсіянерка на момант смерці. Этылавага спірту ў крыві не знойдзена. Звычайная бытавая траўма, ніякага крыміналу.
Усё, здаецца, зразумела. Але па-чалавечы складана ўявіць сабе, што жанчына зламала нагу і моўчкі трывала некалькі дзён за зачыненымі дзвярыма. Нікога не хочацца абвінавачваць у чэрствасці, але ўсе няшчасці ў жыцці здараюцца ад абыякавасці. Дастаткова ўспомніць прыклады з бытавымі скандаламі, якія нярэдка заканчваюцца крыміналам. Бо некаторым лягчэй прамаўчаць, чым папярэдзіць няшчасце. Эгаізм — справа сумлення кожнага, але ўсім нам калісьці прыйдзецца за гэта адказваць перад Богам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Круглае
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalist
[5] https://zviazda.by/be/tags/rassledavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/sledchy
[7] https://zviazda.by/be/tags/smerc
[8] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-pensiyanery
[9] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanerka
[10] https://zviazda.by/be/tags/glubokae