Даручэнне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі па праверцы арганізацый АПК і выяўленні праблемных пытанняў будзе выканана тэрмінова, запэўніў падчас наведвання Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, перадае БЕЛТА.
— Кіраўнік дзяржавы загадаў нам жорстка рэагаваць на ўсе факты нядбайнасці, разбазарвання і крадзяжу маёмасці, — паведаміў ён. — Пры гэтым наша галоўная задача не проста выявіць, але і ліквідаваць парушэнні ў самыя кароткія тэрміны. Вельмі важна, і я папярэдзіў на нарадзе рабочай групы 4 красавіка пракурораў і іншыя ведамствы, каб праверкамі не перашкодзілі пасяўной, а ўсё было зроблена акуратна і ва ўзаемасувязі.
Нагадаем, што рабочыя групы па праверцы сітуацыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях працуюць з 5 красавіка. У іх увайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, МУС і Следчага камітэта. Мерапрыемствы праводзяцца ў форме маніторынгаў. Асноўны акцэнт падчас праверак будзе зроблены на праблемных пытаннях, што прагучалі на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны. Разам з гатоўнасцю гаспадарак да вясенняй сяўбы ў цэнтры ўвагі будуць і пытанні эфектыўнага выкарыстання тэхнікі, сельскагаспадарчых аб'ектаў, навядзення парадку на зямлі, своечасовасці выплаты заробку работнікам, захаванасці паліва, недапушчэння фактаў прыпісак і г. д.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/apk
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-kanyuk-0