Новы праект — гэта даніна Году малой радзімы. Тэарэтычна мы ведаем турыстычны патэнцыял нашай краіны, наколькі ён багаты і разнастайны. Але наколькі зручная і даступная ўся гэтая прыгажосць турыстам-адзіночкам? Наш праект стане карысным дапаможнікам для аматараў такіх вандровак. Каб усё было без падману, абяцаю пасведчанне журналіста не выкарыстоўваць. Значыць, у дарогу? Сёння гэта Мсціслаў.
Хачу ў Парыж або Лондан
Гэта я пра нашы беларускія «Парыж» і «Лондан». Той, хто хоць крышачку ведае Мсціслаў, у курсе, што там ёсць дамы з такімі назвамі. У ХІХ стагоддзі гэта былі камфартабельныя гасцініцы для прыезджых, а зараз тут жывуць звычайныя людзі. Скажу адно: звонку дамы выглядаюць нашмат лепей, чым унутры. Але жыхары ўсё роўна ганарацца: не кожнаму выпадае шчасце жыць у такіх знакамітых будынках. На фоне іх прывабных фасадаў любяць фатаграфавацца турысты.
Каб цалкам адчуць энергетыку горада, трэба пабываць на тутэйшым Мсціслаўскім фэсце, а потым вярнуцца іншым разам. І не мае значэння, якая гэта будзе пара года. Я, напрыклад, выбрала пачатак вясны. Калі вакол яшчэ шэра, сумна і не надта ўтульна. Але калі душа шукае прыгод і хочацца памяняць абстаноўку, трэба ехаць. Я адразу ж паставіла мэту нарэшце ўважліва вывучыць калекцыю мясцовага гісторыка-археалагічнага музея, даведацца, як выглядае ў будны дзень Замкавая гара з яе драўлянымі пабудовамі, наведаць Кармеліцкі касцёл Успення Божай маці, старадаўнія праваслаўныя храмы з іх цудатворнымі абразамі. Добра яшчэ, што ўсе гэтыя славутасці знаходзяцца, лічы, у адным месцы — у цэнтральнай частцы горада. Але для чалавека, які прыедзе сюды ўпершыню, усё ж такі добра будзе трымаць пад рукой карту Мсціслава. На жаль, у тутэйшых крамах я яе не знайшла. Таму раю адразу, як толькі прыбудзеце на аўтастанцыю, сфатаграфаваць планіроўку горада, што размешчана на стэндзе. Дзякуй тым, хто здагадаўся гэта зрабіць. Дарэчы, такі прыклад можна браць іншым на ўзбраенне. Асабліва калі горад маленькі і, як кажуць мясцовыя жыхары, там няма чаго паглядзець.
Гісторыя ў экспанатах
Дарогу да гісторыка-археалагічнага музея ў Мсціславе знайсці проста, у крайнім выпадку яе вам падкажа любы гараджанін. Панядзелак — не самы прыдатны дзень для актыўнага наведвання музея, хоць адміністрацыя працуе. І калі я з'явілася на парозе, мяне з задавальненнем прынялі. Можна было сэканоміць на экскурсіі і самастойна пахадзіць па залах, але ж гэта нецікава. Тым больш што 2 рублі 40 капеек — не такія вялікія грошы. Галоўны захавальнік Юлія Харальцова — сама, дарэчы, ураджэнка гэтага горада — цэлую гадзіну з захапленнем расказвала пра мінулае і сучаснае Мсціслава. Першае ўпамінанне пра яго адносіцца да 1135 года, але горад існаваў і раней, кажа яна. Яго заснаваў Расціслаў Мсціслававіч — унук Уладзіміра Манамаха — і назваў у гонар свайго бацькі Мсціслава Вялікага. Сын князя Расціслава Раман далучыў горад да Смаленскага княства, а пры яго ўнуку той заваяваў вялікі літоўскі князь Альгерд Гедзімінавіч і перадаў свайму сыну Лугвенію. Мсціслаў быў на мяжы ВКЛ з Расійскай імперыяй і яго пастаянна імкнуліся заваяваць. Таму ў музейнай экспазіцыі шмат зброі, пачынаючы ад наканечнікаў коп'яў і стрэл і заканчваючы алебардамі, баявымі сякерамі і ядрамі.
Цераз раку Віхру, на правым беразе якой знаходзіўся старажытны горад, праходзіў знакаміты гандлёвы шлях з варагаў у грэкі. У музеі ёсць цікавая калекцыя нумізматыкі і нават скарб. Ён быў знойдзены ў 90-я гады мінулага стагоддзя мясцовым жыхаром і перададзены музею. Гэта соліды і грошы часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Дзе выкладалі Колас і Гарэцкі
Мсціслаў наогул заўсёды быў прагрэсіўным горадам. Шмат яго ўраджэнцаў сталі вядомымі на ўвесь свет. Жыхары ганарацца сваім славутым земляком Пятром Мсціслаўцам. Тым самым, які разам з Іванам Фёдаравым надрукаваў у Маскве першую кнігу на рускай мове «Апостал». Мсціслаў — адзін з нямногіх райцэнтраў, дзе перад райвыканкамам замест помніка правадыру рэвалюцыі стаіць скульптура першадрукару. У музеі ёсць зроблены пад даўніну друкарскі станок ХVІ стагоддзя, і тут дазваляюць турыстам адчуць сябе Пятром Мсціслаўцам — зрабіць на памяць адбітак на паперы.
У горадзе існавалі жаночая і мужчынская гімназіі. У 20-я гады мінулага стагоддзя ў мужчынскай гімназіі размяшчаўся педагагічны тэхнікум, дзе выкладалі Якуб Колас і Максім Гарэцкі. Зараз будынак зачынены па прычыне яго аварыйнага стану. Перад закрыццём тут размяшчалася 1-я гарадская школа.
Дарэчы, ахвотныя могуць здзейсніць вандроўку не толькі па музеі, але і па горадзе. І даведацца яшчэ шмат чаго карыснага пра тутэйшыя аб'екты. Танней гэта зрабіць у складзе групы, але не адмовяць нават аднаму чалавек. Каштуе экскурсія 9 рублёў. Заадно будзе нагода ацаніць памеры таго няшчасця, якое адбылося не так даўно з адным з найпрыгажэйшых будынкаў горада — касцёлам езуіцкага калегіума. Абрынулася адна з яго сцен, і зараз ідзе збор грошай, каб выратаваць гэты ўнікальны помнік даўніны. Плануецца, што частка сродкаў ад абласнога суботніка будзе накіравана менавіта на яго аднаўленне.
А яшчэ, калі будзе магчымасць, абавязкова наведайце сабор Аляксандра Неўскага. Там знаходзяцца часткі мошчаў гэтага святога і Матроны Маскоўскай. А яшчэ там ёсць ікона Расціслава — заснавальніка Мсціслава. Ён быў далучаны да ліку святых як міратворац. За час яго праўлення не было ніводнай вайны, што ў Сярэднявеччы лічылася вялікай рэдкасцю. І яшчэ вельмі цікавая акалічнасць. У саборы ёсць цудатворная ікона Іверскай Божай Маці. Там расказалі, што яе быццам падараваў храму апошні рускі цар Мікалай ІІ.
Музей пачынаецца з лесвіцы
Вывучаць гісторыю ў Мсціславе можна па гістарычных малюнках, якія зрабілі на бетоннай агароджы сваёй установы выхаванцы Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа. Апошні, дарэчы, заслугоўвае, каб пра яго расказаць асобна. Пачула ад мясцовых, што там знаходзіцца ўнікальны музей. Не спадзявалася, што мяне прымуць, але пайшла. І мяне, турыстку, не толькі прынялі, але нават правялі экскурсію. Экспанатаў у музеі так шмат, што сёлета тут збіраюцца адкрыць яшчэ адну залу.
У вытокаў музея стаяў гісторык Уладзімір Шылянкоў, яго справу працягнулі выкладчыкі Ганна і Барыс Панцялеевы. Сам будынак, дзе размешчаны экспазіцыі, адносіцца да першай паловы ХІХ стагоддзя. Нават лесвіца, якая вядзе на другі паверх, арыгінальная. І прыступкі, і поручні — металічныя. Некаторыя балясіны ад часу прыйшлі ў непрыдатнасць, і таленавітыя навучэнцы пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Папова зрабілі новыя. Заўважыць розніцу немагчыма. Хоць старадаўнія былі літыя, а новыя — звараны. Калі ўбачыце на адной з цэнтральных вуліц фігуры рыцараў, ведайце — гэта справа рук Аляксандра Паўлавіча. Яго металічныя скульптуры можна сустрэць і ў іншых куточках горада.
А музей раю наведаць усім. Акрамя вельмі цікавай залы па гісторыі гэтай навучальнай установы, тут ёсць яшчэ вялікая калекцыя прадметаў быту мсціслаўскага краю. І рэчы сустракаюцца па-сапраўднаму ўнікальныя.
У сэрцы Мсціслава
Замкавая гара — гэта тое самае месца, дзе пачыналася жыццё слаўнага горада. Дзякуючы магілёўскім археолагам сёння любы ахвотны можа паглядзець тут частку бруку ХІ—ХІІ стагоддзяў і знаходкі, якія былі зробленыя падчас раскопак. Усё гэта размешчана пад дахам, каб надвор'е не сапсавала ўнікальны кавалачак даўніны. Тым, хто збіраецца гэта ўбачыць, трэба звяртацца ў гісторыка-археалагічны музей. Бо раскоп, як і вежа-данжон знаходзяцца на замку. Але можна проста пагуляць па тэрыторыі. З верасня па красавік уваход на Замкавую гару адкрыты з 10 гадзін раніцы да 17.00. У летні час — да 22.00. З гары можна спусціцца да сакральнай святыні горада — кагальнага калодзежа. Вельмі прыгожае намоленае месца. Тут б'юць чыстыя, як сляза, крыніцы і ёсць магчымасць акунуцца ў купель. Час у такіх умовах ляціць непрыкметна. Не паспела аглянуцца, як брамы замкавай крэпасці ўжо зачыніліся. Прыйшлося вяртацца ў горад іншым шляхам. Але тым, хто не ведае мясцовасці, трэба ўсё ж такі пільна сачыць за гадзіннікам.
Цэннік вандроўкі
Тое, што Мсціслаў прывабны для турыстаў, — гэта безумоўна. Пры вялікім жаданні сюды можна дабрацца без праблем. З Магілёва ў будны дзень з аўтавакзала курсіруе некалькі маршрутаў. Чыгункі ў Мсціславе, на жаль, няма. Бліжні населены пункт, да якога можна дабрацца на цягніку, — аграгарадок Ходасы, ад якога каля 20 кіламетраў да Мсціслава. На афіцыйным сайце райвыканкама ёсць тэлефоны тутэйшай гасцініцы з аднайменнай назвай «Мсціслаў». Яна знаходзіцца ў цэнтры горада. За аднамесны нумар мне прыйшлося аддаць 21 рубель. Шчыра кажучы, свае лепшыя часы гасцініца бачыла даўно, таму відавочна мае патрэбу ў рамонце.
Цяпер што датычыцца харчавання. У горадзе ёсць сімпатычныя кавярні, але сціплы перакус там можа каштаваць каля 5 рублёў. У рэстаране «Віхра» нават атрымалася паснедаць танней. Порцыя бульбяных аладак, напрыклад, каштавала каля 2 рублёў, што нават танней, чым у кавярні.
Было вялікае жаданне з'ездзіць у Пустынскі манастыр, што за 10 кіламетраў ад горада. Але, на жаль, з аўтастанцыі туды аўтобусы не ходзяць — нерэнтабельны маршрут. Можна скарыстацца таксі, але толькі ў адзін бок дарога абыдзецца ў 10 рублёў. І столькі ж назад. Ёсць магчымасць даехаць на аўтобусе да Малой Багацькаўкі, радзімы нашага славутага пісьменніка Максіма Гарэцкага. Але, каб наведаць мясцовы музей, трэба спачатку дамовіцца са спецыялістамі раённага гісторыка-архітэктурнага музея. Не пашкадуеце.
Пэўную суму выдаткавала на сувеніры. Вельмі раю наведаць тутэйшы Дом рамёстваў, дарогу ў які падкажа любы жыхар. Выбар там сапраўды вялікі, шмат сувеніраў з беларускай сімволікай. Асабіста я купіла сабе талерку з выявай Кармеліцкага касцёла за 6 рублёў. Павесіла на сцяну і любуюся. Да чаго ж прыгожа!
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pershadrukar
[4] https://zviazda.by/be/tags/daunina
[5] https://zviazda.by/be/tags/mscislau
[6] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-mscislavec