Напярэдадні Міжнароднага дня Маці-Зямлі (адзначаецца 22 красавіка) эксперты расказалі, як захаваць і ўстойліва выкарыстоўваць біялагічную і ландшафтную разнастайнасць, і што робіцца ў нашай краіне для гэтага.
Акрамя зацвярджэння Схемы нацыянальнай экалагічнай сеткі, мэта якой — захаваць каштоўныя прыродныя тэрыторыі ў натуральным стане, сёлета адбыліся змены і ў некаторых асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч, сёлета пераўтвораны рэспубліканскія заказнікі «Прыбужскае Палессе», плошча якога павялічылася на 9280 га, і «Сэрвач». Падрыхтаваныя пакеты дакументаў па пераўтварэнні заказнікаў «Чырвоны Бор» і «Буслоўка».
Сёння Мінпрыроды таксама прымае ўдзел у рабоце над законапраектамі, падрыхтоўка якіх была ініцыяваная дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адзін з іх — новая рэдакцыя Закона «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», у якой прадугледжана кансалідацыя абмежаванняў і забарон, што ўсталёўваюцца на ААПТ розных катэгорый, а таксама перанос на ўзровень закона прававых нормаў падзаконных актаў, шматгадовая практыка прымянення якіх дазваляе гэта зрабіць.
— Такім чынам, гэты закон павінен наблізіцца да паняцця «закона прамога дзеяння», з мінімальнай колькасцю адсылачных нормаў, — падкрэсліў Андрэй Кузьміч.
Дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі адзначыў, што АПБ імкнецца да таго, каб усе віды птушак былі пад аховай, сёння такіх толькі 75 %. Вострая тэма — паляванне на крылатых. Справа ў тым, што ў экзамене на білет паляўнічага няма ніводнага пытання пра птушак. Паляўнічыя не ведаюць іх і часта знішчаюць прадстаўнікоў рэдкіх відаў. Аляксандр Вінчэўскі прапануе пераняць вопыт Нідэрландаў: там дазволена паляваць толькі на крыжанку, курапатку і фазана.
Яшчэ адзін законапраект, падрыхтоўка якога ідзе ў краіне, прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб раслінным свеце» з улікам напрацаванай практыкі прымянення нормаў, уключаных у гэты закон у 2016 годзе. Згаданы дакумент будзе закранаць пытанні парадку выдалення аб'ектаў расліннага свету, кампенсацыйных пасадак і кампенсацыйных выплат кошту выдаленых аб'ектаў расліннага свету, рэгулявання адносін, звязаных з азеляненнем тэрыторый у населеных пунктах. Акрамя таго, пачата работа па арганізацыі падрыхтоўкі праекта Закона «Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)».
Андрэй Кузьміч таксама заклікаў усіх грамадзян нашай краіны ў Год малой радзімы звярнуць увагу на прыроду родных мясцін, унесці свой пасільны ўклад і дапамагчы ёй стаць больш чыстай, бо толькі ўсе разам мы зможам зрабіць Беларусь яшчэ лепшай.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony