Вольга Няфёдава, якая іграе ў Купалаўскім тэатры і знялася ў дзясятках фільмаў, працавала на радыё, вядзе тэлеперадачу, канцэрты і здымаецца ў рэкламе, дасягнула, здаецца ўсяго, аб чым іншыя могуць толькі марыць. У той жа час сама Вольга ўпэўнена: яе энергіі хапіла б на большае. Аб нюансах акцёрскай прафесіі і нерэалізаваных пакуль жаданнях мы пагутарылі з актрысай.
— Вольга, паколькі мы з вамі размаўляем перад самым пачаткам спектакля, можна зрабіць выснову, што настройваецеся да выхаду на сцэну вы хутка...
— У «Рэвізоры» ў мяне невялікая роля, тут своеасаблівай падрыхтоўкі не патрабуецца. Павінен быць добры настрой, і важна, каб ніхто яго не сапсаваў — вось і ўся настройка. Калі ў спектаклях у мяне больш сур'ёзныя ролі, прыходзіш загадзя, адкрываеш п'есу, хоць і памятаеш словы, усё роўна аднаўляеш іх у памяці.
— «Рэвізор» з аншлагам ідзе ў «Купалаўскім». У чым, на ваш погляд, сакрэт папулярнасці спектакля?
— Некалькі гадоў таму, калі Мікалай Пінігін (мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра. — Аўт.) ставіў «Пінскую шляхту», памятаю, як нам, акцёрам, раздалі сцэнарый, а там шэсць старонак, і незразумела, што і як іграць... Тады Мікалай Мікалаевіч нагадаў нам важную рэч: што класіка — гэта штосьці паказальнае, характэрнае, а тэма, якая падымаецца ў творы, — вечная. Той жа «Рэвізор» — пацвярджэнне гэтаму. Так, Мікалай Пінігін падаў яго ў новай, не класічнай форме, і ён гучыць актуальна. У гэтым і поспех.
— Нягледзячы на тое, што роля ў «Рэвізоры» эпізадычная, вам удаецца стварыць незабыўны вобраз, а ваша харызма прарываецца нават з другога плана...
— Харызма просіць галоўных роляў (усміхаецца). На сцэне ў мяне проста добры настрой і нават стан куражу. Забаўляеш сябе, каб роля не ператварылася ў руціну, каб не было ў першую чаргу самой сумна.
— Крыўдна, калі даюць не галоўныя, а эпізадычныя ролі?
— Насамрэч рэжысёру лепш відаць, на якую ролю цябе запрасіць. З узростам усведамляеш, што акцёрская і рэжысёрскія прафесіі вельмі розныя. Як у кіно, так і ў спектаклі рэжысёр бачыць прадукт цалкам, і ўсе акцёры, тыпажы збіраюцца для ўвасаблення адзінай думы. Мне крыўдна крыху іншае: што цяпер я не іграю ў стандартнай класіцы.
Мне 48 гадоў, і я адчуваю, што апошнім часам засумавала па Астроўскім, Чэхаве — па той класіцы, дзе ёсць душа. Ад усемагчымых формаў у новых спектаклях я крыху стамілася.
— Згаданая «Пінская шляхта», дзе вы бліскуча ўвасабляеце Куліну, чым не класіка?
— Згодна, класіка. Але хочацца яшчэ больш гарачых пачуццяў — славянскіх, душэўных. Вельмі люблю трагікамедыю, калі ўсе спачатку смяюцца-смяюцца, а потым плачуць. Гэта мой жанр. Я ж не трагічная актрыса.
— Прычым пры ўвасабленні нават сур'ёзных персанажаў вам удаецца дадаць нешта камедыйнае. Як, напрыклад, у дэтэктыве «Вечнае спатканне», дзе ў вас роля вельмі інтэлігентнай жанчыны, якая ў рэшце рэшт нават уступае ў бойку...
— Я абажаю такія ролі: сур'ёзнай цёткі ў акулярах. Яны з мужам прыехалі ў вёску, дзе набылі дом, а тут нехта ўсіх забівае... Я вельмі люблю, калі рэжысёр, а гэта Уладзімір Янкоўскі, дае табе такі карт-бланш — рабі што хочаш. Тую ж сцэну бойкі мы прыдумалі самі — як варыянт таго, як магла паводзіць сябе інтэлігентная сям'я ў вёсцы.
— У той жа ролі дырэктара Дома састарэлых у фільме «Доктар смерць» ваша гераіня — сур'ёзная жанчына пры пасадзе, якой, аднак нішто чалавечае не чужое. «Трэба праплаціць знаходжанне», — звяртаецца яна да сваякоў...
— Рэжысёр Саша Назараў паставіў мне такую задачу: ты, Вольга, павінна быць Чарнамырдзіным гэтага Дома састарэлых — са стальной хваткай, таму я там нават размаўляю адрывіста. Ад працы з добрым рэжысёрам атрымліваеш кайф. Табе ставяць задачу, кажуць, што рабіць, а як гэта ўвасобіць, ты сам разумееш. Тады і атрымліваецца нешта добрае, магчыма, смешнае, магчыма, заразлівае.
— Але ўсё ж такі патрэбны вялікі талент: сказаць літаральна дзве фразы, але так, каб яны сталі шэдэўрам. Як у кліпе гурта «Ленінград» «Адпускная»: «Валянцін, выбі дыван, вынесі смецце!»
— Зноў-такі прыдумвалі разам з рэжысёрам некалькі варыянтаў: давай так зробім, давай гэтак. Прычым у кліп мяне спачатку спрабавалі на ролю адной з прадаўшчыц. Прыйшла на кастынг і кажу: я не падыходжу нават з-за ўзросту, але калі лічыце, што я — прадаўшчыца, калі ласка, давайце паспрабуем. А пасля мне патэлефанавалі і сказалі, што Сяргей Шнураў вырашыў, што я буду іграць ролю жонкі героя Вадзіма Галыгіна. А вось да нашумелага кліпа самога Вадзіка ў стылі «а-ля Ленінград» — маю на ўвазе «8 Сакавіка» — у мяне вельмі негатыўныя адносіны. Хоць па акцёрскіх работах усё вельмі здорава. Але такія дэбаты разгарнуліся нездарма, бо зроблены ён на мяжы пошласці, нават спаўзае ў пошласць. Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне. Ды яшчэ гэта трасянка...
— «Рэвізор», між іншым, таксама ж на трасянцы...
— У спектаклі гэта спецыяльны прыём, і ён не выклікае пошлых асацыяцый. У «Рэвізоры» трасянка дарэчы, бо ёсць пэўная мэта — падкрэсліць местачковасць. А ў кліпе як быццам бы сказалі: быдла ёсць быдла. Мяне таксама запрашалі здымацца, але я адмовілася адразу. Вадзік імкнуўся зрабіць сцёб, а атрымалася пошласць.
— Рэжысёры часта эксплуатуюць ваш вобраз жанчыны, якая ў «пылаючую хату зойдзе». Наколькі вам у ім камфортна і ці не надакучвае?
— Мне вельмі шкада, што ніхто не паклікаў мяне ў добрую трагікамедыю. Гэта такі жанр, якім валодае мала хто з акцёраў, эліта тэатра. Такі талент ёсць, напрыклад, у Віктара Манаева, Зоі Белахвосцік, Алены Сідаравай. І, зразумела, крыўдна, што мяне не выкарыстоўваюць у больш глабальных ролях у кіно. А там свае правілы: галоўная гераіня павінна быць лірычнай, бо ёй будуць суперажываць. Але, магчыма, у наступным жыцці я стану рэжысёрам.
— Калі выбіраць паміж кіно і тэатрам, што вам бліжэй?
— Скажу, як усе тэатральныя акцёры: бліжэй тэатр. Бо ён дазваляе за дзве з паловай-тры гадзіны пражыць ролю ад пачатку да канца. І прайсці ўсе ўзлёты і падзенні ў жыцці твайго персанажа, а глядач перажывае катарсіс. Кіно ў гэтым плане больш складанае. Эпізоды часам пачынаюць здымаць з канца, калі ты яшчэ не ведаеш свайго героя, не пражыў з ім усё ад пачатку, а трэба выдаваць фінал. І перайграць пасля не атрымаецца.
Па акцёрскім напаўненні, па перажываннях мне бліжэй тэатр. Для пазнавальнасці, прафесійных амбіцый, пачуцця самалюбства — кіно.
— Вы з'яўляецеся вядучай многіх канцэртаў, у тым ліку «Александрыя збірае сяброў». Прысутнасць вышэйшых кіруючых асоб накладвае дадатковую адказнасць?
— Безумоўна. Але мы, акцёры, робім тое, што павінны, наколькі нам дазваляе талент, пачуццё меры, такту. Нервознасць ва ўсе гэтыя праекты ўносяць тыя, хто баіцца, што нешта не спадабаецца, правяраюць дзясяткі разоў. Дарэчы, гала-канцэрт «Купальская казка» на свяце «Александрыя збірае сяброў» быў праектам тэлеканала АНТ. Я люблю з імі працаваць, гэта вельмі крэатыўная каманда. Час ад часу ўдзельнічаю ў іх праектах: тых жа «Песнях маёй краіны», «Давай пажэнімся».
— Дзе падглядаеце тыпажы сваіх гераінь?
— На першым курсе тэатральнай акадэміі мы рабілі такі эцюд, як назіранне. Нас прасілі сачыць, напрыклад, за пажылымі жанчынамі, за мурашкамі, за касірамі ў магазіне. І гэты навык выпрацоўваецца на ўсё жыццё. Ты абавязкова звернеш увагу на нейкага незвычайнага ці наадварот звычайнага чалавека. І цяпер, калі чытаеш сцэнарый, разумееш, што гэта можа быць так ці вось гэтак. Але ўсё роўна гэта я, Вольга Няфёдава ў прапанаваных абставінах.
— Ведаю, што вы працавалі на фарфоравым заводзе, дзе, напэўна, таксама атрымалі пэўную базу для будучых роляў...
— Я не паступіла ў Маскву ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага майстэрства па ўласнай дурасці — заваліла апошні экзамен. І вярнулася ў Мінск. З падачы таты 17-гадовай дзяўчынкай пайшла да канвеера на фарфоравы завод. І гэта была сапраўдная школа жыцця. Самае страшнае для мяне — ранні пад'ём. Мама палівала мяне вадой, каб я прачнулася а шостай гадзіне раніцы, бо а восьмай трэба быць на заводзе. Спачатку працавала рабочай: лічыла талеркі і сачыла, каб яны былі не бітыя, ставіла іх у скрыні і падымала на канвеер. Там я, дарэчы, пачала курыць. Жанчыны, у падпарадкаванні якіх я была, пастаянна хадзілі на перакур, а мяне пакідалі адну на канвееры. Хутка я зразумела, што трэба хадзіць з імі, бо працаваць не хацелася, і ўцягнулася ў курэнне.
Праз некалькі месяцаў я стала кантралёрам АТК, а гэта яшчэ горш, чым проста рабочы. Я павінна была хадзіць з лінейкай і выяўляць брак. Прычым у рабоце дарослых жанчын, у якіх сем'і і якія просяць не зніжаць каэфіцыент.
А я чалавек жаласлівы, і ў выніку талеркі няправільнай формы накіроўваліся ў печ, дзе і лопаліся. Калі нам назад прыходзіў «бой» — біты посуд, мяне выклікала кіраўніцтва і «выхоўвала» па поўнай. ...Але ўсё ж добра, што фарфоравы завод быў у маім жыцці, бо на наступны год я адразу паступіла.
— З дзяцінства ведалі, што акцёрская прафесія — гэта ваша?
— Так, бо нават не ўяўляю, кім бы яшчэ магла быць. Праўда, у дзяцінстве хацела стаць доктарам. Але калі ў мяне моцна захварэла мама, самы блізкі ў маім жыцці чалавек, я імкнулася выратаваць ёй жыццё, разам змагаліся ў бальніцах чатыры гады, — зразумела, што ўрачом быць не магла б. Занадта прымаю ўсё блізка да сэрца.
— Акцёрская прафесія таксама эмацыянальна выпустошвае. Як аднаўляецеся?
— Цішыня і прырода даюць мне сілы. Трынаццаць гадоў я правяла ў FM-эфіры, з музыкай у вушах, а цяпер хочацца цішыні. Мне не сумна ў адзіноце, люблю пачытаць ці нешта рабіць, марыць. Ёсць у мяне невялікі домік у вёсцы, з глухім плотам — каб мяне ніхто не турбаваў. І мне там вельмі камфортна, нават у горад не хочацца... Усё ж такі ў адрозненне ад прафесіі ўрача акцёрства больш літасцівае да ўладальніка гэтага майстэрства: хоць ты і выпусташаны пасля сцэны, усё можна выправіць і энергію аднавіць.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/volga-nyafyodava
[5] https://zviazda.by/be/tags/revizor
[6] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-pinigin
[7] https://zviazda.by/be/tags/vechnae-spatkanne
[8] https://zviazda.by/be/tags/doktar-smerc
[9] https://zviazda.by/be/tags/aleksandryya-zbirae-syabrou