Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў не першы год на асабістым прыкладзе дэманструе землякам, што спартыўныя рэкорды можна ўстанаўліваць у любым узросце. Нядаўна лідар Прыдзвінскага краю ў міжнародных спаборніцтвах па жымавым дваябор'і «Славянскі кубак», як і летась, устанавіў рэкорд Еўропы і, адпаведна, Беларусі сярод ветэранаў спорту.
Турнір адбыўся ў віцебскім Цэнтральным спартыўным комплексе. У ім бралі ўдзел больш за 150 атлетаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Узбекістана.
У першай спробе жыму на максімум губернатар узяў вагу ў 167,5 кг, другі падыход — 172,5 кг. А падчас заключнага этапу спаборніцтваў 100-кілаграмовую штангу ён падняў 25 разоў.
Нагадаем, што Мікалай Шарснёў таксама паспяхова выступае на спаборніцтвах па гіравым спорце і ўжо не раз станавіўся пераможцам. Напярэдадні віцебскага турніру ён сказаў прадстаўнікам СМІ, што займаецца спортам яшчэ і дзеля таго, каб на спаборніцтвах моладзь задумвалася пра неабходнасць прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.
Падтрымлівалі старшыню аблвыканкама падчас выступлення не толькі гледачы, але і сям'я, сёлета ў турніры браў удзел і яго сын Уладзімір.
Сілавыя віды спорту становяцца ўсё больш папулярнымі на Віцебшчыне. Мікалай Шарснёў у свой час стаў ініцыятарам размяшчэння вулічных комплексаў для трэніровак. І яны ёсць не толькі ў абласным цэнтры, але і ў райцэнтрах і пасёлках.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-sharsnyou