Легендарнага гандбаліста Андрэя Клімаўца складана назваць беларусам ці немцам. На самым пачатку 90-х ён зрабіў першыя крокі ў сваёй кар'еры ў мінскім СКА, з якім стаў трохразовым пераможцам чэмпіянату краіны, а ў 1995 годзе перабраўся гуляць у Германію.
За зборную Беларусі Клімавец правёў 101 афіцыйны матч і на доўгі час упісаў сваё імя ў гісторыю як рэкардсмен па ліку паядынкаў і найлепшы бамбардзір беларускай дружыны. Аднак пасля трыццаці спартсмен аказаўся не запатрабаваны ў камандзе сваёй краіны — калектыў узяў курс на амаладжэнне. Хоць сіл гуляць, а галоўнае, жадання і амбіцый у Клімаўца тады яшчэ хапала, таму на прапанову ад нямецкага боку аб змене грамадзянства ён адказаў станоўча. Неўзабаве ў складзе бундэстым гандбаліст стаў чэмпіёнам свету і ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў. Цяпер трэнер нямецкага клуба Андрэй Анатолевіч пастаянна жыве ў Германіі, аднак нязменна летам прыязджае ў родную Беларусь. Гэта і стала падставай для сустрэчы і вялікай размовы пра лёс спартсмена за мяжой.
— Андрэй Анатолевіч, на радзіме з'яўляецеся кожнае лета?
— Так, абавязкова. Атрымліваецца толькі раз на год. За летні адпачынак спрабую аб'ездзіць усіх сваякоў і сяброў, убачыць як мага больш знаёмых, з'ездзіць у вёску, схадзіць на рыбалку. Да таго ж у Гомелі праводзяць турнір майго імя, заўсёды імкнуся прысутнічаць там.
— Ці заўважаеце, мяняецца краіна?
— Вядома, становіцца ўсё больш прыгожай, горад расце, становіцца чыстым, зручным. Гэта датычыцца як Мінска, так і Гомеля, заўсёды бываю і там і там. Нават вось гэтую залу (мы размаўлялі падчас Кубка Беларусі па гандболе ў Палацы спорту «Уручча» — Аўт.) не параўнаць з той, якая была ў часы, калі я тут трэніраваўся. Тады гэта быў лёгкаатлетычны манеж, былі дарожкі, лёгкаатлеты бегалі па іх, а пасярэдзіне было поле, дзе трэніраваліся мы на тартане. Зараз залу не параўнаць, усе ўмовы для таго, каб развівацца.
— Настальгіруеце?
— Вядома, я тут адыграў гадоў 20, гэтая зала для мяне родная.
— Кожны раз, калі прыязджаеце ў Беларусь, вас можна ўбачыць на гандболе...
— Для мяне гэта магчымасць сустрэць знаёмых, сёння, напрыклад, убачыўся са сваім першым трэнерам. Пабачыцца з гульцамі, пагутарыць цікава. З Ванем Броўка разам гулялі ў «Мельзунгене», супраць Сяргея Рутэнкі выступаў у Лізе чэмпіёнаў, сёння яны ўсе тут.
* * *
— Чым цяпер займаецеся ў Германіі вы і сям'я?
— Я трэнер клуба 3-й лігі «Пфорцхайм». Працую з імі ўжо некалькі гадоў, застаюся і на наступны сезон. Калі быў гульцом, часу вольнага не было — раз'езды, гульні, трэніроўкі, адпачынак там зусім маленькі, плюс гульні за зборную, атрымлівалася так, што я амаль дома не бываў. Цяпер усё па-іншаму, усё змянілася. Больш магу планаваць свой час.
Сын гуляе ў мяне ў камандзе, яму 19 гадоў. Пакуль падабаецца, а як будзе атрымлівацца ў яго далей — паглядзім. Жонка працуе ў басейне інструктарам, а дачка вучыцца на юрыста.
— Да чаго так і не змаглі прывыкнуць у Германіі?
— За 22 гады ўжо прывык да ўсяго. Я і там дома, і тут дома.
— У чым бачыце асноўную розніцу паміж краінамі?
— Менталітэт у людзей, вядома, іншы. У немцаў распарадак строгі, у нас усё больш свабодна. Я жыву ў невялікай вёсцы, пасля дзевяці гадзін вечара на вуліцы ўжо нікога не ўбачыш. Яны вельмі рана ўстаюць, з'язджаюць на працу ў шэсць гадзін раніцы, таму кладуцца спаць рана. Адпачываюць толькі ў выхадныя, выходзяць у рэстараны. А не так, як у нас: могуць і ў панядзелак. Пунктуальнасць на самым вышэйшым узроўні, ну а ў Беларусі, як вядома, людзі больш жывуць па прынцыпе «пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца».
— Для вас які лад жыцця больш камфортны?
— Думаю, ужо нямецкі. Там у цябе ёсць распарадак, якога прытрымліваешся, і гэта дае пэўныя гарантыі ў жыцці. Што датычыцца спорту, то цяпер усё больш людзей у Беларусі вядуць здаровы лад жыцця. Раней такога не было: колькі людзей на веласіпедах, колькі бегае. У Германіі так ужо даўно.
Залы ніколі не пустуюць, у іх у гандбол у 6-й лізе гуляюць 50-гадовыя дзядулі. Калі хочаш, напрыклад, пайсці пагуляць у бадмінтон, трэба заказваць пляцоўку загадзя. Людзі жывуць і атрымліваюць задавальненне.
— Калі прыгадаць ваш першы прыезд у Германію, чакалі, што затрымаецеся настолькі доўга?
— Што вы, ніколі! Першы год для мяне быў вельмі цяжкі. Я не ведаў мовы, быў адзін... Праз паўгода ўсё надакучыла, хацеў з'ехаць дадому, але потым неяк прывык, праз год падвучыў мову, усё астатняе само сабой стала на свае месцы. Ну а чым далей, тым было прасцей.
* * *
— У Германію вы з'язджалі са СКА?
— Так, паступіла вельмі добрая прапанова, адмаўляцца было б глупствам.
— Якія самыя яркія моманты з выступленняў за СКА і зборную Беларусі засталіся ў памяці?
— Напэўна, чэмпіянат Еўропы ў Ісландыі, гэта мой першы турнір, мне было гадоў 18. Я атрымаў шмат эмоцый і ў гульнявым плане, і сама Ісландыя вельмі запомнілася.
— Вы трапілі ў зборную, калі там гулялі алімпійскія чэмпіёны.
— Так, Косця Шаравараў, Андрэй Барбышынскі, Саша Мінеўскі, Міша Якімовіч, Саша Тучкін.
— Як яны вас сустрэлі?
— Гэта не для прэсы. (Смяецца.) Як і ва ўсіх камандах, былі свае звычаі. Старыя — гэта старыя, маладыя — маладыя, не было дзедаўшчыны, але была пэўная іерархія. Мы павінны былі насіць мячы, збіраць іх пасля трэніроўкі, за «мазюку» адказваць, калі мы жывём недзе ў гасцініцы, хадзіць усіх будзіць. Думаю, усе праз гэта праходзілі, нічога ганебнага.
А на пляцоўцы, калі ты малады, а побач з табой гуляюць алімпійскія чэмпіёны, ты, вядома, адразу адчуваеш сябе не асабліва ўпэўнена, але праз пару гульняў усё праходзіць.
— Гісторыю са зменай грамадзянства сёння ўспамінаеце нармальна?
— Так. Для Беларусі я быў ужо стары, мне было 32 або 33 гады, у зборную выклікаў я не атрымліваў, а для нямецкай зборнай падыходзіў. Паступіла прапанова ад трэнера Хайнера Бранда, я падумаў, чаму б не, чаму не паспрабаваць. Хацелася яшчэ пагуляць на такім высокім узроўні.
— Калі сыходзілі са зборнай Беларусі, ёю кіраваў Спартак Мірановіч?
— Так, але ніякіх нацягнутых адносін, як пісалі ў прэсе, у нас з ім ніколі не было. Я заўсёды казаў, што Спартак Пятровіч — гэта мой найлепшы трэнер за ўсе часы ў гандболе.
— Напэўна, глядзелі на вас скоса і асуджалі тады многія?
— Так, і ў газетах пісалі, але я стараўся наогул нічога не чытаць, прапускаць міма. Я лічу, што, калі чалавек да нечага імкнецца, глядзіць у будучыню, нічога ганебнага ў гэтым няма. Ды і для зборнай Беларусі я зрабіў шмат, не ведаю ці пабіты гэты рэкорд зараз, але тады згуляў за каманду больш за ўсё матчаў і закінуў больш за ўсё мячоў, таму сумленне мяне не мучыць.
— Як адрэагавалі на змену грамадзянства родныя?
— Ды ўсё добра, падтрымалі, без праблем.
— У Германіі ўдалося стаць сваім?
— У нямецкай зборнай былі выдатныя адносіны, не проста камандныя, а сямейныя. Рабілі ўсё, каб не толькі гульцы, але і іх сем'і мелі зносіны паміж сабой. Нас выклікалі на зборы разам з жонкамі і дзецьмі. Мы трэніраваліся, а жонкі проста займаліся спортам, у абед разам маглі адпачываць, потым ладзілі дзень спаборніцтваў, калі мы былі разбітыя на пары і гулялі ў бадмінтон, футбол, валейбол. Гэта было вельмі цікава і нязвыкла.
— Памятаеце свой першы матч за зборную Германіі?
— Так шмат іх адыграў, што першы не памятаю дакладна. Увогуле ў мяне іх было 77. Я трапіў на чэмпіянат Еўропы, выйграў чэмпіянат свету, пабываў на Алімпійскіх гульнях. Паездзіў вельмі шмат. Найбольшых поспехаў дамогся менавіта з нямецкай зборнай. Думаю, выйграць чэмпіянат свету са зборнай Беларусі мне б не ўдалося.
— Але вы так і не праспявалі гімн Германіі...
— Нават не ведаю, як растлумачыць чаму...
— Цяперашняя нямецкая зборная моцна адрозніваецца ад вашай?
— Так, пакаленне змянілася, прыйшло шмат маладых гульцоў, гандбол стаў яшчэ хутчэйшы, больш сілавы, падбор гульцоў зусім іншы, фізічнае развіццё стала нашмат мацнейшае. Так увесь час адбываецца, гэта нармальны працэс.
— Калі ўзяць зборную вашага часу і цяперашнюю, як думаеце, хто б выйграў?
— Цяжка сказаць, шмат зорак было ў нас, шмат іх і цяпер. Дарэчы, з той зборнай мы часта збіраемся і зараз. Для нас арганізуюць турніры дзесьці каля пяці разоў на год, усе атрыманыя грошы ідуць на дабрачыннасць. Гэта вельмі прыемна — і пабачыцца, і дапамагчы камусьці.
* * *
— У Беларусі часта бываеце на гандболе, можаце ацаніць яго цяперашні стан?
— Назіраю рост. Адкрываецца ўсё больш дзіцячых школ, прыцягваецца шмат трэнераў, якія самі раней гулялі ў гандбол, якія сапраўды могуць навучыць і перадаць свой вопыт. Я лічу, гэта правільна: чым больш дзяцей будзе, тым больш чалавек потым прыйдзе ў зборную, тым больш зорак можна будзе знайсці.
— Многія звяртаюць увагу на слабы ўнутраны чэмпіянат.
— Так. Толькі вось пытанне, як зрабіць яго моцным? Мне здаецца, усё ўпіраецца ў фінансы, вядома, калі клуб можа дазволіць сабе добрых гульцоў, і ўзровень адразу падымецца і ўсе пачнуць расці. Чым больш моцных камандаў, тым больш вопыту, канкурэнцыі, а так атрымліваецца, што часам і глядзець не вельмі цікава.
— Ці сачылі за БГК імя Мяшкова ў Лізе чэмпіёнаў?
— Калі ёсць час, гляджу. Брэст — гэта прыстойная каманда, добрыя гульцы, зусім іншы ўзровень.
— Што скажаце пра палітыку мінскага СКА, які вырошчвае моцных гульцоў, а потым яны сыходзяць у еўрапейскія клубы?
— Для гульца, які сыходзіць у моцны клуб, гэта добра. Ён не варыцца ў гэтай кашы, а бачыць нешта новае, дадае ў майстэрстве, расце. У спартсмена век кароткі, таму яму трэба паспець не толькі нешта выйграць, але і зарабіць на будучыню, каб пракарміць сям'ю.
— Вам было б цікава згуляць у сучасны гандбол?
— Чаму не? Я ў сябе ў 3-й лізе яшчэ бегаю, але толькі ў абароне выходжу.
— Пра што вы цяпер марыце, вашы трэнерскія амбіцыі?
— Таксама развівацца і калі-небудзь не толькі трэцюю лігу трэніраваць, а хацелася б паспрабаваць далей, пайсці і ў другую, і ў першую. Цяжкавата мяняць род дзейнасці, калі аддаў аднаму ўсё жыццё, таму лічу, што трэба ўдасканальвацца ў гэтай галіне. Думаю, што разумею трошкі ў гандболе.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandbol