Сярод іншых падарункаў, што прывезлі ў Беларусь дзеячы культуры і мастацтва Татарстана ў межах Дзён культуры, — і кніга перакладаў беларускай паэзіі «Хуш Килесез — калі ласка!: беларускія паэты».
Укладальнікі гэтай анталогіі вершаў 30 мастакоў слова — народны паэт Татарстана Рэнат Харыс і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. Пад адной вокладкай — майстры прыгожага пісьменства ад Францыска Скарыны да Юліі Алейчанкі. Рэнат Харыс — перакладчык твораў усіх 30 аўтараў. Пісьменнік з Казані паспрабаваў стварыць панараму развіцця беларускай паэзіі ў часе. Францішка Багушэвіча дапаўняюць Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Міхась Чарот. У кнізе прадстаўлены вершы Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна. З сучаснікаў паэтычны дыялог з татарскім чытачом вядуць Мікола Чарняўскі, Віктар Гардзей, Раіса Баравікова, Леанід Галубовіч, Міхась Пазнякоў, Мікола Мятліцкі, Змітрок Марозаў, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Людміла Рублеўская. Заўважыў Рэнат Харыс і літаратурную моладзь, пераклаўшы вершы Таццяны Сівец і Юліі Алейчанкі. Канешне ж, шматаблічная беларуская паэзія мае права на больш шырокае знаёмства. Пра гэта, пра планы на будучыню ў гэтым кантэксце ўдалося запытацца ў народнага паэта Татарстана ўжо ў Мінску. І вось што адказаў Рэнат Харыс:
— Спадзяюся, што гэта толькі пачатак знаёмства татарскага чытача з беларускай паэзіяй у ХХІ стагоддзі. Я чытаю «Нёман», знаёмлюся праз інтэрнэт з літаратурна-мастацкай перыёдыкай на беларускай мове. Ведаю пра часопісы «Полымя», «Маладосць», газету «Літаратура і мастацтва». І несумненна, буду далей рухацца ў перакладчыцкай справе. Татары з беларусамі сябруюць здаўна, сябруюць стагоддзямі. А значыць — і ўсе падставы для шырокага супрацоўніцтва нашых літаратараў даўно закладзены.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura