Хмарнасць прагназуецца ў аўторак, а далей будзе практычна суха, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У сераду і чацвер наша краіна будзе знаходзіцца ў асноўным у вобласці павышанага атмасфернага ціску, сфарміраванай ва ўмерана цёплай паветранай масе. Праўда, у паўднёвых раёнах адаб'ецца ўплыў атмасфернага фронту, які перамяшчаецца па поўначы Украіны. Чакаецца пераменная воблачнасць, будзе пераважна без ападкаў. Толькі ў некаторых раёнах па поўдні магчымы кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Вецер умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе ад плюс 8 да плюс 14 градусаў, удзень — ад 20 цяпла па паўночным усходзе да плюс 28 градусаў па поўдні краіны.
Пераважна без ападкаў чакаецца і ў пятніцу, толькі месцамі па захадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, часам з навальніцамі. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 9 да 16 цяпла, удзень будзе ўжо 22—29 цяпла.
Па звестках Белгідрамета, на выхадных у некаторых раёнах пройдуць кароткія цёплыя дажджы, прашумяць навальніцы. Удзень прагназуецца ад плюс 21 да плюс 28 градусаў, а ў паўднёвых раёнах у гэтыя дні чакаецца ўвогуле гарачыня — 30—31 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1