Верталётны чэмпіянат свету адбудзецца на аэрадроме Баравая з 23 да 29 ліпеня і збярэ больш за 100 пілотаў з Беларусі, Расіі, Германіі, Украіны, Польшчы, Кітая, Аўстрыі і Вялікабрытаніі. Каманды Чэхіі і Швейцарыі будуць выступаць у якасці назіральнікаў.
Усе ўдзельнікі будуць спаборнічаць у выкананні чатырох практыкаванняў: «Навігацыя», «Паралельны палёт на дакладнасць», «Паралельная развозка грузаў» і «Паралельны слалам». Нацыянальныя каманды выступяць на двух тыпах верталётаў: Мі-2 і Робінсан-44.
Беларускія авіятары — у ліку фаварытаў турніру, на папярэднім чэмпіянаце ў Польшчы яны заваявалі сярэбраныя ўзнагароды. Нашу краіну прадставяць сем экіпажаў, у склад нацыянальнай каманды ўвайшлі самыя знакамітыя спартсмены абароннага таварыства: майстры спорту міжнароднага класа Андрэй Роганаў, Уладзімір Бугаёў, Мікіта Лапцеў, Уладзімір Стрыянок, Антон Данчанка, Аляксандр Грышчанка, Аляксей Мачанскі. Жаночая каманда прадстаўлена двума экіпажамі.
Падчас чэмпіянату свету на аэрадроме Баравая 28 і 29 ліпеня пройдзе штогадовы авіяцыйны фестываль #пронебо. Наведвальнікі ўбачаць больш за 30 лятальных апаратаў — ад аэрастатаў да самалётаў. Самымі відовішчнымі ў праграме абяцаюць стаць верталётныя гонкі. Хэдлайнерам авіяфестывалю #пронебо-2018 стане гурт «Піца», які выступіць на канцэртнай пляцоўцы, разгорнутай проста на тэрыторыі аэрадрома.
Верталётны мундзіяль увайшоў у лік трох чэмпіянатаў свету, якія пройдуць у 2018 годзе ў Беларусі. Ён таксама стане апошнім спаборніцтвам на аэрадроме Баравая да яго поўнага закрыцця. Беларусь падала заяўку на арганізацыю чэмпіянату ў Міжнародную авіяцыйную федэрацыю вясной 2016 года, яе прэзідэнт Жак Берло, вывучаючы магчымасці правядзення турніру ў Мінску, асабіста наведаў спаборніцтвы ў Баравой і прыняў станоўчае рашэнне. Нагадаем, у Беларусі ўжо праводзілася сусветнае першынство сярод верталётчыкаў, але было гэта ў далёкім 1978 годзе ў Віцебску на тэрыторыі аэраклуба ДТСААФ.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/vertalyotny-chempiyanat-svetu
[4] https://zviazda.by/be/tags/vertalyot