Юлія марыла пра краму кветак, Ігар хацеў адкрыць піцэрыю, Вольга — наладзіць гандаль оптыкай. Сваю справу яны, як і яшчэ некалькі бізнесменаў, меліся весці ва ўласных павільёнах. Для гэтага і ўклалі сродкі (ад 80 да 300 тысяч долараў) у будаўніцтва шматпавярховага жылога дома з убудаванымі ў яго адміністрацыйнымі памяшканнямі, дзе павінны былі размясціцца іх офісы. Поўнасцю разлічыліся бізнесмены за будучую ўласнасць яшчэ ў 2012-м. Аднак атрымаць яе не могуць дагэтуль. Памяшканні не здадзеныя ў эксплуатацыю, забудоўшчык аб'явіў аб банкруцтве, а антыкрызісны кіраўнік прапануе дольшчыкам набыць ужо аплачаную імі маёмасць праз аўкцыён або заключыць міравое пагадненне і ўкласці яшчэ два мільёны долараў, каб давесці памяшканні і тэрыторыю вакол дома да належнага стану. Ці могуць бізнесмены спадзявацца на вяртанне грошай або ўласнасці, высвятляла карэспандэнт «Звязды».
Было — ваша, стала — забудоўшчыка-банкрута
Футбольны клуб «Сквіч» у 2012 годзе надумаўся стаць забудоўшчыкам і ўзвесці дом. Дольшчыкі адміністрацыйнай часткі будынка заключылі дагаворы з клубам і ў той жа год поўнасцю ўнеслі грошы на будаўніцтва. Дом узводзіўся, мяняліся генеральныя падрадчыкі. Жылую частку здалі 31 снежня 2014 года, хоць планавалася скончыць увесь аб'ект у 2013-м. Другі пускавы комплекс — частку пад адміністрацыйную нерухомасць — не дарабілі і дагэтуль.
Калі і ў 2015-м справа не зрушылася, дольшчыкі пачалі пісаць лісты ў Мінгарвыканкам, каб ім замянілі забудоўшчыка, абапіраючыся на Палажэнне аб парадку замены забудоўшчыка, распрацаванае Саветам Міністраў. Атрымалі адказ: маўляў, гэта немэтазгодна, не перажывайце, усё дабудуецца.
У 2016 годзе кіраўніка клуба «Сквіч» арыштавалі, і дольшчыкі звярнуліся ў суд Фрунзенскага раёна сталіцы, каб заявіць свае правы. Да таго ж бізнесменам даводзіцца адстойваць права ўласнасці менавіта на матэрыялы, а не на само памяшканне, паколькі аб'ект нерухомасці незарэгістраваны.
Бізнесмены атрымалі дзевяць завочных (без прысутнасці другога боку — кіраўніка «Сквіч») рашэнняў суда. У дакументах прызнавалася права ўласнасці дольшчыкаў на будаўнічыя матэрыялы, а таксама факт гатоўнасці памяшканняў да эксплуатацыі. Суд прызнаў за бізнесменамі і права на ўвядзенне аб'ектаў у эксплуатацыю і абавязаў Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры зарэгістраваць памяшканні з указаннем уладальнікаў.
У гэты час генпадрадчык, будаўнічы трэст № 7, абвясціў аб банкруцтве забудоўшчыка. І антыкрызісны кіраўнік Павел БУХВАЛАЎ падаў патрабаванне аб адмене рашэнняў суда, матывуючы гэта тым, што суд праходзіў без прысутнасці адказчыка, патрабаванні на права ўласнасці дольшчыкамі неабгрунтаваныя, а маёмасць — неідэнтыфікаваная. Ён пісьмова папярэдзіў дольшчыкаў, што адмаўляецца ад выканання абавязкаў перад бізнесменамі, якія ўзяў на сябе «Сквіч».
— Скасаваць дагавор у аднабаковым парадку нельга, а нашай згоды на гэта не было, — запэўніваюць дольшчыкі.
— Рашэнне прымалася завочна, без адказчыка. Як адказчык з'явіўся (у асобе антыкрызіснага кіраўніка. — Аўт.), пастанову і адмянілі. Тым больш што нельга зарэгістраваць пабудову без яе канчатковай рэалізацыі. Бо заяву на рэгістрацыю павінен падаваць забудоўшчык, — адказвае антыкрызісны кіраўнік.
— Згодна з пунктам 1 артыкула 130 Грамадзянскага кодэкса, да нерухомай маёмасці адносяцца сярод іншых і незавершаныя будаўніцтвы, закансерваваныя капітальныя пабудовы. А Палажэнне аб долевым будаўніцтве і заканадаўства не змяшчаюць забароны на прызнанне правоў уласнасці на незавершаны будаўніцтвам аб'ект, — не пагаджаюцца з такім меркаваннем у адвакацкім бюро «ПРЫНЦЭПСКАНСАЛТ», якое вядзе справы дольшчыкаў.
Тым не менш усе рашэнні, што прызнавалі права дольшчыкаў на будматэрыялы, з якіх складзена нерухомасць, той жа суд Фрунзенскага раёна адмяніў.
Прадаць нельга аддаць
Цяпер бізнесмены намагаюцца выключыць сваю нерухомасць са складу маёмасці даўжніка і даказаць, што яна ўвогуле ім належыць, аднак зрабіць гэта ніяк не атрымліваецца. Дольшчыкаў вымушаюць прызнаць сябе не ўласнікамі памяшканняў, а крэдыторамі (што аўтаматычна пазбавіць іх права прэтэндаваць на маёмасць, якую яны аплацілі). Людзям прапануюць пачакаць, пакуль маёмасць прададуць і ім вернуць грошы. Аднак гэта будуць зусім не тыя сумы, якія яны ўнеслі, бо крэдытораў у «Сквіч» хапае і без падманутых бізнесменаў.
— Крэдытораў назбіралася на 16 мільёнаў рублёў, а на аўкцыёне за маёмасць просяць 12, — кажа Ігар СТАНКЕВІЧ, адзін з дольшчыкаў. — На ўсе даўгі грошай ужо не хопіць.
Каб адстаяць свае правы, дольшчыкі пачалі пісаць у розныя інстанцыі.
— Ва ўпраўленні па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі нам параілі стаць крэдыторамі і напісалі, што антыкрызісны кіраўнік усё робіць правільна, згодна з законам аб банкруцтве. А пра Указ Прэзідэнта № 263 «Аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь», які фактычна вышэйшы за закон і які фактычна абараняе нашы правы, не было ні слова, — гаворыць Юлія ФРОЛКІНА, адна з дольшчыкаў.
— Нас падводзяць пад закон аб банкруцтве, згодна з якім наша маёмасць будзе пушчана з аўкцыёна, хоць мы абаронены ўказам Прэзідэнта. Чаму гэты ўказ выконваюць толькі простыя людзі, а дзяржаўныя інстанцыі ігнаруюць? — задаецца пытаннем Ігар Станкевіч. — Мы нічога не просім у дзяржавы, гатовыя за свае сродкі дарабіць унутраную частку памяшканняў, будаўніцтва якіх мы ўжо аплацілі. Нашы офісы гатовыя больш як на 80 %, проста аддайце іх нам ва ўласнасць.
Заплаціць — не значыць атрымаць ва ўласнасць?
Суд Фрунзенскага раёна пакінуў частку патрабаванняў дольшчыкаў без разгляду, па некаторых — спыніў выкананне, матывуючы гэта тым, што яны яму не падведамасныя, заўважаюць адвакаты. Эканамічны суд разгледзеў патрабаванні дольшчыкаў па сутнасці, аднак не задаволіў іск, нягледзячы на прадстаўленыя імі заключэнні кампаніі «Судова-экспертная калегія». Рабіліся экспертызы, кожная з якіх абышлася істцам у больш як 2000 рублёў, каб пацвердзіць, што ім належаць будматэрыялы.
Але суд вынес рашэнне: «Колькасны склад, дакладнае найменне, іншыя характарыстыкі маёмасці, якая падлягае выключэнню, ісцец не ўказаў, паколькі пералік маёмасці, што падлягае выключэнню, указаны зыходзячы з атрыманага істцом заключэння экспертызы...»
Атрымліваецца, пералік матэрыялаў, прадстаўлены экспертызай, недакладны, бо ў ім не падлічана дакладная колькасць цаглінак і кубаметраў бетону, што пайшлі на будоўлю сцен, якія аплацілі дольшчыкі. Больш за тое, ім паведамілі, што довад істца пра наяўнасць заключэння камісіі ўвогуле «не прымаецца судом пад увагу», паколькі «не паўплывае на прынятае судом рашэнне».
Далей — болей. Суд піша, што «прадстаўленыя істцом дагавор стварэння аб'екта долевага будаўніцтва, плацежныя дакументы аб пералічэнні дольшчыкам грашовых сродкаў па дагаворы, даведка, на думку прадстаўніка адказчыка, не сведчаць аб узнікненні права ўласнасці на ўказаныя будаўнічыя матэрыялы». Атрымліваецца юрыдычны казус: тыя, хто заплаціў грошы за будматэрыялы, не з'яўляюцца ўласнікамі гэтых самых матэрыялаў.
— Матэрыялы, на якія прэтэндуюць дольшчыкі, складаюць першы паверх высотнага будынка. Як вызначыць у апорнай сцяне, якія цагліны ў ёй належаць дольшчыкам, а якія — будынку? Камунікацыі таксама агульныя ў доме. Якая частка з іх належыць бізнесменам? — адстойвае сваю пазіцыю Павел Бухвалаў.
Міравое пагадненне за два мільёны долараў
Антыкрызісны кіраўнік прапануе дольшчыкам вырашыць канфлікт мірам.
— Я аддаю ім увесь адміністрацыйны комплекс будынка, яны здымаюць патрабаванні да «Сквіча» і за свае сродкі дабудоўваюць памяшканні, — кажа ён. — Для поўнага завяршэння аб'екта патрэбна каля двух мільёнаў долараў. Хай дольшчыкі дакладваюць свае сродкі, дабудоўваюць і забіраюць усё сабе. Горад не вырашыць іх праблемы. І я не маю права аддаваць перавагу гэтым бізнесменам са шкодай для іншых крэдытораў.
Чамусьці ў нас лічыцца, што ў бізнесменаў грошы заўсёды ёсць і калі яны збудавалі адзін раз — зробяць гэта яшчэ...
— Я прадала кватэру ў Расіі і з сям'ёй пераехала сюды. Усе грошы ўклала ў гэтае памяшканне. Я нават уявіць не магла, што можна здаць дом у эксплуатацыю, не дарабіўшы першы паверх, — гаворыць Юлія Фролкіна.
— Я хацела збудаваць менавіта сваё маленькае памяшканне для гандлю оптыкай, каб не арандаваць яго, бо гэта таксама вялікія грошы, — расказвае Вольга ГОЛУБ, яшчэ адна дольшчыца. — Я шмат гадоў не ездзіла ў адпачынак, усе грошы сюды аддала. Лепш бы ўжо кватэру набыла ў гэтым жа доме. А то мне кажуць, што я не маю тут ніводнай цаглінкі.
А цяпер гэтым людзям прапануюць шукаць агулам яшчэ два мільёны долараў і дабудоўваць да канца ўвесь дом, а не толькі свае памяшканні...
— Магчыма, у міравым пагадненні нехта пагодзіцца знізіць свае патрабаванні. І такія людзі, якія ўжо бачаць, што не вернуць усю ўкладзеную суму, ёсць. Яны згодны атрымаць напалову менш і прадаць сваю долю астатнім крэдыторам, — дадае Павел Бухвалаў. — Я бачу толькі такое выйсце.
Першыя таргі, дарэчы, прайшлі 9 ліпеня, і, як і меркавалася, ахвотнікаў вылажыць такую суму не знайшлося. Дольшчыкаў чакаюць чарговыя сустрэчы з даўжніком і прапановы магчымасцяў дамовіцца.
«Звязда» працягне сачыць за развіццём падзей.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/sud
[5] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon
[6] https://zviazda.by/be/tags/bankructva