У прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта поўным ходам ідзе падача абітурыентамі дакументаў. У першы дзень яе работы сюды завітаў ужо 1121 чалавек, сярод іх 50 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і 2 лаўрэаты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Першымі афіцыйна аформіць намер стаць студэнтам прыходзяць маладыя людзі з вельмі высокімі баламі, якія не сумняваюцца ў сваіх шанцах. Так, напрыканцы першага дня абітурыенты, якія маюць у суме больш як 391 бал, падалі дакументы на факультэт міжнародных адносін (ФМА), факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і юрыдычны факультэт. Традыцыйна лідыруе па колькасці ўладальнікаў максімальных вынікаў факультэт міжнародных адносін, якому належаць леташнія рэкорды па прахадных балах: 384 балы -- на спецыяльнасцях "міжнароднае права" і "міжнародныя адносіны" і 381 -- на спецыяльнасці "лінгвакраіназнаўства".
І вось новы абсалютны рэкорд ФМА: выпускніца пінскай гімназіі № 3 Анастасія ЖАЎНЕРЫК [4], якая падала сюды свае дакументы, мае ў суме 400 балаў! ЦТ па англійскай мове і грамадазнаўстве дзяўчына здала на сто балаў. Плюс у яе залаты медаль і дыплом рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
Між іншым, адказны сакратар прыёмнай камісіі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ лічыць, што прахадныя балы застануцца на ўзроўні мінулага года: "Рост прахадных балаў летась быў звязаны з пэўнымі карэкціроўкамі, што ўносіліся ў заданні цэнтралізаванага тэсціравання. Паводле ацэнак многіх выкладчыкаў, якія працуюць у сістэме даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і былі задзейнічаны ў перыяд правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання, узровень складанасці заданняў гэтага года не адрозніваецца ад леташніх заданняў, таму мы мяркуем, што асноўныя паказчыкі цэнтралізаванага тэсціравання будуць супастаўныя з вынікамі ЦТ 2017 года. Адпаведна, прахадныя балы сёлета не павінны істотна змяніцца".
У маладых людзей, якія збіраюцца паступаць у Белдзяржуніверсітэт, ёсць магчымасць загадзя запоўніць і раздрукаваць заяву і электронную анкету, а таксама загрузіць сваю фатаграфію. Выкарыстанне асабістага кабінета скарачае час падачы і прыёму дакументаў. Абітурыент наўпрост звяртаецца ў сакратарыят прыёмнай камісіі абранага факультэта з гатовым пакетам, абыходзячы папярэднія этапых афармлення дакументаў
Да таго ж абітурыент, які стварыў на сайце БДУ асабісты кабінет, на працягу прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме можа адсочваць на сваім камп'ютары, планшэце або смартфоне інфармацыю аб бягучым прахадным бале на абраную спецыяльнасць. Акрамя таго, уладальнікам асабістага кабінета прадастаўляецца свабодны і бясплатны доступ да інфармацыйных рэсурсаў прыёмнай камісіі і факультэтаў БДУ -- на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка БДУ даступная бесправадная Wi-Fi-сетка ABIT.
Усяго БДУ плануе прыняць на навучанне сёлета 5142 чалавекі, у тым ліку 2 122 -- на дзённую бюджэтную форму навучання і 226 -- на завочную бюджэтную форму. На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выдзелена 404 месцы, з іх на дзённую форму - 46 і 358 - на завочную.
Да 17 ліпеня з выбарам спецыяльнасці павінны вызначыцца ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты. 17 ліпеня ў 18 гадзін дзверы прыёмнай камісіі зачыняцца.
А з 18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання. Уступныя іспыты арганізаваныя толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове, вось чаму і першым, і другім трэба падаць свае дакументы да 17 ліпеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://zviazda.by/be/news/20180713/1531485585-abituryentka-yakaya-nabrala-400-balau-ne-treba-uves-chas-addavac-pradmetam
[5] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya
[6] https://zviazda.by/be/tags/abituryent
[7] https://zviazda.by/be/tags/bdu