Днямі кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне, паводле якога да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў па ўсёй краіне павінны быць добраўпарадкаваны ўсе месцы ваенных і масавых пахаванняў. У хуткім часе ва ўсіх рэгіёнах разгорнецца актыўная дзейнасць на брацкіх і калектыўных магілах, якіх на нашай зямлі, на жаль, нямала. Несумненна, штосьці спатрэбіцца аднавіць, рэканструяваць, а то і замяніць. Але за гэтай неабходнасцю важна не забываць, што размова ідзе не пра звычайныя аб’екты добраўпарадкавання, і кіравацца тут варта не толькі меркаваннямі эстэтыкі. Галоўнае – не патрывожыць спакой, не абразіць памяць бязвінна забітых або гераічна загінулых людзей, якія ляжаць у тых магілах.
Як гэта зрабіць, што трэба ведаць, беручыся за высакародную справу добраўпарадкавання? Пра гэта мы пагаварылі са сталым аўтарам “Звязды”, даследчыкам народнай культуры, кандыдатам філалагічных навук Янкам КРУКАМ.
– Жыццё кожнага асобнага чалавека спрадвеку праходзіла і праходзіць сёння паміж трыма асобнымі інстанцыямі: хата – храм – могілкі, – пачынае тлумачыць Іван Іванавіч, на першы погляд, вельмі здалёк, але гэта толькі на першы погляд. – Месца пахавання – могілкі, знаходзяцца ў гэтай галоўнай трыядзе, таму іх статус надзвычай высокі, таму яны, як і хата, і храм, з’яўляюцца ў традыцыі многіх народаў, у тым ліку і нашага, своеасаблівым мікракосмам. У гэтага мікракосму, аднаго са складнікаў вялікага Космасу нашага жыцця і лёсу, які навукоўцы называюць культурай этнасу, ёсць свае межы, свае традыцыі, свае забароны, гэтаксама як у хаты або ў храма. Статус могілак у культуры нашага этнасу – роўнавялікі статусу жытла і храма. Могілкі заўжды былі звязаныя з храмам – менавіта тое, якую веру спавядаў чалавек і яго нябожчыкі, і дыктавала паводзіны і абрады на месцы пахавання.
– Беларусь спрадвеку была краінай шматканфесійнай і шматнацыянальнай. Тут заўжды мірна ўжываліся каталікі, праваслаўныя, іўдзеі, а нярэдка і мусульмане. Мы ўжо не аднойчы на старонках “Звязды” разважалі з вамі пра гэты феномен – калі на цэнтральнай плошчы мястэчка зусім побач стаялі царква, касцёл, сінагога… Жылі разам, але былі розныя храмы і могілкі ў кожнага былі свае. ХХ стагоддзе – крывавае, страшнае, супярэчлівае – унесла ў спрадвечны ўклад свае карэктывы. У многіх месцах могілкі сталі агульнымі – але тут кожны мае магчымасць спраўляць абрады па сваіх нябожчыках як пажадае, згодна з традыцыямі свайго роду. А вось самая неадназначная, самая страшная па сутнасці сваёй з’ява – брацкія магілы і масавыя пахаванні гвалтоўна пазбаўленых жыцця людзей… Падчас абедзвюх сусветных войн такія агульныя магілы, у якіх ляжаць тысячы забітых людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнання, з’явіліся на нашай зямлі паўсюль…
– Тут да ахвяр вайны варта яшчэ дадаць і пахаванні ахвяр рэпрэсій 30-х гадоў, якіх таксама не разбіралі ні па веры, ні па нацыянальнасці… Нельга сказаць, што гвалтоўнасць смерці гэтых людзей прыводзіла да парушэння нейкіх традыцый з боку тых, хто іх хаваў. Людзі проста дзейнічалі па сітуацыі і па абставінах. Успамінаю расказы свайго бацькі-ветэрана, які ваяваў разам з Іванам Шамякіным на Кольскім паўвостраве. Яны сваіх загінулых аднапалчан увогуле не хавалі – не было ў што закапаць, вакол былі адны камяні. Там да гэтага часу засталася даліна смерці. І ніхто тых, хто там ваяваў, за гэта не асудзіць, як і тых, хто ў невялікім перапынку паміж баямі хаваў сваіх таварышаў, проста прысыпаючы целы зямлёй і хоць неяк пазначаючы месца агульнай магілы. Калі ж было больш спакойна, калі пагібель была не масавай – маглі пахаваць і асобна. Напрыклад, каля Чэрвеня на ўзлеску з часоў вайны на магіле забітага партызана стаіць крыж. Але такое магло адбыцца толькі пры ўмове, што загінулага чалавека тыя, хто хаваў, ведалі асабіста, ведалі, верыў ён у Бога ці не, у які храм хадзіў. На брацкіх магілах або на магілах, дзе разам хавалі ахвяр масавых забойстваў, якія чынілі фашысты ў канцлагерах і беларускіх гарадах і вёсках, нават ужо пасля вайны пазбягалі ставіць нейкія адрозныя сімвалы пэўнай рэлігіі або культуры. Бо ў адной магіле маглі ляжаць і атэісты, і хрысціяне, і мусульмане, якія разам змагаліся з ворагам, а сярод расстраляных жыхароў адной вёскі мог быць і камуніст-старшыня сельсавета, і мясцовы бацюшка або пробашч. Тое самае можна сказаць і пра ахвяр рэпрэсій. Атэісты, іудзеі, праваслаўныя – хто разбіраўся ў іх прыналежнасці, калі закопвалі ў адзін яр? На месцы гэтых пахаванняў увогуле не было ніякіх знакаў…
– І ўсё ж пасля вайны выпадкова або не, у брацкіх магіл з’явіўся ўніверсальны сімвал – абеліск. Асабліва калі казаць менавіта пра салдацкія пахаванні…
– Увогуле, абеліск – адзін з самых старажытных сімвалаў, вядомы яшчэ з часоў Рымскай імперыі, калі не было родаў, а былі плямёны. Пад абеліскамі звычайна хавалі воінаў з розных плямён – маладых мужчын, якія дачасна загінулі ў росквіце сіл. Таму абеліск па сутнасці сваёй – мужчынскі сімвал, і тое, што менавіта яго абралі, каб пазначаць магілы воінаў ужо стагоддзя дваццатага, зразумела. І гэта сімволіка абсалютна адпавядала ідэі адзінай дзяржавы – Савецкага Саюза, з адзіным непадзельным народам, бо гэта сімвал агульны і – нічый. А чырвоная зорка, якая яго вянчала, – знак эпохі, грамадскага ладу, якія былі, калі гэтыя воіны загінулі. Фактычна ўсе сацыяльныя маркёры, якія былі на звычайных могілках, тут зніклі… І народная традыцыя гэтаму падпарадкавалася, бо на такіх магілах сапраўды нельга было паставіць крыж, павязаць фартушок ці ручнік. Ушанаванне, памяць – так. Дзеянне сакральнай сімволікі пэўнай мясцовасці або канфесіі – не.
– А што датычыцца масавых пахаванняў, якія не звязаныя з салдатамі дзеючай арміі… Такіх жа, на жаль, на нашай зямлі таксама шмат…
– Просты, прыродай дадзены сімвал, наш, спрадвечны – вялікі камень. Няма веравызнання ў пахаваных, перад Богам усе роўныя. Камяні даводзілася бачыць і на старажытных курганах, і на згаданых вамі не салдацкіх агульных магілах. Гэта можа быць і валун з надпісам, і кавалак мармуру або граніту…
Хачу звярнуць увагу яшчэ вось на што. Пасля вайны, калі пачалі праводзіць пошукавыя працы на месцах баёў, знаходзіць парэшткі салдат і хаваць іх у брацкіх магілах, – гэтыя магілы ў большасці сваёй ствараліся па-за могілкамі. Такім чынам падкрэслівалася выключанасць гэтага пахавання з мікракосму звычайных могілак і тое, што тут будуць дзейнічаць свае правілы, свае традыцыі, свае табу...
– Атрымліваецца, што месца масавага пахавання – не такое сакральнае, як звычайныя могілкі?
– Гэта месца сакральнае, але з зусім іншым сэнсам сакральнасці. Бо, калі ты прыходзіш да магілы блізкага чалавека – гэта адзін стан, адны пачуцці, калі ты прыходзіш туды, дзе ў адным месцы разам пахавана шмат людзей, але абсалютна чужых табе людзей – стан зусім іншы. Калі казаць больш канкрэтна – могілкі, на якіх пахаваныя блізкія людзі, адносяцца да канкрэтнага Роду канкрэтнага чалавека. Агульныя магілы, месцы масавага пахавання – гэта паняцце, якое па-за Родам, дакладней – над Родам, яно належыць наРоду. І невыпадкова, што гэтыя пахаванні, як правіла, за межамі могілак. Яны побач, але яны частка іншай сакральнай культуры. Адсюль і традыцыі, і рэгламентацыі іншыя. Напрыклад, зразумела, калі маладыя перад рэгістрацыяй шлюбу едуць на магілу да памерлага маці ці бацькі жаніха або нявесты. Яны такім чынам просяць блаславення ў самага блізкага чалавека, “запрашаюць” яго на вяселле дзіцяці. Але зусім не зразумела, калі тыя ж самыя маладыя заязджаюць на брацкую магілу. Чыйго бласлаўлення яны чакаюць там, дзеля чаго трывожаць спакой зусім незнаёмых людзей? Дзякуй богу, гэта не стала традыцыяй. Як адваротны прыклад: дзіўна было б, калі б хтосьці з нас у Дзень Перамогі ці ў Дзень Незалежнасці ішоў на магілу роднага чалавека, які да мінулай вайны ніякага дачынення не мае. І зусім нармальна і лагічна выглядае, калі мы ў гэтыя святы наведваем пахаванні тых, хто вызваляў Беларусь, хто быў бязвінна забіты ў той вайне, кладзём кветкі, ушаноўваем іх памяць… У падобных пахаванняў зусім іншая энергетыка, і гэта таксама трэба мець на ўвазе.
– У бліжэйшы час гэтыя пахаванні паўсюль будуць добраўпарадкаваць. Магчыма, дзесьці іх захочуць “асучасніць” ці, наадварот, “прывесці ў адпаведнасць з традыцыямі мясцовасці”. Напрыклад, на месцы абеліска паставіць крыж…
– Гэтага рабіць катэгарычна нельга. Мы нібыта і хочам зрабіць добрую справу, паставіўшы крыж, а ў той магіле пахаваны іудзей або мусульманін… Трэба шукаць універсум – той жа абеліск або камень, які не будзе залежаць ад ідэалогіі або грамадскага ладу бягучага моманту. Мы не павінны шукаць нейкую рэлігійную або тэрытарыяльную дамінанту, мы не маем на гэта маральнага права…
Вельмі ўдалы прыклад шанавання памяці загінулых і адначасовай нейтральнасці, якая тут тоесная павазе да гэтай памяці – новы мемарыял у Трасцянцы. Ніводнага рэлігійнага сімвала, хаця ўсе ведаюць, што большасць закатаваных там былі яўрэямі. Але ж былі і беларусы, і рускія, і палякі, і… хто дакладна ведае, сыны ці дочкі якіх яшчэ народаў склалі там галаву? Таму пастаўлены помнік сапраўды нейтральны, і ўвесь мемарыял такі, але ці страціў ён ад гэтага ў сваёй жалобна-жудаснай красамоўнасці?
Мы зараз самі ствараем новую (старую) традыцыю шанавання падобных мясцін, але глядзім на ўсё з пазіцыі сённяшніх нас, якія зараз павярнуліся тварам да храма. А ці былі веруючымі тыя людзі, якіх забілі ў 37-м або ў 42-м? На жаль, яны нам не адкажуць. Трэба быць вельмі асцярожнымі і абачлівымі, фарміруючы не маральную – тут усё зразумела – рытуальную частку гэтай традыцыі: словы, дзеянні, сімвалы. Каб не парушыць спакой і памяць тых, каго мы гэтай традыцыяй ушаноўваем.
Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-lyaukovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kryzh
[4] https://zviazda.by/be/tags/abelisk
[5] https://zviazda.by/be/tags/mogilki
[6] https://zviazda.by/be/tags/brackiya-magily
[7] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk-1