Летні сезон у самым разгары. Якую айчынную садавіну і гародніну можна знайсці на прылаўках? І ў колькі абыдзецца патэльня смажаных лісічак? «Звязда» паглядзела, што па чым на сталічным і рэгіянальным рынках.
У Мінску ідзём на самы народны рынак — «Камароўку». Гародніны на прылаўках — на любы густ і колер. Агуркі каштуюць 1,30—1,50 рубля за кілаграм, таматы (ружовыя, жоўтыя, чорныя) — па 2,50. Прывезены ў асноўным з Пінску — дамашнія, салодкія, як абяцаюць прадаўцы. Дробныя памідоры можна купіць і за 1,50 рубля за кіло.
З'явіліся ўжо і айчынныя перцы. Буйныя чырвоныя аддаюць па чатыры-шэсць рублёў за кілаграм, невялікія жоўтыя — па 2,20. Цёмныя баклажаны прадаюць па 1,60 рубля за кіло, буракі — па 1,50, морква — па 2,50. Кабачкі можна знайсці і па 50 капеек, але калі хочацца цукіні, то давядзецца заплаціць даражэй — 1,50 за кіло. Маладой бульбы прадстаўлена розных сартоў: «Уладар», «Вектар», «Маніфест», «Адрэта». Сярэдняя цана за кілаграм — ад 80 капеек да рубля (хоць маленькую гатовы аддаць і за 50 капеек). Застаецца на прылаўках радыска — за 2,50 рубля за кіло. Капусту белакачанную можна набыць па 60—70 капеек, пекінскую — па два рублі.
Цікавая знаходка — цукровая кукуруза, якая варыцца за пяць-сем хвілін. Гэта вам не кармавая, здабытая з калгаснага поля. Кукуруза «хуткага прыгатавання» каштуе па 3,80—4,50 рубля за кілаграм.
— Паглядзіце, якая мяккая і сакавітая, — рэкламуе прадавец. — Гэта сорт «Спірыд», фермеры ў Гродзенскай вобласці вырошчваюць.
Айчынны часнок аддаюць па пяць рублёў за кіло. Праўда, на суседнім радзе кітайскі прапануюць са зніжкай па два рублі. Складаная гэта навука — цэнаўтварэнне...
Вялікі асартымент зеляніны. Пучок шпінату можна набыць за рубель, рукалы — за два. Зялёная цыбуля, пятрушка, кроп прадаюцца па 50—80 капеек за 100 грамаў.
Што з садавіной? Грушы каштуюць па два-тры рублі за кіло, цана на яблыкі залежыць ад сорту. Белы наліў і Ананаснае прапануюць за 1,50 рубля, Грушавае — за 1,80, Ружовы наліў — за 2,50. Дробныя яблычкі можна купіць па 70 капеек за кіло. Маліну прадаюць па сем-восем рублёў за кіло, садовыя дурніцы — па дзевяць. Ёсць сліва па 1,50, чорная парэчка па 2,50, вішня па 3—3,50. Нават клубніцы засталіся, праўда, у тры разы даражэйшыя, чым у пачатку лета — па 10—12 рублёў за кілаграм.
Цікаўлюся прыгожай чырвонай ягадай незнаёмага віду.
— Гэта сунічная маліна. Як і звычайная маліна, расце на кустах, рэдкая, — тлумачыць прадавец, — 10 рублёў за кубачак.
Нядаўна Белкаапсаюз расказваў, што закупляе ў нашых фермераў беларускія кавуны. На «Камароўцы» такіх не знаходжу. Вось з Астрахані і Узбекістана — калі ласка. А калі пытаюся пра кавуны з беларускіх палёў, прадаўцы паціскаюць плячыма.
— Можа, на Ждановічах такімі гандлююць, — выказваюць здагадкі.
Грыбоў у продажы хапае. Лісічкі можна набыць па 7,50 рубля за кілаграм. Падасінавікі даражэйшыя.
— За літр — 15 рублёў. Будзеце купляць? — прапануе прадавец і, убачыўшы, што я сыходжу, кідае наўздагон: — Аддам за 10.
Тут жа гандлююць і сушанымі баравікамі — па 20 рублёў за ўпакоўку.
А тым гараджанам, у якіх зусім няма часу выбрацца на прыроду, прапануюць зёлкі для гарбаты. Рубель просяць за пучок зверабою і 50 капеек — за мелісу.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Тым часам
Цэны ў Брэсце
На цэнтральным рынку ў Брэсце, які многія гараджане па прывычцы называюць «калгасным», цэны ў сярэдзіне тыдня выглядалі так:
• Бульба — 50 капеек — 1 рубель.
• Капуста — 50—70 капеек.
• Морква — 1,8 рубля.
• Буракі — 1,5 рубля.
• Цыбуля — 1,5 рубля.
• Часнок — 40 капеек за галоўку.
• Агуркі — 50—80 капеек
• Памідоры — 80 капеек — 1,5 рубля.
• Яблыкі Белы наліў — 30—40 капеек.
• Літровы слоік лісічак прапануюць
па 4 рублі.Варта сказаць, што на рынку ў мікрараёне Кавалёва цэны на многія віды агародніны і фруктаў вышэйшыя. Там гандляроў менш і канкурэнцыя не такая высокая. Такім чынам мы плацім за магчымасць набываць прадукты ў гандлёвых аб'ектах так званай крокавай даступнасці.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/koshty
[5] https://zviazda.by/be/tags/rynki