Яе прыход у спорт быў заканамерным: бацькі Каці пазнаёміліся на баскетбольнай пляцоўцы. Сныціна была часткай нашай нацыянальнай каманды ў найлепшыя яе часы, калі Беларусь падымалася на п'едэстал чэмпіянату Еўропы і ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях. У камандзе Кацярына і цяпер, калі ўсімі любімая дрым-цім ужо зусім іншая. У нядзелю капітан беларускай зборнай адсвяткавала свой 33-ы дзень нараджэння, гэта і стала падставай сустрэцца з вядомай баскетбалісткай і напярэдадні старту новага сезона пагаварыць пра пражытыя ў спорце гады, абмеркаваць татуіроўкі і даведацца пра яе неверагодную любоў да сабак.
— Каця, адпачынак заканчваецца. Як вы яго правялі?
— Шыкоўна! Я вельмі даўно так доўга не была дома ў Мінску з бацькамі і сям'ёй. Мне здаецца, прайшоў тыдзень з таго моманту, як скончыўся сезон, але літаральна праз тыдзень у мяне ўжо пачнецца новы. Адпачынак атрымаўся вялікі — практычна тры месяцы, але лета праляцела вельмі хутка. За гэты час я выканала праграму максімум, правяла час з сям'ёй, з'ездзіла на мора, зрабіла сабе невялікую экскурсію ў Рым, разам з тым трэніравалася і ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах ад Федэрацыі баскетбола.
— Мяркуючы па вашых сацсетках, хапала і экстрыму... Вы паспрабавалі сплаў на байдарках.
— Так, там было столькі камароў, што для мяне гэта аказалася сапраўды экстрэмальна. Я ўжо некалькі гадоў прасіла сваю стрыечную сястру ўзяць мяне з сабой, яны ходзяць у такія паходы на тыдні, але я хацела нешта лёгенькае, на дні два. І вось нарэшце адбылося. Наогул, не магу сказаць, што заўсёды люблю актыўна адпачываць, былі дні, калі я адчувала сябе стомленай ці проста не было настрою, тады валялася дома з сабакамі.
— Не забывалі вы і пра трэніроўкі.
— Так, працавала пад кіраўніцтвам майго трэнера Таццяны Лавец апошнія два месяцы. Калі была ў Мінску, заняткі праходзілі шэсць разоў на тыдзень па дзве, дзве з паловай гадзіны. Не варта прыбіраць трэніроўкі ў адпачынку з жыцця любога спартсмена, калі наперадзе ў цябе яшчэ сезон, гэта закладвае фізічную базу, якая абавязкова спатрэбіцца.
З-за таго, што ў мяне не было гульняў са зборнай, гэтым летам я паглядзела, мабыць, усе матчы маладзёжных камандаў, раней на гэта не было часу, ды і жадання, калі шчыра. Але чэмпіянат свету да 17 гадоў праводзіўся ў Мінску ўпершыню за 32 гады, не хадзіць туды было б неяк няправільна. Мне было цікава паглядзець і на нашых дзяўчат, і на іншыя еўрапейскія і амерыканскія каманды, гэта зоркі, якія праз чатыры-пяць гадоў будуць гуляць у дарослых лігах.
— Самі па баскетболе засумавалі?
— Так, ужо хутчэй хачу аказацца ў камандзе, усё ж такі гэта мая любімая гульня, гэта тое, што мне падабаецца.
* * *
— Мінулы сезон вы правялі ў турэцкім «Хатаі», пасля чаго працягнулі пагадненне яшчэ на год, гэта значыць, вас усё задавальняе ў Турцыі?
— Так, чэмпіянат класны, адзін з наймацнейшых у Еўропе. Краіна мне падабаецца, з клубам мы разумеем, што хочам адно ад аднаго, у пэўным плане давяраем адно аднаму. У нас добрае супрацоўніцтва.
— Што датычыцца самой краіны, жыць там вам камфортна?
— Цалкам. Самае нязвыклае было тое, што туркі настолькі таварыскія і добразычлівыя. Стэрэатыпы аб гэтай нацыі, як аказалася, зусім іншыя. Маўляў, усе жанчыны там ходзяць у хіджабах, а мужчыны-мусульмане проста тыраны. На самай справе гэта не так. Вядома, ёсць нюансы. На другі дзень знаёмства яны могуць казаць, што ты іх сястра, як усё выдатна і што мы заўсёды будзем разам, а праз тры дні ўся гэтая любоў заканчваецца. Я прайшла праз гэта яшчэ ў першы свой прыезд у Турцыю, калі мяне звольнілі з клуба, таму адэкватна стаўлюся да такіх іх адносін.
— Горад, у якім гуляеце, знаходзіцца за 30 хвілін язды ад Сірыі, напэўна, вы ведалі пра гэта, падпісваючы кантракт.
— Так, але тады я хвалявалася больш не пра Сірыю, у Анкары на той момант якраз адбываўся дзяржаўны пераварот, калі туды ўводзілі войскі. Праз тыдзень я павінна была ляцець у Турцыю. Патэлефанаваў трэнер: «Каця, у нас тут праязджаюць танкі, але ты прылятай, у Хатаі ўсё спакойна». Было, вядома, не вельмі камфортна, ты ж не ведаеш, можа, заўтра пачнецца вайна.
Апошні год быў адносна спакойны для нас, адзінае, у Сірыі ўзарвалі нейкі хімзавод, але каманды тады не было ў горадзе. Мы прыехалі толькі праз тыдзень, людзі казалі, што пасля здарэння пяршыла ў горле, было цяжка дыхаць, ну, вядома, калі мне гэта расказалі, то і ў мяне ў горле стала пяршыць. (Усміхаецца.)
* * *
— Вы пагулялі ў розных краінах і чэмпіянатах. Які перыяд сваёй кар'еры назавяце самым паспяховым і, наадварот,
няўдалым?
— Выдатны час у мяне цяпер у «Хатаі», дзе я добра праяўляю сябе як гулец, і пры гэтым яшчэ каманда атрымлівае медалі, выходзіць у Еўралігу. Гэта вельмі прэстыжна, асабліва ў Турцыі. Самы стрэсавы перыяд быў, калі я гуляла ў Венгрыі тры месяцы, мы жудасна выступалі, я не магла гуляць, ну вось наогул нічога не атрымлівалася. Я ведаю, што ўмею гуляць, што раней нармальна гуляла, але нічога не магла зрабіць у той момант. Мяне звольнілі. Пасля венгерскай чорнай пустэчы ў мяне з'явілася турэцкае сонца.
— Вашы бацькі таксама звязаныя са спортам. Яны часта ўплывалі на вашу кар'еру?
— Я, як нармальная дзяўчына, маладая іх ніколі не слухала, гэта цяпер я магу патэлефанаваць маме, тату, дома сесці і абмеркаваць, ці варта падпісваць кантракт, што яны думаюць пра змену клуба і гэтак далей. Бацькі ніколі не навязвалі мне свайго меркавання, але я ведала, што заўсёды магу папрасіць парады. Проста не рабіла гэтага, бо думала, што разумнейшая за ўсіх. Бацькі глядзяць усе мае гульні па інтэрнэце, калі ў Мінску, то яўка абавязковая. Яны ведаюць, як я гуляю, як умею гуляць і як не ўмею.
— Ці могуць пасварыцца пасля гульні?
— Вядома. Тэлефаную дадому — усё роўна, выйграла або прайграла — і чую пытанні: «Чаму ты гэта не зрабіла, а чаму гэта?» Тата заўсёды з крытычнага боку падыходзіць, ведае, дзе палепшыць маю гульню. Часам у мяне вока торгаецца, таму што я не хачу гэта слухаць. Але з узростам становішся мудрэйшым, зараз я іх слухаю і чую.
* * *
— Вашы балельшчыкі ведаюць пра любоў да татуіровак і сабак. Адкуль гэта?
— Любоў да сабак паўстала са з'яўленнем маёй сабакі 10 гадоў таму, а вось да татуіровак была з юнацтва. Першая тату з'явілася ў гадоў 19, гэта каціныя лапкі на плячах. Цяпер у мяне ўжо сем татуіровак, самая любімая апошняя, на якой намаляваны мой сабака Дызель.
— Кажуць, што пасля адной татуіроўкі спыніцца ўжо складана...
— Калі яе набіваюць, табе балюча, але выходзіш, і хочацца прыйсці на наступны дзень і зрабіць яшчэ. Калі гэты момант перажыць, то, можа, ужо і не зробіш. Але я думаю, наўрад ці ёсць чалавек, які спыніўся на адной татуіроўцы. Пасля апошняй мне было так балюча, што, калі я адтуль выйшла, пайшоў, напэўна, адваротны працэс, я сказала, што ніколі больш не зраблю тату.
— Вы завялі сабаку нягледзячы на пераезды і нават нейкі час вазілі яго з сабой па краінах.
— Я люблю сабак, але цяпер усім кажу: не заводзьце жывёл, пакуль не скончыце з баскетболам. Два гады Дызель быў са мной у Польшчы, падчас ад'ездаў яго даглядала адна сям'я з балельшчыкаў нашага клуба. З імі я пакідала сабаку са спакойнай душой, можа быць, хтосьці будзе смяяцца, але гэта як дзіця: аддаць яго камусьці хоць на некалькі дзён вельмі складана. Потым я спрабавала перавезці Дызеля з сабой у Расію, але нічога з гэтага не выйшла, таму што там у мяне быў вельмі цяжкі графік. Бацькі сказалі: «Не мучай ні сябе, ні сабаку, ён выдатна з намі жыве». І забралі Дызеля.
— Вы набіваеце татуіроўкі з яго выявай, значыць, Дызель стаў для вас ужо нечым большым, чым сабака?
— Зараз ён жыве з намі ўжо 10 гадоў, гэта частка нашай сям'і, мы ўжо даўно яго так успрымаем. Нават размаўляю з ім, а ён мне адказвае.
* * *
— Ведаю, што вы праходзіце дыстанцыйнае навучанне праз інтэрнэт і любіце чытаць.
— Чытаю толькі тое, што мне падабаецца, калі не спадабаліся першых пяць старонак кнігі, значыць, не маё. У мінулым сезоне нават ставіла перад сабой такую задачу: чытаць адну кнігу на тыдзень, з усімі гэтымі нашымі пераездамі яны выдатна заходзяць. Вучылася чытаць хутка, дайшла да такога, што чытала вельмі хутка, але зразумела, што нічога не запамінаю. Апошнія пару гадоў кожная другая кніга — гэта аўтабіяграфія або расказ пра жыццё якога-небудзь спартсмена ці фірму або бізнес. Мне проста цікава, як у людзей усё гэта атрымліваецца.
— Ёсць кніга, якая аказала на вас асаблівы ўплыў?
— Самая першая, якую я прачытала яшчэ ў дзяцінстве, — «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць» Дэйла Карнегі. У ёй можна знайсці вельмі шмат фраз, якія цяпер лёгка ўбачыць на любым матывацыйным сайце. Груба кажучы, калі я пакутавала з-за таго, што ў мяне не было новых красовак, бацькі не маглі гэтага дазволіць, адной фразай з гэтай кнігі я магла ўсё растлумачыць для сябе («Я турбаваўся, што ў мяне не было новых чаравікаў, пакуль не ўбачыў чалавека, у якога не было ног»). Яшчэ мне падабаецца біяграфія Марыі Шарапавай, якую яна напісала нядаўна. Як чалавек з чатырох гадоў ішоў да таго, каб дасягнуць тытулаў, якія мае сёння, як яна прайшла праз допінгавы скандал і засталася на шляху да сваёй мэты.
— Вы самі ніколі не думалі над тым, каб напісаць аўтабіяграфічную кнігу?
— Мне гэтая ідэя неяк прыходзіла ў галаву: гісторый пра боль і траўмы ў маёй кар'еры дакладна хапіла б на кнігу. Але потым я падумала, што, можа, гэта нікому не трэба.
* * *
— Трохі пра баскетбол. Наша жаночая зборная зараз знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, як змянілася атмасфера ў калектыве і колькі трэба часу, каб выйсці на ранейшы ўзровень?
— Атмасфера ў зборнай стала як у клубе. Раней я прыязджала і гэта была мая сям'я, мы ўсе раслі, доўга гулялі, трэніраваліся і жылі разам. Зараз я прыязджаю і гэта толькі праца: прыехала, адпрацавала і паехала далей у клуб. Хутчэй за ўсё, так атрымліваецца, таму што ў зборнай шмат новых людзей. Наколькі магчыма ўсім нам яшчэ штосьці выйграць? Я лічу, што магчыма, вось зараз, у 2018 годзе, калі ва ўсіх нас будзе добры дзень у плане гульні. На мінулым чэмпіянаце Еўропы такіх дзён не было. Ні ў адной гульні не было лёгкасці, удачы, таму там мы прайгралі, гэта заканамерна. Складана сказаць, як зборная адыграе ў лістападзе ці ў лютым. Мы ніколі не выступалі стабільна пры любым складзе, таму трэба пацярпець, трэба сыгрывацца. Магчыма, гэта будзе доўгі працэс, але без чорнай паласы мы на белую не выйдзем.
— У нядзелю вы адсвяткавалі дзень нараджэння. Што за гэтыя гады ўдалося зрабіць і што ў вашых планах?
— Колькі мне? Трыццаць тры? Я шчаслівая, займаюся любімай справай, мая сям'я побач. Выдатны варыянт. Што будзе далей? Я спадзяюся, што буду займацца любімай справай, мая сям'я будзе побач і я буду шчаслівая.
Дар'я Лабажэвіч
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-snycina
[5] https://zviazda.by/be/tags/basketbol
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-basketbalisty