Першыя два тыдні верасня аказаліся па-летняму цёплымі, тэмпературны фон у сярэднім быў на 3–5 градусаў вышэйшы за кліматычную норму. На гэтым тыдні дажджоў будзе няшмат, чакаецца перавага цёплага надвор'я, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Толькі з сярэдзіны тыдня ў паўночных раёнах краіны пад уплывам паветраных мас, якія паступаюць з Балтыйскага мора, стане халадней.
Ужо заўтра надвор'е пачне мяняцца. У сераду месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, а раніцай у асобных раёнах будзе слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 10 да плюс 15 градусаў, удзень — 20—27 цяпла, толькі па поўначы краіны чакаецца не вышэй за 18—19 градусаў. У чацвер у некаторых раёнах чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай па поўдні краіны магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе ад 10 да 15 цяпла, удзень — плюс 17—24 градусы, па поўдні краіны паветра прагрэецца ад плюс 25 да плюс 27 градусаў.
Трохі пахаладае ў пятніцу. У гэты дзень умовы надвор'я будзе ў асноўным вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Чакаецца пераважна без ападкаў, толькі днём па захадзе краіны, які будзе знаходзіцца пад уплывам атмасфернага фронту, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі магчымы туман. Уначы стане халадней, і да раніцы тэмпература паветра панізіцца да 6—13 цяпла. Днём чакаецца ад плюс 17 да плюс 24 градусаў, па поўдні краіны паветра прагрэецца да 26 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore