Стаўка рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці Нацыянальнага банка захоўваюцца на бягучым узроўні. Гэта рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 19 верасня, паведамілі БелТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
«Гадавая інфляцыя адпавядае прагнознай дынаміцы. У далейшым рост цэн будзе складвацца блізу ўстаноўленай на 2019—2020 гады мэты ў 5 %. Перашкод для гэтага з боку ўнутранай эканомікі не назіраецца. Пэўныя праінфляцыйныя рызыкі фарміруюцца з боку знешнеэканамічных умоў, якія пагаршаюцца, і ўзросшай нявызначанасці іх далейшага развіцця», — адзначылі ў Нацбанку.
У жніўні прырост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні склаў 5 %. Па выніках 2018 года, інфляцыя чакаецца каля 5,5 % пры мэтавым паказчыку не больш за 6 %.
Унутраны попыт аказвае ўмеранае ўздзеянне на дынаміку цэн. З боку знешняга сектара праглядаецца некаторае ўзмацненне інфляцыйнага ціску, звязанага ў першую чаргу з чаканым паскарэннем інфляцыйных працэсаў у Расіі.
Для стрымлівання інфляцыйнага ціску з боку знешняга сектара і дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі спатрэбіцца захаванне дэзінфляцыйнага характару манетарных умоў.
«Захаванне стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні накіравана на падтрыманне манетарных умоў, якія забяспечваюць знаходжанне інфляцыі блізу мэтавага ўзроўню 5 % у 2019—2020 гадах», — праінфармавалі ў Нацбанку.
Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка па грашова-крэдытнай палітыцы запланавана на 19 снежня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/stauka-refinansavannya