Праект стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі да 2025 года і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі разгледзелі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Прадстаўнікі Мінбудархітэктуры зрабілі справаздачу аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні эфектыўнага функцыянавання галіны.
Прэм'ер-міністр Сяргей Румас адзначыў, што створаныя ў краіне ўмовы дазваляюць выкарыстоўваць новыя пункты росту і адысці ад залежнасці ў бюджэтным фінансаванні будаўнічага комплексу. Прынятыя ўрадам і Нацбанкам меры па стрымліванні інфляцыі пашырылі доступ да рэсурсаў камерцыйных банкаў на досыць камфортных умовах. Кіраўнік урада лічыць, што магчыма больш шырокае выкарыстанне патэнцыялу банкаўскай сістэмы пры будаўніцтве сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры.
Паводле яго слоў, за мінулы час у краіне істотна выраслі вытворчыя магутнасці будаўнічага комплексу — як падрадных прадпрыемстваў, так і арганізацый прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, значна павялічыўся кадравы патэнцыял галіны.
«Аднак, сёння, зыходзячы з прадстаўленых дакументаў, гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна», — мяркуе прэм'ер-міністр.
Пры гэтым Сяргей Румас падкрэсліў, што для ацэнкі эфектыўнасці работы будаўнічай галіны павінны быць абгрунтаваныя крытэрыі. У цэнтры ўвагі застанецца і рашэнне жыллёвага пытання: неабходна забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны жыллём усе шматдзетныя сем'і, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу больш за адзін год.
Прэм'ер нагадаў, што ў 2013 годзе работа будаўнічага комплексу была падрабязна разгледжана на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Усе неабходныя рашэнні прынятыя і рэалізуюцца.
«Разам з тым умовы работы як на знешніх, так і на ўнутраным рынках дынамічна змяняюцца. Гэта ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і будаўнічага комплексу ў прыватнасці. Мы павінны адэкватна і своечасова рэагаваць на гэтыя змены», — падкрэсліў кіраўнік урада.
На пасяджэнні таксама абмяркоўвалася пытанне нарошчвання экспарту будаўнічых паслуг і яго далейшая дыверсіфікацыя. Не абмінулі і тэму выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці рынку авіяцыйных перавозак, павышэння яго прывабнасці для насельніцтва і развіцця транзітнага патэнцыялу краіны
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rumas