Музычны гурт «Варган» выпусціў дэбютны альбом «Зялён явар, дуброва» — 18 песень і інструментальных кампазіцый, якія выконваліся на Полаччыне да знакавых гадавых свят, у тым ліку танцы і нават абрад «Цярэшкі», а дадаткова яшчэ запіс купальскай песні ў аўтэнтычным выкананні вясковай артысткі Алімпіяды Шчарбаковай з Шастова, што пад Полацкам.
«Вясковы свет не быў глухім і шэрым захалусцем, як і людзі не былі сумнымі і заморанымі рабацягамі, бо не працай адзінай жыў чалавек. Нашы продкі ўмелі і любілі весяліцца», — сцвярджаюць «варганцы», прыводзячы ў якасці доказу інструментальную частку альбома, нібы запісаную на танцах на сапраўдных вясковых вячорках: гармонік, скрыпка, цымбалы, бубен, дуда, колавая ліра і ўласна варган, які ў Полацку, між іншым, ведалі і выкарыстоўвалі ажно з ранняга Cярэднявечча. Удзел у запісах «палітры гукаў і эмоцый» інструментальных кампазіцый узялі запрошаныя музыкі — вядомы музычны майстар, дудар і мастак Алесь Лось і цымбалістка Алеся Сівохіна.
Прэзентацыя альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» адбудзецца ў Полацку 6 кастрычніка і ў Мінску — 14-га.
...а «Дразды» ляцяць на малую радзіму
Шоумен, тэлевядучы, блогер і голас папулярнага гурта «Дразды» Віталь Карпанаў выпусціў сольны кліп на песню «Малая радзіма». І хоць сам выканаўца родам з вёскі Сівіца Валожынскага раёна, відэаролік здымаўся на задворках вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.
«Я вясковы хлопец, які з маленства прывучаны да працы, таму вершы, можа быць, атрымаліся не самыя прыгожыя, але праўдзівыя: «Я здесь родился, да, я здесь рос, и может, в сексе я не знаю слишком много поз, но телок я доил, разбрасывал вилами по полю навоз...». У нас жа абвешчаны Год малой радзімы, дык чаму мне не прызнацца ў любові да яе?» — абвяргае Карпанаў абвінавачванні ў кан'юнктуршчыне.
Аўтэнтычны «зрэз» жыцця сельскага хлопца рабілі з дапамогай старой канапы, якую пазычылі ў знаёмых, не менш старых аўто, закінутых карпусоў аднаго сталічнага прадпрыемства, якія «ператварыліся» ў блокі машынна-трактарнай станцыі, і добраахвотную масоўку, знойдзеную сярод падпісчыкаў «Драздоў» у сацыяльных сетках. Выніковы агра-рэп можна ўбачыць на прасторах сеціва або ў эфіры музычных тэлеканалаў.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka