Учора ў кінатэатры Falcon Club Буцік Кіно адбылася другая прэс-канферэнцыя Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Калі на першай дырэкцыя расказала аб дасягненнях і конкурсных праграмах ігравога і дакументальнага кіно, то гэтым разам — пра Нацыянальны конкурс, Індустрыяльную платформу, пазаконкурсныя секцыі і журы.
Самай «гарачай» навіной, без сумненняў, стала тое, што конкурс беларускіх фільмаў гэтым разам аказаўся цалкам падпарадкаваным камісіі Міністэрства культуры, у якую не ўвайшлі прадстаўнікі дырэкцыі «Лістапада». Такім чынам, прапановы дырэкцыі — а гэта цалкам сфарміраваная і адабраная праграма — насілі рэкамендацыйны характар. Па словах каардынатара Нацыянальнага конкурсу Мікалая Лаўранюка, каманда фестывалю разглядае гэта «як эксперымент».
Індустрыяльная платформа гэтым разам будзе праходзіць на пляцоўцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» з 3 да 7 лістапада.
Праграмныя дырэктары Ірына Дзям'янава і Ігар Сукманаў расказалі пра фільмы і імёны, што будуць прадстаўленыя ў пазаконкурсных праграмах. Тут Сяргей Лазніца, Карнэліу Парумбою, рэтраспектыва Аньес Варда, «фільм года» на думку Ігара Сукманава «Наш час» — Карласа Рэйгадаса, пераможца Канскага кінафестывалю «Магазінныя зладзюжкі» Хіракадзу Карэ-эда, цэлая серыя славенскага кіно і шмат-шмат іншага.
25-ы — юбілейны — кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 2 да 9 лістапада пад слоганам «Пазнаючы белы свет» з адсылкай да фільма Кіры Муратавай. Паказы адбудуцца ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Масква», «Беларусь» і Falcon Club Буцік Кіно.
Больш падрабязна пра тое, што было расказана на другой прэс-канферэнцыі кінафоруму, чытайце ў наступным нумары.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/listapad-kinafestyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/kinafestyval-listapad-0