У дарэвалюцыйныя часы вянчанне было адзіным варыянтам для тых, хто хацеў пабрацца шлюбам. Пры гэтым у 1897 годзе паводле перапісу насельніцтва на тысячу жанатых мужчын прыходзіўся толькі адзін разведзены. Паказчык з разраду фантастыкі, улічваючы сучасную статыстыку разводаў (у Беларусі распадаецца кожная другая сям'я). Ці дапамагае сёння царкоўны шлюб зберагчы лад у сям'і? Як мянялася стаўленне да вянчання ў апошнія 20 гадоў? Якіх прынцыпаў прытрымлівацца, калі хочаш пражыць усё жыццё з адным чалавекам?
Лепш менш, ды лепш
— Пік вянчанняў прыйшоўся на першую палову 90-х гадоў. Пасля распаду СССР, дзе атэізм быў замацаваны на дзяржаўным узроўні, людзі масава кінуліся ў царкоўныя шлюбы. Таінства праводзілі без належнай падрыхтоўкі і нават без дакумента з загса. Гэта прывяло да пэўнай блытаніны. Мелі месца сітуацыі, калі людзі былі венчаныя з аднымі, распісаныя з другімі, а жылі з трэцімі. Чаму так? Дзесяцігоддзі афіцыйнай забароны рэлігіі нанеслі адбітак: людзі проста не разумелі сэнсу вянчанняў, — тлумачыць старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы, доктар тэалогіі протаіерэй Сергій Лепін. — З цягам часу духавенства ў царкве стала больш, з'явілася магчымасць рыхтаваць да таінства кожную пару асобна. Пачалі праводзіцца спецыяльныя гутаркі з маладымі. Такі падыход адсеяў тых, хто разглядаў царкоўны шлюб як магчымасць прыгожай фотасесіі і яшчэ адзін «цікавы» пункт вясельнай праграмы. Выбачайце за іронію, але знаходзіліся тыя, хто разважаў прыблізна так: «Можна ў цырк, а можна ў царкву, можна лебедзяў пакарміць, а можна павянчацца. Рамантыка, чо!»
Змяншэнне колькасці вянчанняў у наш час звязана і з абясцэньваннем самога шлюбу як з'явы. Многія цяпер выбіраюць сужыццё. Хоць яно па сваёй сутнасці бывае розным. Адны жывуць разам і лічаць, што яны ў шлюбе, толькі незарэгістраваным. Іншыя ўвогуле не прызнаюць сям'ю як форму адносін паміж людзьмі і даказваюць, што ніхто нікому нічога не павінен. Маўляў, штамп на пачуцці не ўплывае.
— Але, тады ў мяне пытанне: калі не так важна прысутнасць штампа ў пашпарце, то чаму важна яго адсутнасць? Калі моладзь пачынае сустракацца, то пытанні багаслоўя спачатку цікавяць іх менш за ўсё. Праходзіць час і ўзнікае разуменне, што далёка не ўсе праблемы можна вырашыць, абапіраючыся толькі на сваё каханне. Шлюб — гэта якраз адзін з тых сродкаў, што дапамагаюць у сітуацыях, калі пачуцці пачалі прытупляцца. Узаемныя абавязкі і абяцанні перад Богам стрымліваюць людзей ад маральнага разлажэння ды натхняюць у барацьбе за сваю сям'ю ў пераадольванні дэзынтэграцыйных фактараў.
Разам з тым, хапае ў наш час хлопцаў і дзяўчат, якія па-ранейшаму імкнуцца да стварэння традыцыйнай сям'і.
Акрамя таго, нязменным застаецца колькасць вянчанняў пар, якія пражылі доўгі час у зарэгістраваным шлюбе, выгадавалі дзяцей і дачакаліся ўнукаў. Ім царкоўны шлюб даецца складаней, чым маладым парам. Але ўсё адно добра, што на зыходзе зямнога жыцця яны прыходзяць да пэўнага кансэнсусу наконт веры ў Бога і неабходнасці царкоўнага шлюбу.
«У горы і радасці, багацці і беднасці»
Першае пытанне ад Сергія Лепіна да пар, якія хочуць вянчацца: «Навошта?» Адказ, як правіла, ён чуе прыблізна аднолькавы: «Каб шчасце, здароўе, багацце былі, дзеткі нарадзіліся». Следам другое пытанне: «А што калі ўсяго гэтага не будзе? Застанецца паміж вамі што-небудзь?» Большасць маладых адказаць не гатовыя.
Святары не стамляюцца паўтараць: вянчанне — не панацэя ад грахоў ці разводу. Так, царкоўны шлюб заахвочвае чалавека быць лепшым, дае сілы і імпэт, каб справіцца са спакусамі. Стварае ўмовы, у якіх будзе прасцей застацца разам, чым разысціся. Але толькі тады, калі чалавек сам прыкладае для гэтага намаганні.
— З хрысціянскага пункту гледжання галоўная мэта сям'і нават не нараджэнне дзяцей і не вырашэнне матэрыяльнага пытання, а менавіта выратаванне душы. Людзі аб'ядноўваюцца, каб разам змагацца з грахамі і слабасцямі. У шлюбе можна не здабыць грошай, а толькі згубіць іх. І могуць не з'явіцца дзеці. Але калі вы ажаніліся, дык, будзьце ласкавыя, штодня працаваць над сабой разам са сваёй паловай. Таінства шлюбу для хрысціян асэнсоўваецца толькі ў адносінах да Хрыста і Царквы. Таму царкоўныя саюзы хрысціяніна з нехрысціянінам немагчымыя ўвогуле, паколькі яны не прадугледжваюць стварэнне сям'і як маленькай царквы, дзе будзе праслаўляцца імя Божае і яго запаветы. Аднак у Беларусі вянчанні паміж праваслаўнымі і каталікамі не рэдкасць. Праўда, з пэўнай умовай ад царквы: дзеці павінны быць хрышчаныя ў праваслаўі.
Нават ідэальны на старце шлюб — рэч кволая. Што тады казаць пра тыя адносіны, якія з самага пачатку азмрочваюць адрозненні рэлігійных поглядаў. Іх значнасць з цягам часу становіцца толькі большай. Асабліва калі да гэтага падключаюцца цешчы, свякрові ды іншыя цёткі-дзядзькі. Напрыклад, у спрэчках дзе вянчацца, дзе хрысціць дзяцей: у царкве альбо касцёле... Гэта толькі здаецца, што шлюб — асабістая справа дваіх. Не, насамрэч гэта пытанне грамадскае, бо ў выніку шлюбу аб'ядноўваюцца цэлыя роды. Аднак мы маем шмат станоўчых прыкладаў змешаных шлюбаў і адмоўных — не змешаных.
Кропка незвароту
Не так даўно на слыху з'явілася новае слова «развянчанне». Многія па няведанні пачалі ўспрымаць яго як антонім да вянчання і сінонім да разводу. Але не ўсё так проста. У епархію прыходзяць пары, якія ўжо даўно не жывуць разам і нават паспелі завесці іншыя сем'і. У іх узнікае жаданне абвянчацца зноў. Вось яны і ўспамінаюць, што калісьці ўжо давалі абяцанне ў вернасці іншаму чалавеку перад Богам. Аднак далёка не кожны можа атрымаць бласлаўленне на паўторны шлюб. Ёсць у народзе красамоўная прымаўка на гэты конт: «Першая жонка ад Бога, другая — ад людзей, трэцяя — ад чорта».
— Царква можа толькі звесці, «развенчваннямі» яна ніколі не займалася. Вянчанне ўяўляе сабой таінства з адпаведным чынапаследаваннем (спалучэннем малітваў, дзеянняў і песняпенняў), і аніякага чыну «развянчання» не існуе, — тлумачыць Сергій Лепін. — Людзі не могуць развесці тое, што аб'яднаў Гасподзь! Але часам муж і жонка ствараюць сітуацыі, калі разам жыць немагчыма. Напрыклад, калі адзін з сужэнцаў адмовіўся ад Хрыста, здрадзіў сваёй палавінцы, рабіў замах на яе ці дзяцей жыццё і здароўе. Аборт, які жанчына зрабіла без ведама мужа, невылечныя захворванні, што з'явіліся ў выніку распуснага ладу жыцця, — таксама верагодныя прычыны для разыходу. Тут адзінае, што можа зрабіць царква — засведчыць, што шлюб спыніў сваё існаванне. Яго няма! Не таму, што духавенства яго анулявала, а таму што людзі самі яго знішчылі. Царква ў такіх абставінах толькі выдае нешта падобнае на пасведчанне аб смерці — але не людзям, а іх пэўным адносінам.
Ад нуды да грахоў — адзін крок
Настаяцель храма іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых» горада Лунінца протаіерэй Сергій Крышталь падзяліўся мясцовай статыстыкай: за паўгода ён абвянчаў усяго дзве пары.
— Нельга адназначна сказаць, добра гэта ці дрэнна. Сілком маладых у царкву не пагоніш, ды і навошта? Калі ты хрысціянін і імкнешся да праведнага жыцця, то, безумоўна, сам прыйдзеш вянчацца. А калі да веры ты ўсё жыццё быў абыякавы, у царкву не ходзіш, то сапраўды няма чаго станавіцца пад вянец. Да таго ж царква не асуджае шлюбы, якія зарэгістраваныя толькі ў загсе. Магчыма, гэта ваш варыянт.
Вянчанне разумее пад сабой стварэнне сям'і як малой царквы. Дзе муж — сімвал Хрыста, жонка — сімвал Царквы. Царква захоўвае вернасць Хрысту, яна вядзе дзяцей да яго. Галава сям'і — гэта, перш за ўсё, маральны аўтарытэт. Ён ведае, як дапамагчы, абараніць і скіраваць у правільны бок. Так павінна быць у ідэале. Зразумела, на практыцы бывае зусім наадварот. Колькі навокал прыкладаў, калі жанчына ўзвальвае на свае плечы мужчынскія абавязкі і цягне лямку за дваіх.
— Кажуць, быццам цяпер іншыя часы насталі. Многія апраўдваюць сваю распуснасць тым, што «зараз усе такія, сам свет дыктуе новыя ўмовы». А я не згаджуся. Непрыручаныя страсці кожнага асобна ўзятага чалавека і жаданне іх прыкрыць — вось сапраўдная прычына распаду сем'яў. Апостал Павел сказаў: «Усё мне дазволена, але не ўсе на карысць». Трэба разумець, што свабода — вялікі дар, але трэба ўмець правільна ёй распарадзіцца.
У протаіерэя нярэдка пытаюцца: «Чаму тады нашы бабулі і дзядулі, якія жаніліся ў савецкі час і не вянчаліся, жылі шчасліва і для іх пытанне разводу нават не паўставала?» А хто іх выхоўваў? Тыя, чые жыццёвыя каштоўнасці складваліся яшчэ ў дарэвалюцыйны час. Сёння ж мы якраз бачым вынікі сямідзесяцігадовага атэізму. А да ХХ стагоддзя так мала разводаў было, бо народ працаваў ад ранку да ночы ў прамым сэнсе. Святыя Айцы кажуць: «Калі ў чалавека рукі не занятыя працай, то галава будзе занятая дурнымі думкамі». Цяпер працуем мы менш, грошай маем больш, вось і пачынаем спакушацца ад нуды, — тлумачыць бацюшка. — У хрысціянстве шмат увагі аддаюць паняццю цнатлівасці. Яно азначае не толькі нявіннасць у плане фізічных адносін паміж мужчынам і жанчынай (хоць гэта таксама вельмі важна). Стараславянскае слова «целомудрие» літаральна тлумачыцца як цэласны погляд на свет. Калі яго няма, мы ад адных мэт і ідэй пераскокваем на іншыя. У такім выпадку нам не пазбегнуць бессэнсоўных хістанняў і растрачвання жыцця на пустое. Пра якую тады сям'ю можа ісці гаворка?
Як не памыліцца?
Адна з частых прычын, з якой сучасная моладзь адмаўляецца ад вянчання, — няўпэўненасць у сваім выбары.
— Нічога страшнага ў сумненнях няма, гэта нармальна. Увогуле, упэўненым можна быць толькі ў Божай волі. У Кнізе прарока Ісаі сказана: «Сын мой, нават калі маці забудзе цябе, я ніколі цябе не забуду». А вось у 115 псалме, які чытаем перад прычасцем, знаходзім: «Усякі чалавек — падман». Гэта не азначае, што нельга нікому давяраць. Можна і безумоўна трэба! Але пры гэтым разумеючы, што людзі не ідэальныя. Калі мы моцна і шчыра кахаем чалавека, то гатовыя пераадолець любыя боязі і сумненні. Жаданне звязаць сваё жыццё з іншым — гэта заўсёды рызыка, — лічыць Сергій Крышталь. — Вялікія праблемы ў сямейным жыцці бываюць тады, калі побач з вамі чалавек, які «дазваляе сябе кахаць», а сам не кахае. Такія адносіны нездаровыя, рана ці позна іх чакае правал. Тут і сам вымучышся, і дзеці будуць бачыць скажоную мадэль адносін. Хочацца пажадаць усім знайсці таго, хто разгледзіць у вас асобу, якую пакахае і з якой адважыцца пайсці пад вянец.
Ганна КУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta