Вершы, музыка, фірменны гумар наўпрост з Аўцюкоў, сустрэча з героямі дзіцячых часопісаў і знакамітымі землякамі, наведванне тры ў адным кніжнай, маляванай і фотавыстаўкі — усё гэта абяцаюць гасцям арганізатары літаратурнага вечара «Дзялюся крыламі». Гэтая імпрэза, зладжаная да 40-гадовага юбілею пісьменніка Уладзіміра Ліпскага на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка», пройдзе ў сталічным Тэатры юнага гледача 10 студзеня 2019 года.
У праграме творчага вечара — вершы аўтара ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, рэжысёра і артыста Валерыя Анісенкі, пісьменнікаў Анатоля Зэкава і Васіля Дранько-Майсюка, папулярнага спевака Івана Буслая, пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» і іншых цікавых персон. Акрамя таго, павіншаваць любімага пісьменніка прыедуць госці з розных куткоў краіны: чытачы дзіцячых часопісаў «Вясёлка» і «Буся», сябры — народныя гумарысты з Аўцюкоў, акцёры батлеечнага тэатра бібліятэкі імя Васіля Віткі, якія «ажывяць» урыўкі з розных кніг Уладзіміра Ліпскага. Акрамя таго, госці імпрэзы змогуць ацаніць выстаўку фатографа і відэографа Дзмітрыя Сапсая, выстаўку малюнкаў да новага рамана Уладзіміра Ліпскага «Цар», што рыхтуецца да выдання, набыць кнігі і часопісы «Вясёлка», «Буся» і «Домік» — і адразу атрымаць аўтограф пісьменніка.
Білеты на літаратурны вечар «Дзялюся крыламі» ўжо можна заказаць у касах тэатра.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-lipski
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolka
[5] https://zviazda.by/be/tags/chasopis
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura