Вясёлы, дасціпны, па-беларуску вельмі прыязны звярок — такім бачыцца талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў беларускай сталіцы будучым летам. Ім стала лісяня па мянушцы Лесік. Творчы калектыў, які працаваў над канцэпцыяй талісмана, намагаўся ўвасобіць у гэты вобраз энергію, актыўнасць, жыццярадаснасць, якія заўсёды ідуць і ад спартыўных відовішчаў, і ад беларускага характару, і, нарэшце, характэрныя гэтаму хітраватаму, кемліваму, але і даверліваму жыхару нашых лясных ускраін, герою шматлікіх народных казак і паданняў.
Народ спрадвеку ставіўся з павагай да рыжай драпежніцы — лісы. Нават на гербе беларускага Мсціслава ўвекавечана гэтая «асоба». А некалькі гадоў таму ў названым райцэнтры з'явіўся і помнік герою герба. Трэба ведаць, што ліса як заўсёдная прадстаўніца беларускай фаўны — незаменнае звяно ў экалагічным ланцужку. Дзякуючы вялікім спартыўным баталіям, якія будуць транслявацца на ўвесь еўрапейскі кантынент, Беларусь будуць адкрываць як прыгожую краіну з велічнай прыродай, з цікавым жывёльным светам, краіну, якая клапоціцца не толькі пра свой спартыўны імідж, а і пра сваю экалагічную бяспеку.
Мне не аднойчы даводзілася назіраць і здымаць лісянят у дзікай прыродзе. Патомства ў лісіных пар з'яўляецца ў сярэдзіне красавіка — пачатку мая. Прыблізна праз месяц лісяняты выходзяць з нары, знаёмяцца з навакольным светам. Гэта яшчэ маленькія пухнатыя калабкі з мутнымі вочкамі. Пакуль іх матуля палюе за птушкамі і мышамі, «немаўляты» грэюцца на сонейку. Дзень за днём яны ператвараюцца ў спрытных, дапытлівых лісянят, падобных на Лесіка. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня, падросшы і пераадолеўшы страх, «Лесікі» вандруюць вакол сваёй тэрыторыі і набываюць першы жыццёвы вопыт — выжывання, перанясення нягод, змагання за існаванне. Ім дапамагаюць выключны нюх, слых і зрок. А яшчэ сіла волі і моц, як у сапраўдных спартсменаў.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Фота «Лесіка» зрабіў Андрэй САЗОНАЎ падчас прэзентацыі талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019