Падводзім вынікі нашай фінальнай у адыходзячым годзе экалагічнай апытанкі. Гэтым разам мы вырашылі крыху адысці ад звычнага фармату і прапанавалі чытачам інтэрактыўны тэст. [4]
У першым заданні мы папрасілі расставіць у прыярытэтным парадку варыянты абыходжання з адходамі так, каб паменшыць іх колькасць. Прыемна, што большасць тых, хто прагаласаваў, выбрала радок, дзе прыярытэтнасць дзеянняў была пералічана правільна. Гэта зрабілі 52 %. Правільны пералік выглядае так: адмаўляцца ад непатрэбнага; паўторна выкарыстоўваць; перапрацоўваць; кампаставаць; спальваць; захоўваць. Праўда, трыццаць працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за паслядоўнасць, дзе першым пунктам было пазначана спальванне.
Датычна аб'ёму перапрацоўваемага смецця большасць рэспандэнтаў таксама выказалася за правільны варыянт. Так, 68 % апытаных адказалі, што ў Беларусі перапрацоўваецца каля 18 % адходаў. Праўда, 22 % абралі песімістычны адказ — яны палічылі, што аб'ём рэцыклінгу ў краіне не перавышае трох працэнтаў. Іх аказалася меней, чым аптымістаў — кожны дзясяты галасаваў за тое, што ў нас на перапрацоўку адпраўляецца каля 90 % смецця. Што ж, будзем упэўнены, што ў не вельмі далёкай перспектыве так і будзе.
Рэспандэнты таксама парадавалі сваёй экалагічнай адказнасцю. Напрыклад, мы прапанавалі змадэляваць наступную сітуацыю, якая мела месца быць. Мінакі ішлі і ўбачылі, што смецце згружаюць з розных кантэйнераў у адну машыну. Што рабіць? Тры чвэрці апытаных заявілі, што яны патэлефануюць па нумары 115 і паведамяць пра тое, што адбываецца. Яшчэ чвэрць абрала кампрамісны варыянт — працягваць сартаваць, але хай камунальныя службы разбіраюцца самі. Адметна, што ніхто не апусціў рукі і не перастаў займацца разборам адходаў.
А вось маркетынг, шчыра кажучы, згуляў на 100 %. Толькі 42 % апытаных пагадзіліся з меркаваннем эколагаў, што папяровыя кубачкі для кавы не з'яўляюцца больш экалагічнымі за пластыкавыя.
Наступнае пытанне аказалася куды цяжэйшым. Мы прапаноўвалі выбраць з многіх варыянтаў адказу віды смецця, якое можна перапрацаваць у нашай краіне. Безумоўнага пераможцы тут няма. Але 40 працэнтаў тых, хто прагаласаваў, выбралі правільны пералік: металічныя бутэлькі ад газіроўкі; тэтрапакі; пакеты ад макароны і круп; пластыкавыя бутэлькі ад малака; бутэлькі ад мыйных сродкаў.
А вось на пытанні аб тым, куды падзець сапсаваную лямпачку, большасць апытаных якраз і «пракалолася». Яе можна выкінуць у кантэйнер для звычайнага смецця. А амаль палова прагаласавала за тое, што для гэтага спатрэбіцца спецыяльны кантэйнер для небяспечных адходаў. Але гэта ж не люмінесцэнтная лямпа, якая ўтрымлівае пары ртуці.
Хочацца асобна спыніцца на пытанні, прысвечаным іншаму абыходжанню з адходамі, апрача перапрацоўкі. Тут галасы раздзяліліся. 40 працэнтаў чытачоў лічаць, што ў нас яшчэ адходы кампастуюць. Яшчэ ж столькі лічаць, што іх не кампастуюць, не спальваюць для атрымання паліва і не робяць з іх гаручае ўвогуле. І менавіта яны маюць рацыю.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] http://zviazda.by/be/news/20181219/1545244412-ekalagichny-test
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne